Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Золата князёўны - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Золата князёўны

Электронная книга - «Золата князёўны». Краткое содержание книги:

“Золата князёўны” – чарговая кніга пісьменніка, перакладчыка, сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў. У зборнік увайшлі апавяданні і байкі. Большасць апавяданняў – гэта гісторыі з уласна перажытага, перадуманага. Аўтар, былы паводнік добра ведае і доўгае расстанне з домам, і сум па бацькоўскай хаце, і радасці вяртання, і шчаслівыя моманты сяброўскіх, сямейных сустрэч. Апавяданні, сабраныя ў зборніку, рознапланавыя, рознаколерныя і шматкультурныя. Кожнае з іх – гэта іншая часапрастора, але ўсе разам спалучае добрае пяро аўтара, яго здольнасць назіраць за чалавечымі паводзінамі, уменне разумець захаванні і парывы душы кожнага са сваіх персанажаў. Невялікія па аб’ёме творы нясуць у сабе багаты арсенал інфармацыі, пачуццяў, планаў.
1 ... 4 5 6 7 8 9 10 11 12 ... 44
Перейти на страницу:

…Да маёнтка Чэсь падыйшоў з боку Заслаўя, лесам, імкнучыся не выходзіць на адкрытыя месцы. Прабіраючыся, ледзьве не атрымаў разрыў сэрца, калі за некалькі крокаў раптам зароў самец казулі. І яшчэ доўга разносіліся па лесе ягоныя хрыплыя адрывістыя рыкі, падобныя здалёк на брэх вялікага сабакі. Гэта было кепска, бо магло насьцярожыць вартавых, калі яны былі.

Вартавыя былі. Прынамсі адзін. Калі, сьлізгаючы як вужака, Чэсь перапоўз пустку паміж лесам і будынкам княскага лецішча, у яркім месячным сьвятле заўважыў на ганку постаць у шапцы “з пупам”. Вартавы сядзеў на ганку, прыхіліўшыся сьпіной да правай крайняй калоны. Доўгая вінтоўка са штыхом-іголкай ляжала ўпоперак на каленях. Галава схілілася да грудзей. Ён спаў. Нават пахрапваў у сьне.

Уздоўж франтальнай сьцяны – дзе паўзком, дзе на кукішках – Чэсь падабраўся да ганка. Потым прыкрываючыся ганкам – да левай, бліжняй, калоны. Паляжаў, аддыхваючыся і назіраючы за вартавым. Той спаў, раз-пораз плямкаючы губамі. Аддыхаўшыся, Чэсь намацаў прут, які тырчэў завостраным канцом з заплечніка, выцягнуў яго і утыркнуў паміж камянямі бруку, што пачынаўся ад ганка. Потым пачаў разгойдваць яго, імкнучыся загнаць глыбей. Урэшце першы камень заварушыўся і з нягучным скрыгатаньнем вывернуўся зь зямлі. Асьцярожна, баючыся стуку, Чэсь адклаў яго ў бок. Астатнія чатыры пакінулі свае месцы без супраціву і зусім ціха. Тады Чэсь загнаў прут пад ганак, пад калону. І адразу натрапіў на нешта больш цьвёрдае, чым зямля. Сэрца, якое і дагэтуль стукала так, што здавалася магло пабудзіць вартавога, затрапятала як у птушаняці. Нават стала крыху млосна. Чэсь адпоўз за калону, сеў і ськінуўшы заплечнік, дастаў кельню. Вярнуўся да дзіркі ў бруку і асьцярожна пачаў капаць. Ціхае скрыжатаньне, зь якім кельня ўваходзіла ў зямлю здавалася яму грымотамі. Праз хвіліну адклаў інструмент і сунуў абедзьве рукі ў выкапаную пячору. Рукі намацалі невялікі прадмет, закручаны ў мяккае. Учапіўся і з намаганьнем вырваў прадмет. Зноў адкаціўся за калону і ліхаманкава пачаў пакаваць яго ў заплечнік. Рукі не слухаліся і засунуць здабычу не ўдавалася. Нават забыўся, што гэта бомба, рухаўся рэзка і нервова.

Унутры будынка, за дзьвярыма пачуліся крокі і Чэсь пакінуў спробы засунуць скрутак у заплечнік. Схапіў усё ў бярэмя і на сагнутых нагах шмыгануў уздоўж сьцяны за вугал. Дзьверы завішчэлі, адчыніліся, і на ганак нехта выйшаў. Прачнуўся і ўскочыў вартавы, упусьціўшы вінтоўку на брук, было чуваць як яна бразнулася. Чэсь не стаў чакаць і колькі было сілы кінуўся да лесу. Калі па твары ўжо пачалі хвастаць галінкі, пачуў ззаду воклічы і некалькі стрэлаў.

Мяжу прыйшлося перасякаць ажно ля Старога Ракава на досьвітку. Па лесе ішоў выглядаючы кожны крок, каб не храбуснула пад нагой сухая галінка. Калючы дрот заўважыў здаля. Лёг, і з паўгадзіны плазаваў по роснай траве, падлез пад дрот, прапоўз далей. Калі зусім вымак у расе, устаў і накіраваўся да Ракава. Падыйшоў да мястэчка, калі ўжо добра разьвіднела. Захаваў заплечнік у траве ля Урбановічавага плоту, а сам дварамі – ля сінагогі, ля царквы, потым праз вуліцу – і пастукаўся да Пупкіна.

Дзьверы адчыніліся адразу, быццам Пупкін сядзеў і чакаў. У вачах сполах:

- Дзе заплечнік? Што тавар, не знайшоў?

- Чаму не, знайшоў. Сьветла ўжо, дык я ля плоту схаваў.

Зноў сполах:

- Пад плотам? Ніхто не бачыў?

- Ды не, здаецца.

- На, во , мех. Ідзі адразу ж і прынясі. Толькі спакойна ідзі. Вялікі…бомба?

- Ды не…

- Ну, то падыдзеш, разуйся, і чаравікі ў мех, і… тавар. І…надзяры травы, з паўмяшка, і напхай зьверху. І адразу да мяне, але не сюды, праз заднія дзьверы.

Праз дваццаць хвілін шчасьлівы Пякарскі, сьціскаючы ў кішэні жменю манетаў, агульнай сумай у дваццаць злотаў амаль подбегам шчыраваў у заходнім накірунку, у бок Міхалова. Міхоль Пупкін, зачыніўшы зьнешнія дзьверы на засову, зайшоў у камору, запаліў газавы ліхтар і дастаў зь меха заплечнік, а з заплечніка цяжкі скрутак спарахнелай тканіны. Абарваў тканіну і вызваліў цёмную ад часу металічную бляшанку. Некалькі імгненьняў – і ў далонях Міхоля бліснула чырвоным. Бляшанка цалкам была запоўнена манетамі з выявай апошняга расейскага цара. Манеты акуратна складзены ў слупкі і кожны слупок – у скураную панчошку.

* * *

Палын патыхаў так, што круцілася галава. Вечар, шэры вечар, бо промні заблыталіся недзе ў тлустых шэрых аблоках, ператварыўся ў ноч. Насьмяглая зямля прасіла дажджу. Цёмныя хвоі таксама прасілі дажджу. Паветра было гарачае і цяжкае, як хваравіты потны сон. Вецер пачынаў гуляць у верхавінах. Х-гу-у-у-у-у! – крычалі совы. І было жахліва. Цела пакрывалася пухірчыкамі і халодным потам.

1 ... 4 5 6 7 8 9 10 11 12 ... 44
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)