Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:

Залатая жрыца Ашвінаў
1 ... 72 73 74 75 76 77 78 79 80 ... 140
Перейти на страницу:

— Я загадаю слугам прыгледзець яго, — таропка сказаў папія. — А ты спяшайся, бо калі праз хвіліну вас не будзе каля пані — плёткі паходзяць па маёй спіне гэтак жа, як пасля і па тваёй!

Еўдакія задыхалася. Яна трымала за руку мужа, і твар яе здаваўся асабліва жоўтым і страшным на бялюткай вышыванай падушцы. Галдан, ледзь ступіўшы на парог, стаў даставаць з палісандравага пенала доўгія металічныя іголкі з філігранна закручанымі канцамі, і Жывена паспела толькі здзівіцца, адкуль узяўся ў яго той нязменны пенал, бо, здавалася, пад накручанай па візантыйскім звычаі тканінай-столай на Цэрэнхане не было нічога. А пасля яе як завіхурыла ў звыклым коле: парыла зёлкі, паіла хворую, абмывала ёй грудзі і ногі. Пасля іголак жанчыне стала лепей, адпусціла задушша, дыханне паспакайнела. Млявую яе руку лекар амаль не выпускаў са сваёй вялікай, каравай пясці, лоб яго хмурыўся.

— Колькі разоў ты вяртаў мяне з таго свету! — ціха прашаптала камітэса.

Жывена ж з болем падумала пра хлопчыка. Ці заснуў ён хаця? Ці, можа, глядзіць у цемру і чакае яе, каб прыціснуцца, абшчаперыць шыю худзенькімі ручкамі і запытацца сваё нязменнае:

— Любіш мяне?

Успомніўшы гэты ягоны звычай, дзяўчына зноў падзівілася таму, што гэтае малое, якое не можа помніць жах свайго нараджэння, так чэпка трымаецца за ейную любоў, якая толькі і можа выратаваць яго ў гэтым свеце.

Пакуль яна націрала Еўдакію пахкімі алеямі, падавала ёй пітво ў круглай сярэбранай чашы, думкі дзяўчыны, прынадзееныя магчымым выбаўленнем з рабства, ірвануліся, як вада пасля падняцця млынавай застаўкі, і ўсе яны былі аб ёй, радзіме, аб блізкіх.

Як жыве храм? І ці чакаюць яе там? Ці мроіць аб ёй той, хто туліўся ў складкі сукні, як спалоханы хлапчук, баючыся слова адмовы? Ці не забыўся ён на яе? Усплывалі радкі з паэмы, што чытаў сёння малады грэк. Не кожнаму даецца ў жыцці каханне, якое мацней за смерць, за адлегласць, за ўсе перашкоды. Але кожная жанчына марыць аб ім, кожная хоча быць адзінай — на ўсе гады, якія адпусціў Лёс, на ўсе выпрабаванні, на шчасце і няшчасце… Ці далі ёй такое каханне вечна юныя, шчаслівыя багі Ашвіны? Яна думала пра Відэвута — але ў памяці ўставаў твар ягонага брата, падораная ім выява, падарожжа ў Нямеччыну, бясконцая дарога, якая і дасюль некуды яе вядзе і наўрад ці скора скончыцца… Яна была не ў ладзе сама з сабой, раздваенне мучыла, і, прыціхлае на нейкі час, заглушанае рабствам, яно паднімалася зноў і зноў.

Калі Еўдакія, нарэшце, адпусціла яе, пакінуўшы каля сябе лекара, Жывена, дабраўшыся да ложка і прылашчыўшы соннага хлопчыка, які скруціўся ў камячок і ўсё ціснуўся да яе, паспрабавала заснуць. Сон як уцёк. У вачах цясніліся вобразы роднага краю, твары, падзеі, якія яна раней адганяла намаганнем волі, бо занадта ранілі яны душу, нагадваючы аб самым галоўным, страчаным, здавалася, назаўсёды — свабодзе.

Успомніла Міндоўга, даўні дзень хрышчэння яго, а пасля — прыняцце каталіцтва, карону, што выблісквала на сонцы жоўтымі, сінімі, зялёнымі камянямі, дзеля якой ён адважыўся памяняць веру, чым кінуў выклік баярству горада. Яна, зусім дзіця, не надта разважала, што да чаго, прымала ўсё як ёсць. Цяпер усё бачылася іначай.

Апынуўшыся ў сталіцы тысячагадовай імперыі, яна адчула, што такое сапраўдная ўлада. Нікіфар, вяртаючыся з палаца, нібы прыносіў з сабою бляск двара, дзе кожны рух севастакратара адгукаецца ў такім мностве жыццяў, якія немагчыма злічыць, бо на Візантыю глядзяць і ад яе залежаць многія дзяржавы. Перад імператарам Балдуінам трапеча нават ганарысты Нікіфар, хаця і пасмейваецца часам з таго, што той не высакародны, не грэк. Імператар тут — Усявышні, які пераўзыходзіць усіх багоў, а ўлада, хаця і заплямленая крывёй, вабіць кожнага. І яе гаспадара, вядома…

Жывена нібыта зноў убачыла, як страсянуў яе там, у пакоях Саліма, сваім позіркам гэты хударлявы, высокі, з акуратна падстрыжанай сівой барадой чалавек. Яна добра адчула, што было ў яго шырока пастаўленых карычневых вачах, якія часта раўнадушна глядзелі як бы скрозь людзей. Ёй даводзілася неаднойчы бачыць той выраз, і заўсёды гэта пагражала бядой. Аднак і страсць коміта несла пагрозу, бяду для яе. Як абараняцца? Яна рабыня, зусім бяспраўная, нібыта гарох ля дарогі, і кожны імкнецца адарваць сабе нешта ад прыгажосці, ад святла, якім адарылі яе багі.

У трызненні нейкія чорныя цені схіляліся над ёю, яна плакала, адкідалася ад іх. На досвітку ж, ледзь прымружыла вочы, як нехта загрукаў у дзверы, і яна пабегла да гаспадыні, ледзь паспеўшы накінуць на плечы грубую ваўняную накрыўку-хустку.

Еўдакія памерла на руках у Галдана Цэрэнхана — спакойна і без пакут, у хвіліны, калі Смерць найчасцей забірае тых, каго прыгледзела: неўзабаве пасля крыку першага пеўня, калі на Перуновы шлях* ноч накідвае покрыва туману, і толькі зорка кахання Чагір самотна гарыць над краем зямлі.

1 ... 72 73 74 75 76 77 78 79 80 ... 140
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)