Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
Я разгубілася, я ўвогуле не зразумела, што ён хоча з плястырамі зрабіць. У мяне ў галаве з вар’яцкай хуткасьцю праносіліся думкі, я шукала, што адказаць.
„Эээ, калі ласка“, — пасьля некаторага замяшаньня адказала я, бо вырашыла, што гэты адказ самы ўнівэрсальны, што б ён там ні меў на ўвазе.Дзяўчаты ацанілі гэтую сытуацыю і рагаталі.
Празь нейкі час я заўважыла, што калі хачу пра нешта сказаць людзям за дзьвярыма, то стараюся максымальна спрасьціць зварот, літаральна да аднаго-двух словаў.
Мы мелі шмат дробных пакетаў ад перадачак, і сам сабой завёўся пакет з пакетамі: мы сартавалі сьмецьце, дзякуй цудоўным дзяўчатам. Асобна зьбіралі пакеты, бутэлькі і накрыўкі ад іх. І ў апошні дзень вырашылі пазбавіцца большай часткі бутэлек, і каб скласьці іх у пакет і вынесьці, пачалі таптаць. Адразу ж нарысаваўся дзяжурны: „Вы што, бутэлькі топчаце?“
Я пачала тлумачыць пра сартаваньне і забруджваньне плянэты ў пары сказаў. Ён выслухаў і сказаў: „А па-нармальнаму?“
З часам я навучылася адрозьніваць зьмены і дзяжурных, нават па галасах некаторых (асабліва гоблінаў). Яны ішлі па калідоры і адзін другому казаў, а той яму адказваў: „Гніда!“ — „Ты!“ — „Гніда!“ — „Ты!“ — „Гніда!“ — „Ты!“.
Адзін „прадольны“, невысокага росту, у кепцы/масцы, вельмі ўважліва заўсёды глядзеў у вочка. Я старалася ніколі не глядзець у адказ. Але аднойчы я стаяла побач зь дзьвярыма і паглядзела ў вочка ў адказ. Я паглядзела чалавеку глыбока ў вочы, і мяне гэта ўразіла.
Датуль я ўжо думала над сваім лістом гэтым людзям і не магла рашыцца яго напісаць. Думка пра яго прыйшла мне ноччу, вельмі шумнай і цяжкай, калі гобліны не давалі нікому спаць.
Дзяжурныя ў Жодзіне самі вызначалі нас як палітычных. Часам яны размаўлялі між сабой, што, маўляў, гэтыя вось ня кончаныя ж. (Вось ужо лексыкі панабралася.) Я часта думала пра іх, разважала. І зразумела, што гэта людзі з зусім іншай рэальнасьці. Яны нядрэнныя ў цэлым, магчыма, у сваёй сыстэме каардынатаў яны добрыя — нармальныя работнікі, узорныя бацькі і мужы, сьвядомыя грамадзяне.
Былі сярод іх адэкватныя. Напрыклад, дзяжурны, які творча падышоў да раздачы перадачаў, у нядзелю перад сваёй перазьменкай звадзіў нас у душ. А потым прыйшоў з праверкай (дзьве зьмены былі разам) і сказаў: „Добрай раніцы яшчэ раз“, чым выклікаў насьмешку ад другой зьмены: „Ахахах, ну ты і ўляпіў“, і недаўменьне з майго боку. Што тут сьмешнага?
Менавіта ён выпускаў мяне і менавіта гэтаму чалавеку патрапіў у рукі мой ліст. Я вырашыла: аддам тым, хто будзе выпускаць. Нават і не аддам, а пакіну дзяўчатам, што выходзяць пазьней, няхай перададуць дзяжурным праз гадзіну пасьля майго выхаду.
Я паклала яго ў капэрту з маркай і падпісала алоўкам, каб капэрту можна было выкарыстаць яшчэ раз: „Тым, хто знаходзіцца з адваротнага боку мэталічных дзьвярэй“.
У лісьце я напісала наступнае (каротка перадаю сэнс, як памятаю):
„Ваша праца — тэст на чалавечнасьць. І няхай мы з вамі апынуліся па розныя бакі мэталічных дзьвярэй, у сутнасьці, мы — частка аднаго цэлага. Кожны чалавек, нават самы жахлівы злачынца, варты людзкіх адносінаў. Мы кожны здаем гэты тэст на сваім месцы і рана ці позна будзем даваць адказ.
Вам складана, у вас ёсьць улада. Улада нават можа пазбавіць чалавека фізычнага жыцьця, але вы НІКОЛІ ня зможаце пазбавіць чалавека ўнутранай свабоды.
Я ўдзячная за кожны добры рух, кожную праяву людзкага абыходжаньня, хоць дзіўна дзякаваць за тое, што павінна быць натуральным.
Думка высьпявае, і да пункту прыняцьця рашэньняў трэба дарасьці, бо кожнае рашэньне — гэта і адказнасьць за ўсе наступствы, якія гэтае рашэньне пацягне за сабой.
Прыніжаючы іншага чалавека, вы, у першую чаргу, прыніжаеце сябе.
Зь верай у чалавечнасьць,
ЧД“.
Буду ідэалісткай. Шчасьлівыя ідыёты — самыя свабодныя людзі, менавіта злосьць і нянавісьць нас зьвязваюць і робяць рабамі. Буду верыць, што ўсё не дарэмна.
„Усім раю Гюго «Адрынутыя»“
Уладзімер, сьвятар, Гомель:
У пятніцу, 18 верасьня, мяне выклікалі ў Савецкі РАУС „для гутаркі“. Адтуль пад канвоем адвезьлі ў суд, а далей — у ІЧУ.
Мы з жонкай стараемся ў жыцьці трымацца прынцыпу „Спадзявайся на лепшае, але рыхтуйся да горшага“ (сьмяецца). Першы раз незразумела, што з сабой браць. Узяў пару трантаў, кнігу, напісаў бацьку, каб ён прынёс Гюго. Усім, хто рыхтуецца да сутак, раю Гюго „Адрынутыя“. Яшчэ, калі хтосьці ня ведае, як рыхтавацца да новай Беларусі, як Беларусь гэтую перажыць, — Салжаніцына „Архіпэляг Гулаг“, ну і Шаламава „Калымскія сшыткі“, Уладзімера Букоўскага „І вяртаецца вецер“. Цяпер трэба думаць яшчэ і пра адзеньне — лепш бяз кніжкі быць, але ў цяпле. Там вельмі холадна, коўдры даволі тонкія.