Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
Юлька пераапранулася і пайшла памыць рукі. На акне стаяў папяровы пакет. Дзяўчына зазірнула ў яго і здзівілася.
— Юзэфова! Навошта вы паставілі цукар у ваннай?
— Які цукар?
— Ну, там стаіць пакецік з цукровай пудрай.
Старая прысунулася.
— А і праўда. Але гэта, відаць, пані прынесла. Бо хто яшчэ?
— Навошта б пані прыносіла?
— Ну дык дома заўсёды можа спатрэбіцца.
Юлька накрыла на стол і патэлефанавала Аліцыі. Адказаў судовы служка і заявіў, што пані пракурор ужо выйшла, нейкіх хвілін дваццаць таму.
Ледзь не ў той жа момант Юлька пачула, што дзверы адчыняюцца.
— Аля, гэта ты?
— Я.
— Выдатна! Можна падаваць абед?
— Натуральна.
За сталом яны сядзелі адна насупраць адной, і Юлька расказвала, што сёння было ў гімназіі.
— Ты нейкая бледная, Аля, — са спачуваннем заўважыла дзяўчына. — Можа, ты дрэнна сябе адчуваеш?
— Не, я проста крыху стамілася.
— Гэта ты паставіла цукар у ваннай?
— Цукар? — заружавелася Аліцыя. — А, так… так. Я купіла сабе для гарбаты.
— Пудру?
— Менавіта, мне памылкова далі пудру. Зрэшты, ці не ўсё роўна? Скажы, ці выклікалі цябе сёння на лацінскай мове?
— Ну дык я ж хвіліну назад табе гаварыла!
— А, так, так. Я сёння крыху рассеяная. У мяне было вельмі стомнае пасяджэнне.
— Гэта справа бандыта з Мазавецкай?
— Так. Пажыццёвае зняволенне.
Аліцыя ўстала і, забраўшы партфель, перайшла ў свой пакой. У яе было яшчэ шмат працы па падрыхтоўцы да заўтрашняга абвінавачвання ў справе пра распаўсюджванне наркотыкаў супраць Яна Вінклера, уладальніка начнога клуба «Аргенціна».
Адвакат качаўся на сваім амерыканскім крэсле і маўчаў.
— Такім чынам, — парушыў цішыню Друцкі, — як вы ацэньваеце шанцы за і супраць?
— Калі б абвінавачвала не гэтая чортава баба, я верыў бы ў апраўдальны прысуд, а так… Ну, скажам з пэўнай доляй аптымізму, шанцы роўныя.
Адвакат Колдынгер не надта падабаўся Друцкаму. Магчыма, ён і сапраўды быў такі спрытны, якім яго прадставіў Залкінд, магчыма, у зале суда ён бы здолеў здабыць з сябе энергію, зараз жа ён рабіў уражанне апатычнага і прыбітага чалавека, што надзвычай раздражняла.
— Скажыце мне, адвакат, адно: калі вынесуць абвінаваўчы прысуд, мяне арыштуюць адразу?
— Не думаю. Залог высокі, вы ўладальнік вялікага паспяховага прадпрыемства, ніхто, хіба, не будзе баяцца вашых уцёкаў. Хоць, з іншага боку, калі пракурор будзе вельмі настойваць…
Друцкі ўстаў.
— Да пабачэння. А якой трэба быць у судзе?
— А дзясятай. Да пабачэння. І не хвалюйцеся. Зробім усё, што будзе ў нашых сілах.
Друцкі, збягаючы па лесвіцы, шаптаў пракляцці. Добра яго гэты адвакат уладкуе. Цяльпук. Нібыта і прафесіянал, а нічога не ведае. Сказаў бы проста: уцякай, бо справа прайграная, альбо: плюй на ўсё, апраўданне табе гарантавана. Было б вядома, як сябе паводзіць.
Друцкі ўжо не шкадаваў, што выпусціў з рук Цяржаўскага, і свайго велікадушша ў адносінах да Казі, якую ён выслаў у Крыніцу з умовай, што на працягу года яна не пакажацца ў Варшаве.
«Чорт з імі!»
Яму ўспомнілася Люба, таму ён пайшоў да Тоні.
Ён правёў у яе ноч і без пятнаццаці дзесяць быў ужо ў судзе. Яго настрой узняўся настолькі, што ён весела спытаўся ў кур’ера, дзе тут месца для галоўнай асобы.
Пасяджэнне прызначылі ў невялікай зале, таму яна хутка да краёў запоўнілася публікай: некалькі мужчын і каля сотні жанчын. Люба, Тэця, жонка генерала Далінскага, кветачніца Дося, графіня Халаноўска, балерына Ерэсуўна, дачка старшыні Цэліньскага, пакаёўка з «Брысталя», сястра капельмайстра з аперэты, рыжавалосая манікюрка ад цырульніка… Гэта ўсё кліенткі «Аргенціны» або яго асабістыя, а часта і тое, і другое ў адной асобе, або такія, хто б хацеў спалучаць гэтыя дзве перавагі.
Друцкі няспешна гутарыў з адвакатам Колдынгерам, якога сёння было не пазнаць. Рухавы, вясёлы, дасціпны, ён дзяліўся са сваім падапечным пікантнымі заўвагамі наконт публікі.
— Вам шанцуе на жанчын, — казаў ён. — Шкада, што ўсё зайшло так далёка, што і абвінаваўца — жанчына.
— Праўда! — прыпамінаў Друцкі. — Што за іронія лёсу! Абвінавачваць мяне будзе гэта прыгожая бландзінка! Падпракурор Аліцыя Горн.
Пачуўся званок, і працяглы пранізлівы голас судовага служкі паведаміў:
— Устаць! Суд ідзе!
Прысутныя з шумам усталі, і з-за дзвярэй, што знаходзіліся за зялёным сталом, паказаліся постаці трох старшых паноў у тогах і малой чапурыстай сакратаркі ў вялікіх рагавых акулярах.
У той жа час з бакавых дзвярэй увайшла Аліцыя Горн, высокая, зграбная, з цудоўнымі палаючымі вачыма, напалову закрытымі неверагодна доўгімі вейкамі, з пухлымі пачуццёвымі вуснамі, якіх Друцкі так прагнуў.