Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе

Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды — XXI стагодзьдзе» выйшла кніга «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Пад адной вокладкай сабраныя матэрыялы, якія больш чым паўтара дзесяцігодзьдзя гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
1 ... 78 79 80 81 82 83 84 85 86 ... 189
Перейти на страницу:

Дакумэнтальныя фільмы паводле кнігі «Чарнобыльская малітва» зьнятыя рэжысэрамі Нямеччыны, Францыі, Швэцыі, Японіі ды іншых краін. Багата стужак атрымлівалі ўзнагароды, але такой высокай намінацыі, як «Дзьверы», ніводная яшчэ ня мела. На пытаньне, ці паедзе пісьменьніца 7 сакавіка на цырымонію ўручэньня «Оскара», спадарыня Алексіевіч сказала: «Ня ведаю. Пакуль мяне ніхто не запрашаў».

«Нянавісьцю мы нічога не народзім»

24 сьнежня 2010

Ганна Соўсь

Госьця «Начной Свабоды» — пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, якая напісала адкрыты ліст да кіраўніка Беларусі, дзе зьвяртаецца да яго як выбаршчыца і як пісьменьніца. Увечары 19 сьнежня некалькі дзясяткаў тысяч людзей выйшлі на вуліцы Менску і рушылі да Дому ўраду,дзе былі брутальна зьбітыя спэцпадразьдзяленьнямі міліцыі. Сотні людзей былі затрыманыя, у тым ліку — і большасьць кандыдатаў у прэзыдэнты.

Соўсь: У гэтыя дні прагучала шмат гучных заяваў з асуджэньнем гвалту супраць удзельнікаў пасьлявыбарчых пратэстаў, заяваў зь непрызнаньнем вынікаў выбараў. Ваш адкрыты ліст адрозьніваецца ад большасьці лістоў. Вы наўпрост не патрабуеце вызваленьня вязьняў, не заклікаеце стаць на шлях дэмакратыі і павагі да правоў чалавека. Вы разважаеце і задаяце пытаньні Аляксандру Лукашэнку як пісьменьніца і як выбаршчыца. Скажыце, калі ласка, чаму Вы абралі такі шлях? Ці Вы лічыце, што мова заяваў, асуджэньняў, заклікаў у выпадку зь беларускім кіраўніком не спрацуе? Ці спрацуе такі разважлівы, філязофскі ліст?

Алексіевіч: Ніводзін чалавек сёньня ня можа спакойна чакаць Калядаў, калі нашы сябры сёньня недзе ў камэрах і мы, напрыклад, нічога ня ведаем пра Валодзю Някляева. Хто можа застацца ў баку ад гэтага? Мы задыхаемся ад той нянавісьці, якой захлынуўся наш эфір, мы нічога ня знойдзем у той нянавісьці. І я як пісьменьніца не магла сабе дазволіць з шабляй кідацца чарговы раз. Мне здаецца, трэба, каб мы ўсе апамяталіся і пачалі гаварыць чалавечай мовай. З уладай трэба размаўляць. Там таксама ёсьць людзі, калісьці ж нехта пераканаў Ельцына выпусьціць з турмы ўсіх яго палітычных непрыяцеляў. Нехта знайшоў нейкія словы да яго. Нам трэба гэтыя словы шукаць. Мы нічога нянавісьцю не народзім. Мы толькі расколем сваю краіну.

Соўсь: У лісьце Лукашэнку вы параўноўваеце цяперашнія падзеі ў Беларусі з 30-мі сталінскімі гадамі. Я цытую: «Яшчэ трохі, і пачнуцца паказальныя працэсы. Навучаны натоўп будзе крычаць: «Укрыжуй яго!» Былыя паплечнікі і сябры стануць здраднікамі, студэнты будуць выдаваць сваіх прафэсараў, а прафэсары будуць выдаваць сваіх студэнтаў. Настаўнікі сваіх вучняў».

Ці глядзелі Вы хаця б фрагмэнтарна прэсавую канфэрэнцыю Лукашэнкі на другі дзень пасьля выбараў? Я кажу не пра выступ кіраўніка Беларусі, а пра твары ў залі і пра рэакцыю чыноўнікаў на ягоны словы. Міністар аховы здароўя ўсьміхаецца, калі Лукашэнка зьдзекліва гаворыць пра стан здароўя зьбітага Ўладзімера Някляева. Як пісьменьніцы Вам цікавыя гэтыя людзі, якія ствараюць сьвіту Аляксандра Лукашэнкі, якія забясьпечваюць яму ўладу? Ці Вы хацелі б напісаць пра іх? Ці хацелі б пранікнуць у іх галовы?

Алексіевіч: Я слухала гэтую прэс-канфэрэнцыю. І мне было сорамна. Сорамна і за тых, хто сядзеў у зале і слухаў гэта, мне было сорамна за прэзыдэнта. Як пісьменьніца я хацела б ведаць, якім чынам людзі не разумеюць, што робяць. Бо ёсьць гісторыя, ад яе нікуды не падзецца. У іх жа растуць дзеці. Усім вядомыя гэтыя імёны. Я была разгубленая перад тым, што ў нас няма пачуцьця ўласнай годнасьці, перад тым, наколькі слабая чалавечая прырода. Гэта было непрыемнае відовішча.

«У сучасным сьвеце выжыве толькі гуманітарны чалавек»

14 красавіка 2011

Юры Дракахруст, Прага

11 красавіка на станцыі «Кастрычніцкая» Менскага мэтрапалітэну адбыўся тэракт, у выніку якога 15 чалавек загінулі і больш за 200 былі параненыя. Свой погляд на сэнс і наступствы тэрарыстычнага выбуху мы папрасілі выкласьці пісьменьніцу Сьвятлану Алексіевіч.

Дракахруст: На ваш погляд, якія высновы вынікаюць з таго, што і ў Беларусь прыйшоў сапраўдны тэрарызм?

Алексіевіч: Мы цяпер можам сказаць, што мы таксама не змаглі адседзецца на прызьбе. У адной з найлепшых аповесьцяў Быкава «Знак бяды» герой думае, што пераседзіць вайну на хутары. А канчаецца тым, што вайна яго зацягвае і ён гіне разам зь сям’ёй. Так і тут: гэтыя парадак і стабільнасьць, пра якія мы так шмат гаварылі, пра якія наша ўлада гаварыла, ня могуць супрацьстаяць глябальнаму сьвету, у якім нешта адбываецца з чалавекам. Страчаны сэнс жыцьця, каханьня, працы. Чалавек застаўся ў пустаце, ні з чым, твар у твар са сьмерцю.

1 ... 78 79 80 81 82 83 84 85 86 ... 189
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)