Золата князёўны
- Автор: Ляхновіч Павел
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- ISBN: 978-985-6107-38-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Золата князёўны». Краткое содержание книги:
Масіўны будынак прымыкае да царквы з поўдня. Каменьчыкі зацокалі па ягонаму ганку, паднялі фантанчыкі пылу. Эмануэль Остман уцягнуў галаву ў плечы. Яму ўсяго сямнаццаць, ён зусім не хацеў бы, каб на сінюю фуражку ляснулася што-небудзь цяжкое. Пакінуць ганак не можа. Ахоўвае ўваход у аддзел НКВД, Эмануэль зь нядаўняй пары ягоны баец. Новая ўладзе, што прыйшла з усходу, для супрацоўніцтва з войскам саюзьніка, вермахтам – непадалёку мяжа –патрабаваліся знаўцы нямецкай мовы. Остман крыху ведаў.
- Эдзік! Зайдзіся да мяне! – Крычыць з закратаванага вакна Корч, начальнік.
- Не магу пакінуць пост, таварыш Корч! – Бадзёра адказвае “Эдзік”, перапоўнены важнасьцю выконваемай місіі.
- Ідзі сюды, кажу, сукін сын! Я табе начальнік, ці хрэн з бугра!?
Ну вось! Халеру яго разьбярэ. То вучы напамяць інструкцыю – “...павінен...не пакідаць паста, пакуль не будзе зьменены ці зьняты, нават калі жыцьцю пагражае небясьпека. Самавольнае пакіданьне паста зьяўляецца злачынствам...”. Можа гэты вокліч праз вакно лічыцца зьняцьцем з паста?
У кабінэце начальніка чалавек восем.
- Так, таварышы чэкісты! Сёньня перад намі пастаўлена важная задача! – Напорыста і сур’ёзна, націскаючы на “р”, цэдзіць скрозь зубы Корч. – Для патрэбаў гарадскога партыйнага камітэту загадваю вызваліць ад шляхты дом па вуліцы Інжынерскай. Кожны з вас павінен усьвядоміць, што ён зачышчае прастору для ўзмацненьня кіруючай сілы нашага грамадства. Вы павінны разумець, што будынак, намечаны для разьмяшчэньня гарадскога камітэту камуністычнай партыі зараз заселены класава чужымі элементамі. Таму вашыя сэрцы павінны быць спакойныя ад усялякіх пакут сумленьня. Там – ворагі! Не глядзіце, што гэта могуць быць дзеці ці жанчыны. Разам з тым аперацыю правесьці максімальна ціха і хутка. На зборы шляхце – дваццаць хвілінаў. Дазваляецца браць толькі рэчы першай неабходнасьці, колькі здолеюць несьці ў руках. Кожнага высяляемага абшукваць на наяўнасьць прадметаў з каштоўных металаў і канфіскоўваць. Пры спробах супраціўленьня – арыштоўваць! Ну, і ў астатнім –па абставінах. Старшым назначаю таварыша Егорова
- Таварыш Корч, я першы раз іду на баявую аперацыю, – пачынае Эмануэль, потнымі далонямі сьціскаючы ложа трохлінейкі, – ня ведаю, што рабіць... – Заканчвае амаль шэптам, бо вочы начальніка бялеюць ад разьюшанасьці.
- Што камандзір загадае, тое і будзеш рабіць! Шмат размаўляеш! Загадае дзярмо жраць – будзеш жраць! Егоров! Інструктаж кожнаму, пакуль не зразумеюць задачу! Глядзі ў мяне! І хопіць семкі лушчыць! Разьвялі сьмецьця!...
- Ну, мы пойдзем, ці што? – Не зважаючы на раптоўнае шаленства Карча мармыча Егоров і абцірае ад шалупіньня рот. – На інструктаж...
...Ціха не атрымалася. Вішчэлі і галасілі бабы, плакалі дзеці, кідалі ненавідзячыя позіркі мужчыны. Эмануэль спачатку шкадаваў іх. Але адзін з шляхцюкоў даў па твары Зьміцеру Паўлючэнку, той ажно ўпаў. Эмануэль упярыў шляхцюку ў плечы прыкладам, потым адцягнуў абмяклае цела і дапамог зьвязваць. Пасьля гэтага жаль зьнік і больш не вяртаўся.
Зьміцер абшукваў клункі. Адкладваў убок залатыя пярсьцёнкі, срэбныя бранзалеты і посуд. Калі дайшла чарга да прыгожай “пані”, у дадатак да рэчаў вырашыў абшукаць яе асабіста. Рабіў гэта старанна, асабліва спыняючыся на найбольш рэльефных месцах. Тут і атрымаў па барадзе. Ворагі! Нават сучаня іхняе, смаркач гадоў дзесяці, кідаўся і спрабаваў кусацца!
Шляхцюка клічуць Сяргеем Крыўдай. Егоров кажа, што Крыўда, відаць – беларускі нацыяналіст, польскі фашыст і шпіён. Як гэта, Эмануэлю незразумела. Але сьледства разьбярэцца...
* * *
Гудзе ля маста людскімі галасамі надрэчны кірмаш. Вазы з задранымі ўгору аглоблямі, чаўны на трэць выцягнутыя з вады. Мігцяць у ваччу рознакаляровыя хусткі, наміткі, капялюшыкі, вышываныя кашулі, сукенкі. Вішчаць сьвіньні, рыкаюць каровы, фыркаюць коні. Разьліваецца ў паветры пах піражкоў, смажаных на алеі, бліноў з лоем, выганяе ў Пётрыка сьліну. Але цікавяць Пётрыка Крыўду больш за ўсё коні. І нават не самі коні, а конскія хвасты. Няпростая справа – вырваць з хваста валасіну і не атрымаць ад гаспадара пугай, або каб конь барані Бог не ўбрыкнуў...
...Надраўшы конскіх валаскоў сплятае іх Пётрык па два і моцна зьвязвае адмысловым рыбацкім вузлом, якому тата навучыў. Будзе добрая вуда. Хлопчыкі з багатых сем’яў, што маюць вуды з крамнай жылкі, - яе прадае Хаім у маленечкай краме на кірмашовай плошчы, - хоць і задзіраюць насы, але з рыбалкі вяртаюцца, налавіўшы два-тры дзесяткі верхаводак ды плотак. А ў Пётрыка ёсьць свае таемныя месцы, дзе ён прыкармлівае параным гарохам ды ячменем вялізных – па локаць сазаноў, язёў, ды ляшчоў. Часам рвуць яны пётрыкаву снасьць, тады прыходзіцца зноў круціцца вакол коней на кірмашы, не-не, ды і атрымоўваць пугай па голых лытках. Ох і балюча – пугай па лытках! Але як нясе пасьля рыбалкі на кукане з лазовага дубца такіх веліканаў, слухае зьдзіўленыя воклічы дарослых, ловіць зайздросныя позіркі аднагодкаў – забываюцца непрыемнасьці. А калі дома, ў іх цеснай кватэрцы, тата ўзважыць у руцэ рыбу і зробіць сур’ёзную міну: “Паважаю...”, а мама пагладзіць па галаве: “Мой ты кармілец!” – Пётрыкава сэрца ажно трапечыцца ад шчасьця. Толькі найбольш шчасьлівы ён калі сядзіць з вудзільном ля вады і не адрываючыся глядзіць на патанак з гусінага пяра. Вось здрыгануўся, нахіліўся і паціху пайшоў убок. Падсечка – і на тым канцы жылкі заварушылася, затузала цяжкое...