Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Золата князёўны - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Золата князёўны

Электронная книга - «Золата князёўны». Краткое содержание книги:

“Золата князёўны” – чарговая кніга пісьменніка, перакладчыка, сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў. У зборнік увайшлі апавяданні і байкі. Большасць апавяданняў – гэта гісторыі з уласна перажытага, перадуманага. Аўтар, былы паводнік добра ведае і доўгае расстанне з домам, і сум па бацькоўскай хаце, і радасці вяртання, і шчаслівыя моманты сяброўскіх, сямейных сустрэч. Апавяданні, сабраныя ў зборніку, рознапланавыя, рознаколерныя і шматкультурныя. Кожнае з іх – гэта іншая часапрастора, але ўсе разам спалучае добрае пяро аўтара, яго здольнасць назіраць за чалавечымі паводзінамі, уменне разумець захаванні і парывы душы кожнага са сваіх персанажаў. Невялікія па аб’ёме творы нясуць у сабе багаты арсенал інфармацыі, пачуццяў, планаў.
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 44
Перейти на страницу:

- Фірачка! Кавы гжэчнай панне! О, у нас кава, дык кава! Ажно з Кракова!

- Пан Пупкін, я ведаю дакладна – кава ў Кракаве не расьце… Я хачу да вас зьвярнуцца, пан Пупкін, мне людзі параілі. Так, адна прапанова. Вы здолееце на гэтым добра зарабіць.

- Так-так. Слухаю вас?

- Там, у лецішчы, у Новы Полі засталося нешта вельмі важнае. Калі расейцы занялі, мы былі ў Італіі. І цяпер я хачу забраць тое…, тыя дакументы. Яны для нашай сям’і маюць надзвычайнае значэньне.

- Так-так, панна Канстанцыя. Але ж прайшло ўжо амаль год, кацапы там, у вашым маёнтку усё перашукалі… Мабыць вашы дакументы даўно чытае ў Маскве Фэлік Дзяржынскі…

- Не, яны надзейна захаваныя. Пад ганкам насупраць левай калоны. Трэба толькі выняць пару камянёў з бруку і памацаць жалезным прутом. Пан Пупкін, я ведаю, што вы пасылаеце туды, за мяжу сваіх людзей, якія носяць тавар. Я вельмі добра заплачу – і вам і таму чалавеку.

- Хай Бог сьцеражэ! Панна Канстанцыя! Якія людзі! Якія тавары! Я прыстойны гандляр. Я шукаю тавары афіцыйна. Я не парушаю законы Рэчы Паспалітай. Ня ведаю, хто вам такога пра мяне нагаварыў, плюньце яму ў вочы, каб яго разьбіў паралюш, каб ён загніўся язвамі. Я не займаюся ніякай кантрабандай, панна Канстанцыя!

- Пан Пупкін. Вы стары, разумны чалавек. І хітры. Бачыце, як я адкрылася перад вамі… І я і вы ведаем, хто з ракаўцаў трымае ў руках большасьць кантрабандных шляхоў. Не адмаўляйце мне. Слова гонару, вы не пашкадуеце!

- Не, не, панна Канстанцыя! Раней, можа і было крыху, а зараз кацапы ўсталявалі на мяжы такую ахову! Сабе даражэй займацца чымсьці супрацьзаконным. У мяне дзеці, сыны. Вучацца ў Валожыне. Дасьць Бог – ня будуць такімі гаротнымі гандлярамі, як іх тата. Я быў бы рады дапамагчы чымсьці такой высакароднай панне, але ня маю магчымасьці. Выбачайце.

- Вельмі, вельмі шкада, пан Пупкін. – У вачах князёўны заблішчэлі сьлязінкі. Яна імкліва ўскочыла, крутанулася на абцасіках. Загрымелі па бруку колы, зацокалі капыты.

- Міхоль, ты звар’яцеў! У гэтых людзей столькі грошай, што табе не можа прысьніцца ў самым лепшым сьне… Чаму ты не дазволіў ім падзяліцца з намі?

