Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
Пасьля сьняданку ўмыліся. Я вырашыла заняцца прыбіраньнем. Мела старыя легінсы, якія мне перадалі сярод рэчаў. Паколькі ў камэры не было нічога для прыбіраньня, акрамя адной чорнай пальчаткі, я вырашыла разарваць штаны напалам: адну частку выкарыстаць для мыцьця туалету, другую — для камэры. Яшчэ, пакуль у нас былі лыжкі, я зрабіла пакет мыльнай стружкі, якую разводзіла ў вадзе для мыцьця.
Праз пару дзён нам далі разьведзеную хлёрку, але мыльную стружку мы выкарыстоўвалі наступным чынам: у бутэльку з вадой кідалі пару стружак і збоўтвалі. Атрымлівалася мыльная духмяная вада, якой мы абмывалі туалет пасьля выкарыстаньня, бо пасьля адкрыцьця вінта вадой усё не змывалася.
З размовы: „У нас тут такі змыў вінтажны“. — „Так, ад слова вінт“.
Яшчэ каб не было паху з туалету, пасьля кожнага выкарыстаньня праціралі падлогу вакол вільготнай сурвэткай, і гэта нас ратавала.
Мы навялі парадак, і камэра стала нашай.
Пасьля вячэры нам аддалі перадачы. У нашай камэры атрымалі ўсе, нават тыя, хто не чакаў. Усяго была аграмадная колькасьць, і мы зрабілі рэарганізацыю паліц — частку пад ежу, адна пад бібліятэку, адна пад касмэтычныя сродкі. У нас стаяў вялізны стос туалетнай паперы, некалькі пакетаў са сродкамі гігіены, печывам, сушанінамі і арэхамі. Мне перадалі нават згушчанку і сала з часныком.
Але самым важным і дарагім былі „пасхалачкі“ — цыдулкі з волі, напісаныя ў кнігах паміж радкоў, абведзеныя літары ў сканвордах, надпісы на туалетнай паперы і яшчэ лісты ў розных патаемных месцах, якія я ня буду абнародаваць, каб і іншыя людзі маглі перадаць сваім дарагім пасланьні такім чынам. Для мяне ўвогуле змаглі схаваць даўжэзны ліст, які мяне падтрымліваў да наступнага.
Гэта надзіва цёпла і радасна — вось так чытаць кнігу, а потым раптам выяўляць лёгка напісаную алоўкам цыдулку паміж радкоў. Там гэта вельмі дарагое і важнае.
На другі дзень у Жодзіне мы зноў пачалі прасіць душ і прагулянку — з надзеяй, што нам дазволяць нешта адно. Дзяжурныя параілі зьвярнуцца да начальніка, Андрэя Міхайлавіча Лагуна.
Пасьля перазьменкі дзяўчаты сталі яго клікаць. Нехта падышоў да камэры. Сказаў, што намесьнік. Як мы потым даведаліся, гэта быў сам маёр Лагун А. М., начальнік ІЧУ. Сталі прасіць адвесьці нас у душ і на прагулянку. Ён сказаў фразу, якая стала крылатай: „Гэээта пакараньне“. Паўтараць трэба строгім голасам і з максымальна суворым тварам.
Карацей, ён нам паведаў, што душ „паложан“ раз на тыдзень. І ўвогуле, чаго мы патрабуем? „Гэээта пакараньне!“.
Празь нейкі час ён зноў да нас зазірнуў і сказаў, што праз 15 хвілін адвядзе ў душ. Мы пачалі зьбірацца. Праз хвіліну нам сталі адчыняць дзьверы, мы ледзь пасьпелі сабрацца.
Душ, як выявілася, быў вельмі блізка ад нашай камэры. Каб нас туды адвесьці, сабраліся некалькі супрацоўнікаў. Лагун, а потым мы выкрасьлілі зь ягонага прозьвішча літару „а“, сказаў, што праз 10 хвілін (норма 15) мы павінны быць ужо адзетыя, інакш ён без папярэджаньня адчыніць дзьверы.
Мы вельмі хутка справіліся, і калі маёр адчыніў дзьверы, ужо былі гатовыя. Ён сказаў зь лёгкім зьдзекам нешта на тэму радасьці ад простых рэчаў. Нас адвялі назад.
Калі мяне выпускалі, „прадольны“ адрываў адну частку ад рахунку за харчаваньне. Імя/прозьвішча там упісваліся ад рукі. Почырк таго, хто ўпісваў, быў ня вельмі зразумелы. І ён такі пытаецца: „Как у тебя фамилия? Чечло?“ — „Чечло?“. Мой рогат чулі на ўсіх паверхах турмы, напэўна.
Дачыненьні з тымі, хто знаходзіўся па той бок мэталічных дзьвярэй, былі складанымі. Былі тры розныя зьмены. Дзьве больш-менш, трэцюю мы празвалі гоблінамі, бо яны, як толькі пасьля адбою выключалі сьвятло ў камэрах, пачыналі гучна размаўляць, сьмяяцца, моцна грукаць мэталічнымі дзьвярыма і кратамі, крычаць адзін аднаму, будучы ў розных канцах калідору. Адну ноч яны прымалі новапрыбылых людзей, і гэта было жахліва, шумна, груба.
Я ніколі ня думала, што пасьля школы мне давядзецца чуць такія жарты — я іх называю „за трыста“, ці тое, як размаўляюць матам. Мат — ён таксама розны бывае, і ў турме ён быў жахлівы.
Я мела пакет з плястырамі, які мне перадалі ў перадачы. Такое не даюць у камэру, і ён ляжаў на адмысловай паліцы-выступе звонку дзьвярэй. Аднойчы адзін з „прадольных“ пасьля таго, як сабралі посуд, паказаў у кармушку гэты пакет, і спытаў, чый ён. Тут трэба заўважыць, што іншы раз з намі размаўлялі праз кармушку — у гэтай камунікацыі не відаць твару таго, хто кажа, а толькі яго сярэднюю частку. Нават калі прыгнуцца.
„Чый?“ — „Мой“, — адказваю, прыгнуўшыся. — „Я піз…ну два?“.