Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
У маскоўскім выдавецтве «Время», якому пісьменьніца перадала правы на выданьне яе кніг на расейскай мове, выйшлі чатыры тамы з заплянаванага сямітомніка твораў («У вайны не жаночае аблічча», «Апошнія сьведкі», «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва»). Цяпер яна піша новую кнігу «Час second-hand. Канец чырвонага чалавека». Гэта кніга пра апошнія 20 гадоў нашага жыцьця, якія былі вельмі складаныя для самой Сьвятланы, складаныя для ўсіх беларусаў.
Алексіевіч: «Складаныя гады не таму, што канфлікт з уладай, канфлікт, часам, і з маімі героямі, якія таксама ва ўладзе свайго часу, ва ўладзе нейкіх маніпуляцый… Мы ўсе безабаронныя перад сваім часам, перад краінай. Я думаю, кожны з нас у адзіноце прайшоў гэты шлях. Таму што ніколі не было яшчэ такога шляху — ад сацыялізму да капіталізму. Я асабіста была да гэтага не гатовая. А ў Беларусі, у параўнаньні з той самай Расеяй, іншымі краінамі, як бы запаволеныя гэтыя працэсы пераходу ў капіталізм, у рынак. У нас такі «аўтарытарны сацыялізм», калі ёсьць такая разнавіднасьць».
Новая кніга Сьвятланы Алексіевіч складаецца зь некалькіх частак: пра што гаварылі на кухнях у 1987—1997 гадах — 10 гісторый у чырвоным інтэр’еры; хоры з вулічнага шуму 1997—2007 гадоў — 10 гісторый без інтэр’еру. Яна сама ў роспачы:
Алексіевіч: «Я вяду цягам ужо 30 гадоў вось гэтую «хроніку чырвонай цывілізацыі» — пішу пра тое нашае жыцьцё, якое называлася сацыялізмам. Але мы, нягледзячы на тое, што езьдзім на іншых аўтамабілях, носім імпартныя, кітайскія і італьянскія шмоткі, пакуль яшчэ застаемся савецкімі. Мы пакуль яшчэ з зусім іншага часу, які не супадае зь цяперашнім часам. І кожнаму з нас трэба прайсьці яшчэ гэты нялёгкі шлях».
У плянах пісьменьніцы — дапісаць кнігу пра каханьне, завяршыць працу над кнігай «Канец чырвонага чалавека». А сёмая кніга будзе пра старасьць. Яна верыць ў лепшае:
Алексіевіч: «Улада будзе такой, якой будзем мы. Улада — наша адлюстраваньне. Уладу трэба нікому не аддаваць. Яе трэба браць цывільным шляхам. Яе трэба адстойваць кожнаму з вас. Трэба змагацца на прасторы сваёй асобы, сябе трэба мяняць. І гэта адзіны шлях: мы будзем новыя, і жыцьцё будзе новае. Вось пра гэта я і пішу».
15 верасьня 2009
Юры Дракахруст, Прага
Чаму ў Беларусі такі высокі паказьнік самагубстваў? Як ён мяняўся ў апошнія дзесяцігодзьдзі? Чаму за гэты час назіраўся істотны рост самагубстваў сярод мужчын? Як абумоўліваюць схільнасьць да самагубстваў культурныя і рэлігійныя асаблівасьці? Над гэтымі пытаньнямі ў «Праскім акцэнце» разважаюць пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, псыхіятар Менскага гарадзкога псыханэўралягічнага дыспансэру Ігар Сарокін і псыхоляг Менскага гарадзкога Цэнтру сям’і і дзяцей Жанна Міцкевіч.
Дракахруст: 27,5 выпадкаў на сто тысяч насельніцтва — такім быў паказчык самагубстваў у Беларусі летась. Гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў і ў рэгіёне, і ў сьвеце. У сярэднім у Эўропе штогод забівае сябе 17 чалавек са ста тысяч насельніцтва. Чаму так шмат беларусаў канчаюць жыцьцё самагубствам?
Міцкевіч: Тут нельга назваць нейкую адну прычыну. Паводле колькасьці самагубстваў на 100 тысяч чалавек насельніцтва мы ўваходзім у пяцёрку краінаў, найбольш схільных да самагубстваў. Беларусам уласьцівае імкненьне да стабільнасьці, пакою, звычкі. Ёсьць прамая залежнасьць паміж суіцыдам і стратай сацыяльнага статусу. Гэта называецца «комплекс караля Ліра». Калі адбылася «перабудова», калі чалавек не знаходзіць сабе месца пасьля таго, як ён быў стабільна ўладкаваны, тады і здараецца мноства самагубстваў. Але яшчэ адна прычына — гэта алькагалізм. Псыхатэрапэўты лічаць, што алькаголікі ўчыняюць каля траціны ўсіх самагубстваў і чвэрць усіх спробаў зрабіць самагубства. Хранічныя алькаголікі — вялікая частка беларускага насельніцтва. У Цэнтар, дзе я працую, прыходзяць жанчыны, і кожная чацьвёртая кажа, што муж п’е.
Дракахруст: Сьвятлана Алексіевіч, Вы ў свой час напісалі кнігу пра самагубцаў «Зачараваныя сьмерцю». На Ваш погляд, чаму так шмат беларусаў канчаюць жыцьцё самагубствам? Жанна Міцкевіч сказала пра сытуацыю нестабільнасьці, але, напрыклад, вайна — гэта, здаецца, найвышэйшая форма нестабільнасьці. Але вядома, што падчас вайны колькасьць самагубстваў рэзка зьмяншаецца. А чаму цяперашняя нестабільнасьць спараджае рост самагубстваў?