Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
Эдорасу. Юнак нізка пакланіўся, прыціснуўшы руку да грудзей. I, быццам не зьвяртаючы ўвагі на чараўніка й ягоных спадарожнікаў, павярнуўся да Эямэра й Тэядэна.
– Вашамосьці, яснавяльможнае спадарства, калі ласка, просім у Ізенградак! – вымавіў ён. – Мы вартаўнікі-брамнікі. Маё ймя – Мэрыядок, сын Сарадока, а майго сябра, якога, на жаль, перамагла стома, – тут ён пхнуў сябрука нагою, – клічуць Перыгрын, сын Паладына, з роду Хватаў. Радзіма нашая далёка на поўначы. Пан Саруман дома, але ж зараз ён з пэўнай прычыны зачыніўся тамака разам зь Зьмеяротым, а йнакш, без сумневу, сам выйшаў бы насустрач такім шаноўным гасьцям.
– Анягож, без сумневу, выйшаў бы! – Гэндальф засьмяяўся. – Дык гэта Саруман загадаў вам ахоўваць ягоную паламаную браму й чакаць гасьцей, калі вы здолееце адарвацца ад талеркі з бутэлькаю?
– Не, шаноўны спадару, гэткі клопат ня трапіў пад ягоную ўвагу, – адказаў Мэры сур'ёзна. – Ён цяперачка надта заняты. Нашыя загады ад Дрэвабарода, які прыняў на сябе ўсе ізенградзкія клопаты. Ён загадаў мне павітаць гаспадара Рохану належнымі словамі. Я стараюся, як магу.
– А як жа сябры? Як жа я зь Ляголасам? – загаласіў Гімлі, няздольны болей стрымацца. – Вы, прайдзісьветы, скурланогія, скурлалапыя абібокі! Колькі ж мы за вамі папабегалі! Сотня з коптурам міляў праз балаты й лясы, празь бітвы й гібель, каб выратаваць вас! I знайсьці вас тут – за шыкоўнаю бяседаю, і лайдацтвам, і паленьнем! Паленьнем!! Дзе вы знайшлі зёлкі, вы, шалапуды, агуры? Ды калі я ня лопну зараз ад шаленства й радасьці, гэта будзе найвялікшы цуд!
– Ты агучыў мае думкі, Гімлі! – сьмяяўся Ляголас. – Хоць мне больш цікава, дзе яны знайшлі віно.
– Аднаго вы не знайшлі, папабегаўшы: крышачку болей кемлівасьці, – Піпін расплюшчыў адно вока. – Ці ж ня бачыце: седзімо на полі бітвы, перамогшы, сярод законных трафеяў, і вы яшчэ пытаецеся, дзе мы ўзялі цалкам заслужаныя ўзнагароды?
– Цалкам заслужаныя? – зароў Гімлі. – Вось ужо не паверу!
Вершнікі зарагаталі.
– Без сумневу, мы бачым сустрэчу старых сяброў, – зазначыў Тэядэн. – Дык гэта твае згубленыя падарожнікі, Гэндальфе? Так, лёс гэтых дзён – цуды цугам. Я шмат ужо ўбачыў, пакінуўшы дом, але ж перад маімі вачыма зноў племя з паданьняў. Ці вы – паўросьлікі, якіх некаторыя ў нас называюць хальбітланамі?
– Выбачайце, вашамосьць, мы – хобіты, – паправіў Піпін.
– Хобіты? – перапытаў кароль. – Ну, вашая мова дзівосна зьмянілася, але назоў гучыць цалкам адпаведна. Хобіты! Які цудоўны народ! Аніякія чуткі, што даходзілі да мяне, не сягаюць і паловы праўды.
Мэры пакланіўся. I Піпін, ускочыўшы, таксама нізка схіліўся.
– Вялікі гонар, вашамосьць, чуць такія словы, калі я правільна зразумеў іх, – прамовіў Піпін. – Тут і для нас цуд. Бо пакінуўшы дом, я вандраваў па шматлікіх землях і аніколі дагэтуль не знайшоў, хто ведаў бы хоць якія паданьні пра хобітаў.
– Мае людзі ў даўніну прыйшлі з Поўначы, – адказаў кароль. – Але ж я ня стану падманваць вас: паданьняў пра хобітаў у нас не захавалася. Распавядаюць толькі, што далёка адсюль, за мноствам гор і рэк, жыве паўрослы народ, які капае норы ў пяшчаных дзюнах дый жыве ў іх. А пра іхнія дзеі няма зьвестак, бо яны амаль нічога не зьдзяйсьняюць, людзей дзічацца, імгненна зьнікаюць і могуць зьмяняць галасы так, што яны нагадваюць птушыны гоман. Аднак, відавочна, да гэтага шмат можна дадаць.
– Насамрэч так, вашамосьць, – пацьвердзіў Мэры.
– Напрыклад, аніколі ня чуў, каб хобіты пускалі дым з роту, – дадаў кароль.
– Ня дзіўна, бо гэтае мастацтва мы засвоілі ня болей як некалькі пакаленьняў таму, – патлумачыў Мэры. – Тобальд Рагадзьмуўца з Доўгіх Панізьзяў, у Паўднёвым падзеле, першы выгадаваў сапраўдную зёлку для люлькі ў сваім садзе, гэта каля году тысяча сямідзясятага паводле нашага адліку. А як старына Тобі знайшоў зёлку...
– Э, ты ня ведаеш, Тэядэн, у якую небясьпеку крочыў, – перабіў Гэндальф. – Гэтыя хобіты здольныя спакойна пасесьці побач зь нядаўнім пабоішчам ды завесьці гаворку пра прысмакі ці пра якія дробязныя справы іхніх бацькоў, прабацькоў і прапрабацькоў, і нават пра сваякоў да дзявятага калена, калі ты толькі пагодзісься пакорліва іх слухаць. Здаецца мне, для расповедаў пра гісторыю паленьня можна падшукаць лепшы час. Мэры, дзе Дрэвабарод?
– На паўночным баку даліны, – адказаў Мэры. – Пайшоў выпіць чыстае вады. Большасьць энтаў зь ім, апрача тых, хто яшчэ працуе, вунь там.