Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Соўсь: У гэтыя дні ў сталіцы Нямеччыны адбываецца прэм’ера фільму «Невядомая жанчына з Бэрліну». Паводле крытыкаў, гэта новы погляд на вызваліцеляў і тых, каго вызвалялі. Уражаньнямі ад фільму дзеліцца экспэрт у галіне мэдыяў Эдыт Шпільхаген, якая шэсьць гадоў працавала ў адукацыйным цэнтры IBB у Менску, вяла праекты, прысьвечаныя ў тым ліку і гісторыі другой сусьветнай вайны:
«Я зь вялікай цікавасьцю паглядзела фільм «Невядомая жанчына з Бэрліну», прысьвечаны апошнім дням вайны. Фільм пра тое, як нямецкая жанчына прыходзіць да савецкага маёра, які служыць у камэндатуры ў Бэрліне, і распавядае, што савецкія салдаты згвалтавалі яе, а таксама іншых жанчын. Аднак фільм ставіць больш шырокія пытаньні. Што шукалі немцы ў СССР у часе Другой сусьветнай вайны? Чаму яны ішлі ў гэтую краіну? Фільм дае адказ: рэакцыя маладых савецкіх салдат была досыць лягічнай, калі яны прыйшлі ў Бэрлін і ўзгадалі, што рабілі фашысты зь іхнымі сем’ямі. Фільм атрымаўся вельмі гуманістычны і, мяркую, будзе ўспрыняты ня толькі немцамі. Асноўная задача яго ў тым, каб вайна больш ніколі не паўтарылася».
Соўсь: Сьвятлана, калі б Вы цяпер узяліся за дакумэнтальную прозу пра Другую сусьветную вайну, якіх бы герояў абралі? Які б быў цяперашні погляд на тую вайну? Ці зьмяніўся ён з часоў напісаньня кнігі «У вайны не жаночае аблічча»?
Алексіевіч: Два гады таму я зрабіла новую рэдакцыю гэтай кнігі, аднавіла выразанае цэнзурай, самацэнзурай (я таксама была чалавекам свайго часу). І шматлікія мае гераіні, сыходзячы, пакідалі мне свае лісты, успаміны. Час спрыяў адкрыцьцю праўды. Але вось тэма каханьня, сэксу была найбольшым табу. Гэта адзіная тэма, на якую я не магла разгаварыць сваіх гераінь. А яшчэ гадоў дзесяць таму мы зь нямецкім рэжысэрам Хельгай Зандэр рабілі фільм «Вызваліцелі і вызваленыя» на тэму прыходу савецкіх войскаў і абыходжаньня зь нямецкімі жанчынамі. Я выбрала тады найбольш цікавых, вальнадумных сваіх гераінь і хацела, каб яны расказалі ёй тое, чаго яны не расказалі мне. Памятаю, як мы былі ў Валянціны Чудаевай, камандзіра зэнітнай гарматы, яна рабіла пельмені, накрыла стол. Хельга задавала ёй пытаньні: «Скажыце, калі ласка, ну як маглі вашы мужчыны ўстрымацца? Ці можна спыніць чалавека на вайне?» — «Не, жанчыны трымаліся. На лініі Сталіна быў загад, і жанчыны яго строга трымаліся». І скончылася тым, што Хельга ўпала на стол і заплакала і нават закрычала: «Я прыйшла да вас, як сястра. Я хацела з вамі пагаварыць пра сьвет мужчын, які навязвае нам свае законы. Празь пяцьдзясят гадоў трэба казаць ужо пра вар’яцтва, а не пра перамогу». Але жанчыны маўчалі. Усё гэта я дадала ў кнігу. І думаю, што сёньня я б дадала якіх-небудзь экзістэнцыйных рэчаў, распрацоўваючы тэму вайны-вар’яцтва. Але жаночая псыхіка такая, што яна і ў тыя часы намацала нейкія такія мацерыкі пачуцьцяў, якія ўсё ж вытрымалі выпрабаваньне часам. Але я вельмі люблю гэтую кнігу і ня думаю, што я б сёньня ў ёй шмат што зьмяніла.
Соўсь: Пытаньні Сьвятлане Алексіевіч задаюць і слухачы «Свабоды» праз наш тэлефон аўтаадказьнік.
Антон зь Менску: Паважаная Сьвятлана, а што б Вы зрабілі з бацькамі-п’яніцамі? І ці дапамогуць тут працоўныя лягеры, як тое прапануе зрабіць Лукашэнка?
Соўсь: А я дадам, што ўчора Аляксандар Лукашэнка заявіў, што неабходна стварыць у кожнай вобласьці працоўныя лягеры для нядбайных бацькоў, якія ня хочуць сплачваць дзяржаве выдаткі на ўтрыманьне дзяцей. Спадарыня Сьвятлана, як бы Вы адказалі на гэтае пытаньне?
Алексіевіч: Гэта жах, таму што слова «лягер». Мая бабуля, украінка (у мяне маці ўкраінка, бацька — беларус), калі мы размаўлялі пра 1937 год, вельмі добра сказала: «Гэты мех трэба толькі разьвязаць, і тады яго ўжо не завяжаш, дух назад не загоніш». Я думаю, што гэта вельмі страшна і лягічна для аўтарытарнай улады — прыйсьці да нейкай мадыфікацыі лягераў. Мы ўсё далей адыходзім ад спробы грамадзянскай супольнасьці. Чарнобыльскіх дзяцей ужо не пускаюць за мяжу, грамадзянскія ініцыятывы ўсе прыдушаныя жалезнай рукой дзяржавы. І ўвогуле, трэба, каб эўрапейскія краіны давалі грошы, а ён вырашаў, як імі распарадзіцца: ці лягеры для п’яніц будаваць, ці лядовыя палацы. Гэта кажа толькі пра бездапаможнасьць улады. А ўвогуле, уладу крытыкую я, вы на радыё Свабода, інтэлігентныя людзі. А народ жа маўчыць! І мы слухаем самае прымітыўнае ўяўленьне пра тое, як павінна быць наладжана жыцьцё. Асабіста я адчуваю пачуцьцё паразы.