Золата князёўны
- Автор: Ляхновіч Павел
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- ISBN: 978-985-6107-38-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Золата князёўны». Краткое содержание книги:
Немец не міргаючы глядзеў на яго абыякавымі сваімі вачыма. Погляд ад твару апусьціўся ніжэй, на круглаваты жывот, на вузенькую скураную дзяжку, што трымала нагавіцы. Ямчэй узяў зброю і раптоўна шарнуў руляй па жываце. Зьверху ўніз. Балюча. Дзяжка лопнула. Нагавіцы спалі да каленяў. І адкрылі тое, што спрадвеку адрозьнівала юдэя ад хрысьціяніна. “Машынэнпістоль” загаўкаў, плюючыся агнём, у хаце нема закрычала Фіра.
* * *
Сонца як сабака высалупіла язык і цяжка дыхала. Мурзатыя падлеткі ў “кетах”, падымаючы воблакі гарачага пылу гулялі ў “цюка”. Па вуліцы, пакрытай сьмярдзючым, мяккім ад сьпёкі асфальтам туды-сюды гойсалі машыны. Ад іхняга гудзеньня і выхлапаў балела галава і круціла суставы.
Іван Пякарскі, доўгі, худы і прыгорблены, якому ракаўцы невядома з-за чаго прыляпілі мянушку “Дзудзаль”, сядзеў на бярвенцы у цяньку ля сьцяны сваёй хаты. Хата была старая і мела асаблівасьць – ганак з трох прыступак, без усялякіх там сенцаў і тамбураў вёў ад ходніка проста да уваходу. Над уваходам цямнела вялікая прамакутная пляма. Відаць даўней тут вісела шыльда.
Іван быў “навалаччу” – так называлі карэнныя ракаўцы некарэнных (тыя ў адказ называлі карэнных “грашамі”). Пятнаццаць год таму ён набыў гэтую хату і пераехаў зь Міхалова.
Па твары Івана сьцякаў пот і ён раз-пораз сьціраў яго рукавом кашулі. Абыякавым позіркам праводзіў людзей, якія часам заходзілі ў браму званніцы. Іван сварыўся з жонкай.
- …А каб ты апруцянеў! Каб ты сам застрэліўся гэтымі патронамі! А каб табе гэтыя тры рублі ў труну паклалі! Паламаю я тваю стрэльбу! Далібог, паламаю! – вісклівым дзярпучым голасам крычала з разяўленых дзьвярэй хаты маленькая разбэрсаная кабетка. – Я зьбіраю, зьбіраю гэтыя капейкі! Каб унучкам цукерачку купіць! А ты адразу тры рублі! А каб ты гэтымі патронамі задушыўся!
Іван езьдзіў у Валожынскую бальніцу да рэўматолага і там купіў на тры рублі
набояў да сваёй “кольбы” – раздзёўбанай курковай дубальтоўкі шаснаццатага калібру. Гэтым на погляд жонкі зьдзейсьніў бессэнсоўную трату. Іван любіў паляваньне.
- Ад цукерак зубы гніюць. – Агрызнуўся. Пагрозу паламаць стрэльбу ўсур’ёз не прыняў. Жонка паважала матэрыяльнае і нанесьці шкоды рэчам не магла.
- А каб у цябе рукі адгнілі! Каб у цябе ногі пакруціла! Каб ты не дайшоў да гэтага лесу! Шмат мы наеліся зтвайго паляваньня?! – Яшчэ больш уськіпела жонка.
- Сьціхні! Сьціхні, курва! Сьціхні, горш будзе! – Рукі і ногі балелі даўно і слухаць праклёны было надзвычай крыўдна. Баба нарывалася.
Навучаная працяглым сумесным жыцьцём, Рэня імгненна сьціхла. Ведала – пасьля “курвы” справа можа дайсьці да кухталёў. Пакрыўджана зашмыгала носам і шуснула з хаты. Да дачкі, а мо да сына. Дзеці даўно жылі ў сталіцы саўгаса “Ракаўскі”, а ўнукі былі ўжо стоадсоткавымі “грашамі”.
Горача. Іван падняўся па прыступках, зачыніў на гак дзьверы, калідорам прайшоў у “залу”, уключыў тэлевізар “Горизонт”, які стаяў на масіўным дубовым стале. Яшчэ убранства пакоя складалі два ложкі зь нікеляванымі сьпінкамі. Лёг на ложак. Экран тэлевізара засьвяціўся і ў пакой уварвалася жалобная музыка. Голас дыктара за кадрам з пастаўленымі стрыманымі рыданьнямі агалосіў: “Внимание! Внимание, товарищи!…Сегодня после долгой и продолжительной болезни…”
- Цьху, ты! – падняўся і пачаў шчоўкаць, пераключаць на другую праграму. На другой была тая ж жалобная музыка. Тузануў з разеткі электрашнур. Экран лыпнуў і звузіўся да памераў капейкі. Капейка доўга сьвяцілася, паступова зьнікаючы. Зноў лёг на ложак.
Промні сонца ляглі на падрапаную скрыпучую падлогу прамакутнікамі. У промнях лётаў пыл і добра было відаць, як яго шмат. Быццам зачараваны палётам пылінак, Іван пагрузіўся ў діўны стан, калі зусім няма думак. Толькі промні і пыл. Ціха. Чуваць, як шашаль грызе драўніну. Пад падлогай прабегла мыш, ці пацук – быццам конь праімчаўся .
У куце зашкрэблася. Праз зусім маленькую шчыліну – і як толькі пралазіць! – вылез вялізны пацук. Іван не варушачыся сачыў за зьвярком. Іван быў паляўнічым-рамантыкам, хоць і не ведаў гэтага. “Паглядзець” для яго заўсёды было важней за “ўзяць”.
Пацук увайшоў у сонечны прамакутнік і нешта кінуў. Яно доўга і меладычна зазьвінела і бліснула чырвоным. Іван варухнуўся, і пацук зьнік, зноў зьдзівіўшы неадпаведнасьцю сваіх памераў і шчыліны.
Спачатку здалося – медная манета, дзьве капейкі. Але ўбачыў мужчынскі профіль з барадой і адразу ўзгадаў гутаркі са старымі. Уключыў сьвятло ў каморы, дастаў сякеру…
…Пад падлогай на спарахнелай бляшанцы знаходзілася гняздо. У ім варушылася ружовае. Іван наклаў побач груду старых анучаў і асьцярожна перанёс гняздо. У бляшанцы стаялі цяжкія слупкі ў скураных панчошках…