Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Абмеркаваньне на рэдкалегіі адбывалася ўвогуле дабражадана, некаторыя члены рэдкалегіі выказваліся нават залішне апалягетычна (Генадзь Бураўкін, сакратар ЦК камсамола Арсен Ваніцкі). Праўда, былі і такія, што глыбакадумна прамаўчалі, хоць тое пасьля ня шкодзіла ім сьцьвярджаць, быццам яны галасавалі супроць. Нехта сказаў, што гэта ўжо не аповесьць, а паўнакроўны раман. Але такога азначэньня жанру я пазьбягаў, мяне задавальняла і аповесьць. Пімен Емяльянавіч не хваліў, хаця і ня ганіў, толькі на самым пачатку сказаў, як пра штось вырашанае: пасаду Сахно трэба зьмяніць. Тое мне ня дужа падабалася, бо такая папраўка шмат што мяняла ў сыстэме ідэяў. Але я зразумеў, і пасьля нядоўгай нарады мы вырашылі ня ўказваць ягонай пасады наогул. Проста — афіцэр штабу. Разумны здагадаецца, а дурню няма чаго ўсё да драбніц разжоўваць.
Аповесьць друкавалася ў двух нумарах «Маладосці», даволі хутка паявіліся і рэцэнзіі на яе[2]. Рэцэнзэнты зьвярталі галоўную ўвагу на франтавыя рэаліі, дэталі вайны і гераізм яе радавых удзельнікаў. Пра «афіцэра штабу» Сахно імкнуліся ня надта пісаць, і я супакоіўся. Нават зьявілася такое адчуваньне, што галоўнай ідэі твору могуць не зразумець, і я ня ведаў, як аднесьціся да таго.
49. Нарада ў «Юности»
Улетку мяне запрасілі ў Маскву на нараду, наладжаную рэдкалегіяй «Юности» і прысьвечаную абмеркаваньню яе маладой прозы. Справа ў тым, што партыйнае кіраўніцтва было незадаволенае некаторымі публікацыямі маладых аўтараў, найперш Анатоля Гладзіліна і Васіля Аксёнава. Перад тым быў зьменены галоўны рэдактар часопісу, — замест В. Катаева прыйшоў Б. Палявой. На нараду зь Сярэдняй Азіі прыехаў Анатоль Ананьеў, які ўжо надрукаваў расхвалены крытыкай ваенны раман «Танкі ідуць ромбам», галоўны герой якога надта ж напамінаў Мікіту Сяргеевіча Хрушчова. Мы з Анатолем былі аднагодкі, на фронце абодва ваявалі ў саракапятках, ён быў цяжка паранены. Пасяліўшыся ў адным гатэлі на Замаскварэччы, цэлы вечар правялі ў гутарцы пра вайну ды літаратуру і выявілі, здавалася, агульны падыход да творчасьці маладых. Я меркаваў, што заўтра мы падтрымаем маладую прозу «Юности», і ў гэтым накірунку рыхтаваўся да выступленьня. Таму дзіўнавата было пачуць уранку, як Ананьеў адразу пачаў з нападак на Гладзіліна, Аксёнава і яшчэ некаторых. Вядома, я выступіў у іх абарону, але тады яшчэ болей зьдзівіў мяне Б. Палявой, які ў заключным выступе падтрымаў не мяне, а Ананьева за яго «нелицеприятную критику». Зрэшты, Ананьева я неўзабаве зразумеў — калі ён з свае Сярэдняй Азіі перабраўся ў Маскву на пасаду намесьніка рэдактара аднаго аўтарытэтнага часопісу.
Недзе тою парой ці, можа, трохі раней у Маскву прыяжджаў амэрыканскі пісьменьнік, аўтар знакамітых «Гронак гневу» Джон Стэйнбек, які завітаў у «Юность» і дужа горача падтрымаў маладых. «Ня бойцеся быць злымі, маладыя ваўчаняты», — скончыў гэты масьціты празаік, зьвяртаючыся да Еўтушэнкі, Гладзіліна, Аксёнава, Вазьнясенскага ды некаторых іншых. У ЦК, казалі, падняўся вялікі скандал, і болей амэрыканскаму маэстру візу ў Савецкі Саюз не далі. Магчыма, аднак, ён яе і не прасіў.
2
Першая была надрукавана ў «ЛіМе», аўтарам яе стаўся крытык Васіль Буран. (Зноска аўтара.)