Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Я зразумела, што ў Беларусі дагэтуль жыве савецкі чалавек. Мы пра гэта заўсёды гаворым са знакам мінус. Але ў яго было шмат перавагаў. Я мяркую, што менавіта гэта, плюс наша сялянская мэнтальнасьць, адыгралі сваю ролю. Быў гэты савецкі чалавек, які мог ахвяраваць сабой дзеля іншага чалавека. Мог і прасядзець у куточку, нічога не зрабіўшы для іншага, але мог зрабіць і тое, што нашы людзі і прадэманстравалі.
Мы дарма сьпяшаемся разьвітвацца з нашымі каштоўнасьцямі, якія напрацаваныя. Людзі ня выжывуць паасобку, трэба адчуваць сябе адзінай нацыяй, адным народам.
Там былі факты, якія ўражвалі. Калі жанчына выклікала таксі, казала, што ў яе дзіця не адказвае на тэлефон. І таксіст яе падвёз і ня ўзяў грошай. Гэта тое, што нам трэба шанаваць у сабе.
Гэтыя сілавыя прыёмы, якія ўжывае ўлада, яны вельмі небясьпечныя тым, што замест аднаго народу стане два. Падчас такіх падзеяў бачна, што людзі — гэта ня тое, што пра іх кажа і ўлада, і апазыцыя. Гэта выдатныя савецкія людзі, якіх я люблю.
Дракахруст: Аднак вы ў свой час пісалі, што нам трэба пераадолець нашу культуру сьмерці, наша ўменьне паміраць і няўменьне проста жыць і радавацца жыцьцю. Але такія сытуацыі гавораць пра тое, што забываць гэты досьвед проста не атрымліваецца.
Алексіевіч: Проста ў сучасным сьвеце мяжа паміж вайной і мірам сьцёртая.
Тэрарызм цалкам разбурае традыцыйны вобраз сьвету. Я была ў Ізраілі, дык там людзі жывуць на антыдэпрэсантах. Увесь час. Калі ты толькі ўпусьціш страх у сябе — ты прапаў, табе трэба зьяжджаць. Інакш ты ня вытрымаеш. Такі цяперашні час, і нам нікуды ад гэтага не падзецца. Немагчыма жыць асобнай выспай, хай мы нават паставім кулямёты і ракеты ўздоўж мяжы.
І гэтыя якасьці нашага народу — здольнасьць выжываць, згуртаванасьць, мужнасьць жыць, на жаль, яны зноў патрэбныя.
Сьвет ня робіцца лепшым, як мы рамантычна верылі 20 гадоў таму, у часы перабудовы. Таго сьвету не атрымалася і ў пэўным сэнсе мы да гэтага гатовыя.
У мяне ў новай кнізе будзе расповед маці, дачка якой стала інвалідам пасьля тэракту ў маскоўскім мэтро. І яна казала — я вельмі старалася не азлобіцца, але ў мяне гэта не атрымалася.
Я сама бачыла ў маскоўскім двары, як дзеці гуляюць у тэрарыстаў. І ўсе з ахвотай хочуць быць тэрарыстамі, ніхто — ахвярамі. Гэтая гульня ў тэрарыстаў стала часткай нашага жыцьця.
У нашым сьвеце на зьмену гуманітарнаму чалавеку зьяўляецца чалавек палітычны. Усё гуманітарнае даверана царкве, якая спраўляецца з гэтым не найлепшым чынам, а займаецца дрэс-кодамі, гомасэксуалістамі і немаведама чым яшчэ. Чалавек палітычны і рацыянальны ня выжыве ў сучасным сьвеце, выжыве толькі гуманітарны чалавек. І атамізаваны чалавек ня выжыве.
З таго нашага жыцьця, якое мы пакінулі ў мінулым, нам трэба сёе-тое і ўзяць у дарогу. Я не кажу, што сталінскія лягеры — гэта добра. Але калі вы ўвесь час жывяце, як на вайне, то ўзьнікае пачуцьцё чалавечага братэрства, суседзтва — і яго ня трэба страчваць дзеля «мэрсэдэса» і паездкі на Канары. Свабода аказалася больш складанай, чым мы думалі.
7 чэрвеня 2011
Юры Дракахруст, Прага
Чаму беларусы не пратэстуюць супраць зьбядненьня і жорсткіх палітычных рэпрэсіяў? Ці рэвалюцыянізавалі грамадзтва эканамічны крызіс і судовыя працэсы ў справе 19 сьнежня? Ці набліжаюць сёньняшнія ахвяры час пераменаў? Па гэтых пытаньнях у «Праскім акцэнце» вядуць спрэчку пісьменьнікі Сьвятлана Алексіевіч і Сяргей Дубавец і намесьніца старшыні «Маладога Фронту» Наста Палажанка.
Дракахруст: У замежных публікацыях пра цяперашні беларускі крызіс — як заходніх, гэтак і расейскіх — увесь час выказваецца пэўнае неразуменьне: ну як беларусы ўсё гэта церпяць, калі ж ужо выкажуць свой публічны пратэст? А яны ўсё не выказваюць і не выказваюць, аддаючы перавагу або цярпеньню, або ўцёкам — паводле апошніх дадзеных цяпер істотна павялічыўся паток працоўных мігрантаў у Расею. А чаму? Запалоханыя? Ці можа, як лічаць некаторыя, беларусаў на пратэст падымае нацыянальная ідэя, а ня страўнік?
Дубавец: Запалоханыя — гэта адно. Нічым не аб’яднаныя — гэта другое. А трэцяе — тое, што пагаршэньне іх матэрыяльнага стану не фатальнае. Спытайце ў большасьці, скажуць, што мы нармальна жывём, у палітыку ня лезем, ёсьць пэўныя цяжкасьці, але бывала і нашмат горш. Мне часам здаецца, што ўлада наўмысна зладзіла гэты крызіс, каб запабегчы пратэстныя настроі.
Дракахруст: Беларускія дасьледчыкі кажуць пра існаваньне своеасаблівага сацыяльнага кантракту: улада абавязалася падтрымліваць пэўны ўзровень жыцьця насельніцтва, насельніцтва ўзамен абавязалася дэманстраваць палітычную ляяльнасьць і ня лезьці з палітыку. Цяпер адзін бок — улада — свае абавязкі па кантракце не выконвае. Чаму другі бок працягвае выконваць свае?