Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Другая проза » Пракурорка [Журнальный вариант, be]
Пракурорка [Журнальный вариант, be] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Пракурорка [Журнальный вариант, be]

Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:

Аповесць «Пракурока» («Prokurator Alicja Horn») напісана ў 1932 годзе і прысвечана бліскучаму сталічнаму жыццю міжваеннай Варшавы.
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
1 ... 72 73 74 75 76 77 78 79 80 ... 179
Перейти на страницу:

Друцкі павольна і з усмешкай набліжаўся да яго, спакойны, як ніколі. Праўда, ён не мог аддаць Цяржаўскага паліцыі, бо выдаў бы Казю, але гэты павінен яму заплаціць за ўсё.

Цяржаўскі адступаў крок за крокам. З-пад маленькіх тлустых павекаў выстрэльвалі хуткія неспакойныя позіркі, якія шукалі дарогу выратавання, на бліскучым твары выступілі вялікія кроплі поту.

Ён ужо апынуўся ў куце, і яго тоўстыя рукі з пальцамі, што нагадвалі сардэлькі, падняліся ў абаронным руху.

Секунда, доля секунды — надта позна.

Моцна сціснуты кулак мільгануў бліскавічнай дугой і са страшнай сілай грымнуўся на шырокі нос Цяржаўскага. Амаль адначасова другі кулак рэзкім ударам у велізарнае пуза скруціў яго цела ў вялікі клубок, які пад няспыннымі ўдарамі скурчваўся, хваляваўся, пераварочваўся, змяняючы сваю форму.

— А-а-а-а… — стагнаў Цяржаўскі.

Тое, што ён не спрабаваў абараняцца, яшчэ больш распальвала Друцкага. Магутны хлопец, здаровы, нібы вол, а такі млявы.

Моцным штуршком ён выкінуў Цяржаўскага ў цэнтр пакоя і нанёс дзясятка паўтара новых удараў, незвычайна балючых. Амбал выдаў з сябе глухі рык і пачаў бязладна махаць рукамі.

— Лічы зубы! — крыкнуў Друцкі, і моцны ўдар прыпаў на сківіцу Цяржаўскага з правага боку. Цяржаўскі захістаўся, але не ўпаў, бо з левага боку атрымаў яшчэ мацнейшы ўдар, і зноў справа, а ўрэшце дакладны пад падбародак.

Цяпер Цяржаўскі зваліўся на падлогу, як ад удару маланкі, усім цяжарам сваіх ледзь не ста кілаграмаў. Ён, аднак, павінен быў быць неверагодна вынослівым, таму што не страціў прытомнасці. Яго вочы шалёна гарэлі, з тоўстых вуснаў язык выпхнуў крывавую пену з выбітымі зубамі.

— Дантысту ты заплаціў бы за гэта добрых пару злотых, — сказаў Друцкі, лёгка дыхаючы.

Цяржаўскі раптоўным рухам дасягнуў задняй кішэні, але перш чым здолеў дастаць зброю, атрымаў такі бліскавічны выспятак у локаць, што завыў ад болю і ўскочыў на роўныя ногі.

— Бач ты, верабейка, — засмяяўся Друцкі і адразу адскочыў, таму што Цяржаўскі нахіліўся ўсім тулавам. Было зразумела, што ён хоча атакаваць так званым «быком», ці ўдарам галавы пад дыхавіцу праціўніка.

Друцкі добра гэта ведаў. Калі ён быў яшчэ недасведчаным юнаком, яго такі ўдар на тыдзень упёк у шпіталь, у дадатак ён паламаў сабе косці трох пальцаў аб цвёрдую галаву ірландскага боцмана. Друцкі ведаў, як абараняцца. Ёсць толькі два спосабы: выкруціцца і выцяць кулаком у адкрытую аснову чэрапа — гэта значыць, забіць на смерць, і другі — парыраваць ударам калена.

Друцкі не зрушыўся з месца, і калі бліскучы чэрап з усіх сіл сабраўся атакаваць, ён якраз дарэчы падняў калена. Патрапіў ён у нахілены твар паміж вачэй, і галава Цяржаўскага, апісаўшыі вялікую дугу, пацягнула за сабою тулава і ляснулася цемем аб падлогу.

Цяпер гэта бяссільная куча мяса і сала з тварам, які нагадваў апухлую і не надта свежую пячонку, ляжала нерухома.

Друцкі з намаганнем перавярнуў госця спінай уверх, выняў рэвальвер з задняй кішэні і схаваў у сваю. Пасля ён падцягнуў Цяржаўскага і пасадзіў яго на падлозе, абапершы аб сцяну.

Сам ён стаў насупраць і, задаволены, прыглядаўся да сваёй працы. Ён любіў салідную работу.

Друцкі даў выхад шаленству і цяпер быў у цудоўным настроі. Цяржаўскі стагнаў, паволі прыходзячы ў сябе.

— Ну, — пачаў Друцкі, — на гэты раз, верабейка, я цябе злёгку памацаў. Але я не жадаю тваёй сівой прабабцы, каб ты калі-небудзь трапіўся мне на вочы. Тады, казявачка, я баюся, што для чарцей на смажаніну мала чаго ад цябе застанецца, і ў труну цябе праз варонку ўвалье твая несуцешная ў смутку сям’я…

— Вады! — хрыплым голасам папрасіў Цяржаўскі.

— Прыемнае — потым, галубочак! Цяпер гавары: табе хопіць?

У адказ пачуўся толькі стогн.

— Дык збірай свае косці і няхай цябе чэрці парвуць! На гэты раз я табе дарую. Ідзі на ўсе чатыры бакі.

Цяржаўскі недаверліва паглядзеў на яго з-пад страшна апухлых павекаў:

— Гэта значыць, — спытаўся ён, — што вы не выклічаце паліцыі?

— Не. Ліха з табой!

З цяжкасцю, стогнучы і крывячыся, Цяржаўскі падняўся і, хістаючыся, упаў на крэсла. Ён усадзіў вялікі палец сабе ў рот.

— Амаль усе зубы, — скардзіўся ён жаласліва.

— Беражы рэшту! — засцярог Друцкі. — Найлепшы спосаб захаваць тое, што засталося, — пазбягаць сустрэчы са мной. А зараз — увага: я цябе адпускаю на ўсе чатыры бакі. Не раю табе заглядваць дадому, бо там цябе пэўна ўжо чакае паліцыя. Твая кватэра і кватэра тваёй партнёркі пад наглядам. Валі на чыгуначны вакзал і карыстайся тым, што цяпер цябе і родная маці не пазнае. Грошы ў цябе ёсць?

— Ёсць… Колькі вы хочаце?

1 ... 72 73 74 75 76 77 78 79 80 ... 179
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)