Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
„Ня могуць працаваць у школе“
— Я мама траіх дарослых дзяцей. Мой унук праз два гады пойдзе ў школу. І я хачу, каб яго вучылі сумленныя настаўнікі. Я лічу, што тыя настаўнікі, якія сябе заплямілі ўдзелам у гэтых выбарах, яны ня могуць працаваць у школе. У іх было ўжо два тыдні. Яны маглі сказаць гэта ананімна, як яны фальсыфікавалі, як іх прымушалі. Калі ў іх ёсьць сумленьне, ёсьць годнасьць, яны маглі гэта зрабіць. Ну а старшыні камісій, яны паводле крымінальных артыкулаў пойдуць. А тым настаўнікам, якія не фальсыфікавалі, нізкі паклон ад нас, бацькоў. Гэта справа выбару кожнага. Яны змаглі не падпісаць, нехта змог пайсьці на бальнічны, нехта змог проста не пагадзіцца ўдзельнічаць у гэтай камісіі. Усё залежыць ад чалавека.
„Як можна нас увогуле забраць?“
— Калі шчыра, я не баюся. У мяне бацька вайсковец, падпалкоўнік, і я не ўяўляю, як тыя ж вайскоўцы могуць пайсьці… вы паглядзіце, гэта ж жанчыны, выкладчыцы, настаўніцы… мы ўсе прыйшлі зь мірам. Як можна нас увогуле забраць? Гэта проста страта вайсковай годнасьці.
„Самае страшнае яны ўжо зрабілі“
— Сілавікі не палохаюць, бо самае страшнае, што яны маглі зрабіць, яны ўжо зрабілі. Далей няма куды. Гэта (паказвае на аўтазакі) ужо проста сьмешна. Людзі ўжо перасталі баяцца, і спадзяюся, што настаўнікі таксама ўсё больш і больш будуць пераадольваць свой страх і ня толькі ў Менску, але і паўсюль.
„Калегі сталі казаць праўду“
— Прыйшла падтрымаць сваіх калег. Я ўжо пэнсіянэрка. Падтрымаць, таму што малайцы. Сталі казаць праўду, і на іх, вядома, пачаліся ганеньні з боку ўлады. Так не павінна быць, але я думаю, што і ўлада гэтая хутка здасца. Яна ня зможа кіраваць сумленнымі людзьмі. А нас стала вельмі шмат. Што значыць звольніць? Нас і так мала. Я ведаю спэцыялістаў майго прадмету, фізыкі, вельмі мала. Тым больш, якасных настаўнікаў. Таму мне вельмі шкада, што тых настаўнікаў, якія зьяўляюцца найлепшымі, будуць звальняць. А вось тое, што павінен быў прадэманстраваць міністар… Ён увогуле павінен быў сказаць: прабачце, дарагія, я за вас буду стаяць гарой. А калі не атрымаецца, я сыду разам з вамі. Сумленны чалавек зрабіў бы так. А ён ня выйшаў.
„Вера — тое, дзеля чаго паміраюць. Ідэалёгія — тое, дзеля чаго забіваюць“
— Тоні Бэн, брытанскі палітычны дзеяч, гэта яго фраза (паказвае плякат). Увогуле ў канстытуцыі ў нас дэмакратыя, якой мы на справе, вядома, не адчуваем. У тым ліку там напісана, што ніякая рэлігійная, палітычная партыя ня мае права навязваць сваю ідэалёгію. На жаль, дэмакратыі не існуе ў нашай краіне. Хто будзе вучыць людзей? Тыя, хто прытрымліваецца яго ідэалёгіі? Гэта будуць амонаўцы? Што можа даць такі чалавек, як наш у двукосьсях прэзыдэнт? Кожнае яго слова — гэта ганьба для краіны. Кожнае яго выступленьне. Я ня ведаю, як прамываюць ім (паказвае на аўтазакі з амонаўцамі) мазгі на службе, гэта страшна, што адукацыя аказваецца ў нашай краіне слабейшая за прамыўку мазгоў.
„Што ўяўляе сабой гэтая ідэалёгія?“
— У першую чаргу я таксама настаўніца, вось мая альма матэр (паказвае на пэдунівэрсытэт). І я прыйшла сюды запытацца: а што ж уяўляе сабой ідэалёгія нашай дзяржавы? Калі ён лічыць ідэалёгіяй менавіта тое, што людзі падманваюць адзін аднаго, тое, што рука руку мые, тое, што гэтага трэба ўзброіць і на людзей з кветкамі весьці… Настаўнікі, яны павінны быць свабоднымі і яны павінны пашыраць погляды людзей, дзяцей. Асноўная мэта настаўніцкая якая? Менавіта тое, што яны павінны разьвіваць гарманічную асобу. Чыноўнікі хочуць утрымацца на двух крэслах, ні таму боку, ні гэтаму. А вы бачыце, якія вучні ў іх (паказвае на аўтазакі). Вось яны, вучні нашага міністэрства адукацыі.
„Якая ідэалёгія ў інфарматыцы“
— Я прыйшоў падтрымаць сябе як настаўніка і ўсіх маіх калег. Я працую ў 53-й менскай школе, настаўнік інфарматыкі. У першую чаргу трэба заставацца сумленным перад сабой. Калі за гэта не змагацца, калі не пра гэта казаць, тады пра што? І якая можа быць ідэалёгія ў інфарматыцы?
„Іншай ідэалёгіі, на жаль, ня бачу“
— Прыйшла падтрымаць сябе, бо я настаўніца. Я ня ведаю, што маецца на ўвазе пад ідэалёгіяй, вось той, якая ёсьць. Калі гэта зьбіцьцё, фальсыфікацыі, гвалт, — гэта не ідэалёгія. І я ніколі не вучыла гэтаму і ня буду вучыць, нават калі мяне звольняць за гэта. Іншай ідэалёгіі я ў гэтай дзяржаве, на жаль, ня бачу. Я выкладаю гісторыю.
„Мы што, ваюем, страляем, сьмецім?“
— Я адпрацавала 37 гадоў у школе, цяпер на пэнсіі. Мы ўсё жыцьцё сеялі разумнае, добрае, вечнае. І выконвалі дзяржаўную замову. Але калі дзяржаўная замова не супадае зь лёзунгам настаўніка пра разумнае, добрае, вечнае, як можна працаваць? Калі ў мяне ёсьць нейкае сваё асаблівае меркаваньне, яно павінна быць, я магу выйсьці і яго выказаць. Так і робяць усе сумленныя настаўнікі. А то што за пагрозы: мы іх звольнім, хто быў на мітынгу. Гэта ж няправільна. Мітынг — гэта спосаб выказаць сваё меркаваньне. Чаму мітынг незаконны? Калі людзі хочуць выйсьці, чаму ім ня даць гэтай магчымасьці? Мы што, ваюем? Мы што, страляем? Буянім? Сьмецім? Чаму на нас выставілі вадамёты? Такога не было пры ўсіх уладах, якія я перажыла. Няма павагі да чалавека.