Золата князёўны
- Автор: Ляхновіч Павел
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- ISBN: 978-985-6107-38-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Золата князёўны». Краткое содержание книги:
Пры дарозе
Дрэвы паміралі мужна. Уздрыгвалі кронай, рыпуча стагналі і з трэскам гупаліся на зямлю. Праз прарваную кару бялелі касьцяной бельлю сукі – як адкрытыя пераломы. Паабапал шашы паваленыя таўшчэразныя таполі. Дарога, нядаўна заціснутая ў тапаліную цясьніну, зараз незнаёмая і чужая.
Бабіна лета. Ніводнага воблачка не гуляе па глыбока-блакітным небе. Высока-высока, ледзьве бачныя плывуць ў ім пункціры гусіных чародаў. Чацьвёра мужчынаў у аранжавых камізэльках разваліліся на краі дарожнага насыпу. Пяты зьвяглівай бензапілой завіхаецца ля маладога дуба. Піла надрыўна вішчыць і плюецца вохрыстым пілавіньнем. Чацьвёра засяроджана назіраюць працэс валкі. Смокчуць цыгарэты.
- Дзе ты рэжаш! – Крычыць брыгадзір з барвовым тварам. – З таго боку выразай! Каб ад дарогі ўпаў!
Рабочы з прыліпшымі да мокрага твару апілкамі непрыязна косіцца.
- Алё-о! Каму кажу – з таго боку пілуй! – Злосна вырачае чырвоныя зенкі брыгадзір, але дубок у гэты момант здрыганушыся, бляшана грыміць пажоўклым лісьцем, рыпіць, і трэснушы падае кронаю ад дарогі.
- Не вучы бацьку дзяцей рабіць. – Рабочы заглушыў пілу і выцер кепкай твар. – Ты мне вось што растлумач, пан брыгадзір... Нафіга мы ўсе дарогі вакол горада распранаем? Што гэта за дурнота? Такія алеі прыгожыя былі! Летам цянёк!... Узімку ад сьнежных заносаў закрывалі...
- Табе што за справа? Сказана сьпілаваць – ты і пілуй. – Брыгадзір мудрагеліста круціць далонямі перад тварам. – А будзеш шмат размаўляць – хуценька апынешся на вуліцы!
- Ды я і так, здаецца, не ў кабінэце... А што гэта ты за моду ўзяў – палохаць?“Выганяць, выганяць!...” Калі ты не настукаеш, то і не выгняць. Ды і дзе вы яшчэ такіх дурняў знойдзеце – за капейкі ад цямна да цямна тут жылы рваць. І ў сьпёку, і ў дождж, і ў сьнег з марозам!...
- Кажуць, што таполі вельмі шкодныя дрэвы. Ад іх... эт самая... алергія, ад пуху іхняга... – Утыкае тры грошыкі адзін з курцоў. Астатнія з абыякавымі тварамі слухаюць, толькі пажылы зьедліва ўсьміхаецца. – Зараз ведаеш колькі гэтых..., ну, у каторых алергія, разьвялося?...
- А дубок вось навошта завалілі? Што, ад жалудоў – алергія? Дык ты жалудоў не еш, не парсюк...
- Не ведаю я! – Брыгадзір крыху сьцішвае напор. – Мне загадалі, я выконваю... Начальства ня любіць, калі лішнія пытаньні... Ды мне і ня вельмі цікава...
- А ты б меней перад імі прагінаўся...
- Ціха, хлопцы! – Уступае у гутарку пажылы. – Паб’ецеся зараз! Спакайней трэба. Спакайней... Чуў я, што дрэвы загадалі ўздоўж дарог сьпілаваць пасьля таго, як тут вось, аб гэты дубок нейкі важны генерал забіўся. Ці то з КГБ, ці з расейскай ФСБ... Вунь на дубе і кара зьдзёртая – ад той аварыі...
- Дык ці мала аб дрэвы вакол дарог людзей б’ецца? Нажлукцяцца гарэліцы – і за руль. Асабліва маладыя. Што – цяпер усе абсады павыразаць? Добра яшчэ, што не павесіўся – наша начальства магло закамандаваць навакольныя лясы высекчы!...
- То людзей, а то генерал... Як тут забіўся, то ў нас у горадзе адразу вуліцу ягоным імем назвалі. У паўночным мікрараёне. Вуліца Асмана, здаецца. Была Кастуся Каліноўскага, стала Асмана. Мой кум з-за гэтага хоча жыльлё мяняць. Вар’ят...
- Турак генерал быў? Блін, што ні назва вуліцы – усё нейкія нянаскія прозьвішчы!
- Ага! Турак! Хоць у сінагогу вядзі! Остман! Вуліца Остмана! Зямляк наш, ну, у тым сэнсе, што кар’еру гэб’ёвую у нас пачынаў. Сам, калі мне памяць не..., з Рэчыцы. – Кажа маладзейшы. – Чытаў я пра яго. Да вайны у НКВД служыў у нашым горадзе, таму ў гета не трапіў і жывы застаўся. Партызаніў. Пасьля ў КГБ – у Расеі, у Сярэдняй Азіі. Пасьля, як СССР ляснуў – у Маскве. У нас тут нейкі бізнас меў. Здаецца залу гульнявых аўтаматаў. Таму і наведваўся сюды часьцяком. У тым памяшканьні, дзе зараз аўтаматы, павінны былі выставачную галерэю адчыніць, але зьявіўся гэты генерал і відаць нашым выканкамаўцам нешта паабяцаў...
- Бачыш, брыгадзір – генерал забіўся, і з-за гэтага мы абсады выразаем. – Той, што зь пілой выцягвае з кішэні моркаўку, абцірае яе цьвярдой далоняй і смачна храбусьціць. – Лепш бы ты тут вяцнуўся. Цэлая была б алея. Прыгожа было...
- Дурны ты... – Крыўдзіцца брыгадзір. – Ох, дурны!...
* * *
“Дын-н!” – апоўднем грымнуў стрэл, і з купала езуіцкай царквы сьвятога Станіслава пасыпаліся кавалкі дахоўкі. Непадалёк, на плошчы перад царквою пастаўлена гарматка і чырвонаармейцы штодзень страляюць зь яе па царкоўных вежах. Гарэзьнічаюць. Горад месьціцца на левым, вышэйшым беразе ракі і калі часам вызваліцелі прамахваюцца, снарадзік ляціць над бяскрайнімі балотамі і куды трапляе – невядома. Нешматлікія прахожыя хрысьцяцца. Хто “трыма пярстамі”, хто – пяцярнёй.