Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Алексіевіч: Я і цяпер пішу новую кнігу «Час second-hand. Канец чырвонага чалавека», і там таксама будзе пра людзей, якія сыходзяць з жыцьця ці то ад бездапаможнасьці ці з пратэсту. Я да таго, што сказала Жанна, магу дадаць тры, як мне падаецца, галоўныя прычыны самагубстваў у Беларусі ў наш час.
Ня трэба забываць, што мы жывем на парэштках імпэрыі. Тая рэзэрвацыя, у якой мы жывем, не дае такую стабільную карціну сьвету, якую даваў сацыялізм. Сацыялізм — гэта не такая простая ідэя, у ім была мэтафізыка, ён прапаноўваў сэнс жыцьця. Гэта была амаль ваенная сытуацыя. Ні ў воднай экстрэмальнай сытуацыі чалавек не канчае з сабой, ён мабілізуецца, у яго ёсьць мэта.
Пасьля развалу імпэрыі мэты зьніклі, раздрабіліся. Зьявіліся мэты, зусім не зьвязаныя з нашай гісторыяй — назапашваньне, спажываньне. Гэта зусім новыя выклікі і спакусы, няма на што мэнтальна абаперціся. У мяне ў кнізе ў адной гераіні маці памерла не ад старасьці, а ад таго, што не хацела жыць пры капіталізме. Страта сэнсу жыцьця: усё, што ззаду — дарма, усё, што наперадзе — абсалютна незразумела.
Другая рэч — чалавек сышоў з барыкады. Людзі нават гэта не ўсьведамлялі, але яны былі як патроны ў патранташы. Цяпер яны выкінутыя, выкінутыя ў сям’ю, выкінутыя да другога чалавека. Гэта таксама бездань. Але наша культура ня вучыць, як жыць з другім чалавекам. Патрапіць пад уладу іншага чалавека можа быць яшчэ страшней, чым на вайне. Мы ж вар’яты, мы ўвесь час жылі недзе: на вайне, у Чарнобылі, у ідэі, мужчыны ўвесь час былі як бы ня дома. Да гэтых выклікаў людзі таксама не гатовыя. Ён вярнуўся дадому і ня ведае, што там рабіць.
І трэцяя прычына — гэта новае жыцьцё. Яго хацелі, але меркавалі, што гэта будзе такі прыгожы эўрапейскі супэрмаркет. А аказаліся, што сусед уладкаваўся, а я — не. І асабліва пацярпелі мужчыны. Жанчына хапаецца за дзіця, за інстынкт. А мужчына — ён паляўнічы, ён павінен прыносіць здабычу ў дом. А ён пасьля камунізму, дый наагул славянскі мужчына — гэта чалавек, якому прасьцей устаць у шыхт і загінуць у агульным шыхце, чым прызнацца, што сусед уладкаваўся, а я — не, і сказаць, што гэта я вінаваты.
Дракахруст: Сп-ня Сьвятлана, вы ўжо раней адказалі на першую частку майго пытаньня — пра прычыны скачку ўзроўню самагубстваў у 90-я, але ў чым прычыны зьніжэньня гэтага ўзроўню ў апошнія гады? Ці яно сапраўды тлумачыцца тымі адміністрацыйнымі мерамі ўліку, пра якія казаў сп. Ігар? Ці гэта аб’ектыўны працэс, бо зьніжэньне паказчыка самагубстваў назіраецца і ў суседзяў Беларусі — у Літве, ва Ўкраіне, у Расеі. У Літве ён усё роўна самы высокі ў сьвеце, але ён ніжэйшы, чым быў 10 гадоў таму. Можа, гэта вынік працэсу адаптацыі, прывыканьня грамадзтва да новай рэчаіснасьці?
Алексіевіч: Прычына — у стоме. У людзей быў шок, калі гэтая сцэмэнтаваная канструкцыя разьляцелася і чалавек апынуўся ў пяску і парэштках. Зьявіліся хуткія багатыя і хуткія бедныя, да гэтага трэба было прызвычаіцца, і працэс прывыканьня быў вельмі цяжкі. Што да алькагалізму, то гэта традыцыя, але гэта і сьледзтва ўсіх гэтых працэсаў. Калі кажуць «алькагалізм», то нібыта закрываюць праблему. А там шмат прычынаў — і наша слабасьць, і бясьсільле людзей. І людзі зразумелі, што ім трэба прыстасоўвацца да новага жыцьця. Старыя людзі яшчэ больш пастарэлі, усё ж 20 гадоў прайшло, і ўжо Бог займаецца тым, колькі гадоў ім засталося.
А ў моладзі завышаная самаацэнка і завышаныя патрабаваньні да жыцьця. Я думаю. што праз гадоў 10–20 у нас наўрад ці нешта моцна памяняецца і ў нас ізноў будзе скачок самагубстваў, бо іх надзеі ня спраўдзяцца.
Я часам думаю, калі гляджу БТ і чытаю газэты, што гэта ўсыпленьне, гэта наркотык моцнай прэзыдэнцкай аўтарытарнай улады. І чалавек уваходзіць у змову з гэтай уладай, як чалавек уваходзіць у змову са сваёй хваробай. Ён пачынае паддавацца шаманству гэтай ўлады: у нас усё кепска, але ў нас усё добра. Задзейнічаны фактар сацыялізму, які ў нас яшчэ 20 гадоў працаваў і які сьведчыць пра тое, што ў сацыялізму быў патэнцыял — гэта дало вынікі. Чалавек умее прыстасоўвацца. На шчасьце.
Дракахруст: Сп-ня Жанна, а як бы Вы патлумачылі гэтую траекторыю: даволі памяркоўнае значэньне паказчыка самагубстваў у 80-х, рэзкі скачок у 90-х і павольнае зьніжэньне ў апошнія гады?
Міцкевіч: Я хачу дадаць да таго, што гаварылі. Этнічны характар у гэтай праблеме ўсё ж назіраецца. У Грузіі, Армэніі і Азербайджане паказчык самагубстваў — 2 чалавекі ў год на 100 тысяч насельніцтва. Мужчына нясе адказнасьць за сваю сям’ю. Што тычыцца беларусаў, то выхаваныя ў большасьці жанчынай, вырасьлі слабыя мужчыны, якія ня могуць пастаяць ня толькі за сябе, але і за сваю сям’ю. І ў выніку гэты чалавек, які апынуўся ў пэрыяд 90-х перад новым жыцьцём, які не знаходзіў сабе месца, быў слабы. Гэты самы мужчына слабы і цяпер. Ён выйшаў на пэнсію — ён ня ведае, што рабіць. Ён прыйшоў з войска — ён ня ведае, што рабіць. І таму шмат жанчын, што прыходзяць да нас, кажуць — муж не працуе, я працую.