- Ой, Фіра! Дарагая мая Фіра! Ты такая разумная і я дзіўлюся, што гэта табе не зразумела. У гэтым Новым Полі стаіць гарнізон кацапаў. Ты ведаеш, што мне каштуе знайсьці чалавека, які ходзіць празь мяжу? Не, ты не ведаеш, што мне гэта каштуе! Пупкін не рызыкуе дарэмна, з-за нейкіх там дакументаў. Калі раптам я згублю там свайго чалавека, мне гэта выйдзе даражэй.

- Можа я штосьці і не разумею, Міхоль, але … О, зараз будзе марока на маю галаву. Гэтыя праваслаўныя такія злодзеі, калі ёсьць сярод іх хтосьці з прыстойным характарам, то гэта вялікая раскоша…

З царкоўнай брамы натоўпам павалілі вернікі, расьцякаючыся па плошчы. Літургія скончылася.

* * *

Палын патыхаў так, што круцілася галава. Круглы месяц высока ў небе пабялеў, зоркі зьніклі. У пойме Іслачы сьцяліўся густы туман. Ён амаль па шыю хаваў белага каня. Справа і зьлева, на высокіх сьхілах абалоны чарнеў хваёвы лес. Шарэла. Ззаду, дзе застаўся Ракаў, чуцён быў шум кірмаша. Вершнік на кані, танклявы, амаль бязважкі спалохана круціў галавою, баючыся кожнага гуку – броханьня бабра ў рацэ, трэску ламачча ў лесе. Апрануты ў мужчынскае, але зь першага погляду было відаць – дзяўчына.

Канстанцыя, атрымаўшы адказ Пупкіна, спачатку хацела шукаць кагосьці іншага – не ён адзін арганізоўвае “рэйды” кантрабандыстаў у Вялікае Сяло, Траскоўшчыну, часам нават у Менск – але падумаўшы пабаялася залішняй агалоскі. Вырашыла дабрацца да схованкі сама. Перш трэба ўверх па Іслачы дайсьці да вусьця Чорнага Ручая, потым Чорным Ручаём амаль да Новага Поля, дачакацца цемры, пракрасьціся да лецішча…

Конь спыніўся, упёршыся ў калючы дрот. Агорожы няма толькі ў рэчышчы. Падпарадкоўваючыся вершніку, конь ступае ў ваду…

…Ігнат, салдат рэвалюцыі, зь цяжкасьцю змагаўся са сном. У галаве муцілася, вочы, шурпатыя, як засыпаныя пяском, заплюшчваліся. Усё навокал здавалася нерэальным – і ўсхліпы ручая, і шум лесу, і белы маладзік на ярка-блакітным небе. Яно то зьяўлялася ў сьвядомасьці, то некуды зьнікала, і тады Ігнат трос галавой, або мачыў твар вадою. Каб зараз хто спытаў яго – што самае прыемнае ў сьвеце – ён ні хвіліну не разважаючы адказаў бы “сон”.

Побач проста на лясной ігліцы,адшпіліўшы шаблю і падклаўшы пад галаву кулак, спаў напарнік, Федзя. Калі Федзя пачынаў занадта моцна храпці, Ігнат нямоцна штурхаў яго ў бок. Яны былі “у сакрэце” на белапольскай мяжы. Навязалі зь вечара коней пасьвіцца на лузе, а самі захаваліся каля агарожы, на беразе ручая, што ўпадаў у раку з чысьцюткай вадой.

Цішыня расьсціралася навокал. І ў гэтай цішыні данесьлася ў затуманеныя ранішняй стомай Ігнатавы мазгі рытмічнае плёханьне. Як дым плыў над поймай туман. І выплыў зь яго – сам белы як туман – конь зь вершнікам, танклявым як лаза. Працёр Ігнат запясочаныя вочы і дабравата тыцнуў ботам пад скабы напарніку.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 44
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)