Золата князёўны
- Автор: Ляхновіч Павел
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- ISBN: 978-985-6107-38-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Золата князёўны». Краткое содержание книги:
- Добра. Я, гэта… сапраўды на тым тыдні карову шукаў. Спачатку ля Казакоў, потым ля Пярэжыраў, Выганічаў. Потым сьцямнела, дык я ў цемры вакол Паморшчыны ды за Вялікае Сяло зайшоў. І не заўважыў тае мяжы. Як разьвіднела, бачу – я ўжо далёка. Спалохаўся, думаў памежная стража зараз схопіць – і ўсё. Гамон. Дык нават не бачыў той стражы. Ні “таварышчаў”, ні палякаў.
- Вы вельмі гаваркі, Чэсь. Я ўжо думаю забраць сваю прапанову назад. Вы не адказалі, ці згодны?
“От жа хітры жыд! – Падумаў Чэсь. – Ужо амаль наняў, а пра аплату яшчэ ні слова не вымавіў. Як жа ж гэта каб не прагадаць…”
- Ты ж не сказаў, колькі будзеш плаціць. Калі меней чым дзесяць злотаў за адзін раз, дык тады сам цягай свае тавары…
- Фэ, Чэсь! Клянуся долам маёй мамы, мне здаецца, што вы грубіян. Дзесяць злотых! Скажу вам, як казаў цар Саламон – і неразумны , калі маўчыць, мудрым здаецца. Гэта пра вас, Чэсь. Слухайце сюды. Я плачу вам чатыры злоты за адзін рэйс, і мы паціскаем рукі! Так? Вы не ведаеце тое-сёе, Чэсь. Кажу гэта выключна для вас. Я плачу дзесяць злотаў таму кацапу, што вартуе дрот. Так што я раблю вам страхоўку, Чэсь! Добра! Я буду плаціць пятнаццаць злотаў вам, але хай той кляты кацап па вас страляе! Згода?
Чэсь, які сапраўды тыдзень таму зблудзіўшы трапіў за мяжу (драцяная агарожа, відаць была не паўсюль) і нацярпеўся там страху, калі пачуў пра “страхоўку”, палагаднеў. Урэшце сышліся на пяці злотах за адно падарожжа не далей Траскоўшчыны, і дваццаці злотах – у Менск.
- А зараз, пан Пякарскі, - сказаў Міхоль, і адчыніў буфет. – Ці не будзе вам гідка выпіць зь нехрышчоным па сто пяцьдзесят?
Чэсю гідка не было. Выпілі па сто пяцьдзесят.
- Як клічуць вашу жонку? Ці маеце дзяцей? Ну, то вось для вашай кабеткі прэзэнт. Фіра, прынясі тую хустку, з кветкамі… І насып малому Янку Пякарскаму цукерак. Чэсь, першы рэйс будзе заўтра ноччу. Падрыхтуйце сваю жоначку, што начаваць будзе адна. І нікому ні слова, як дамовіліся.
***
Сонца апускалася недзе за Страпляўцамі. Яго апошнія пурпуровыя промні заблыталіся ў крыжах былой уніяцкай царквы Перамяненьня Гасподняга, якой ўжо дзевяноста гадоў карысталіся праваслаўныя.
Пупкін, косячыся на дзьверы, інструктаваў Чэся Пякарскага:
- …ад дальняга кута агарожы трыццаць крокаў у хвойнік. Там ямка, закіданая ламаччам. Пад ламаччам – мяшок. Не, не цяжкі… Чэсь, я плачу вам пяць злотаў не для таго, каб вы ведалі, што ў мяшку. Потым увесь час – лесам уздоўж гасьцінца. Калі падыдзеце да агарожы… Вы ўмееце крычаць качкай, Чэсь? То тры разы крыкніце качкай. Нічога, што ў лесе няма качак. І далей ідзіце сьмела. Мяшок перакінеце, а сам –пад дрот. Слухайце сюды, Чэсь. Тры разы качкай. Дойдзеце лесам да дарогі на Траскоўшчыну – і там тры разы качкай. Да вас падыдуць. Аддасьцё ім мяшок, заберыцё тое, што дадуць яны. І – назад. І што? І за гэты шпацыр я павінен плаціць пяць злотаў! У іншых краінах за такі шпацыр па хваёвым лесе плоцяць тыя, хто шпацыруе! Гэта ж курорт!
* * *
Сонца апускалася за Страпляўцы. Яго апошнія пурпуровыя промні заблыталіся ў крыжах…
- Сёньня у нас Новае Поле. – Міхоль ставіў перад Чэсем новае заданьне. – Вы калі-небудзь былі ў Новым Полі? Вельмі файна! Чэсь, сёньня я пасылаю вас у вельмі небясьпечнае месца. Там стаіць кацапскі гарнізон. Таму – колькі вы хочаце надбаўкі за рызыку? Яшчэ пяць злотаў? Добра, Чэсь. Я даю вам дзесяць злотаў надбаўкі. За вельмі лёгкую справу. Але сёньня да вас ніхто не падыдзе. І барані Бог вас, Чэсь, трапіць у рукі памежнай стражы. Ну, там ля дроту будзе як заўсёды. Так, качкай.
Слухайце, Чэсь, я перадумаў, я дам вам зьверху пятнаццаць злотаў. Гэта вельмі харошы гешэфт. Але небясьпечны. Мне замовілі бомбу. Ну, людзі, якія забясьпечваюць маю краму рыбай. Таму з грузам трэба быць больш асьцярожным, чым зь дзіцем. Ніякіх страсеньняў і ўдараў! Вы ведаеце маёнтак князя ў Новым Полі?. Трэба незаўважна падкрасьціся да галоўнага ганку, насупраць левай калоны выняць два-тры камяні і патыцкаць пад калонай вось гэтым, – падаў Чэсю завостраны металічны прут. – Як намацаеце цьвёрдае, выкапаць вось гэтай кельняй. Слухайце сюды, Чэсь! Што вы там убачылі? Паўтараю: з грузам абыходзьцеся вельмі асьцярожна. Вазьміце заплечнік, так будзе зручней.
* * *
Палын патыхаў так, што круцілася галава. Высока ў чорным небе, падобная на круглы бабскі твар з перавязанай шчакой, на зямлю глядзела поўня. Яна залівала ўсё навакольле прывідным сьвятлом. Нізіны заплывалі туманам. Летні маёнтак князёў Друцка-Любецкіх стаяў на высокім узгорку, на сьхілах узгорку ляпіліся хаты паспалітых навапольцаў. Атачаў Новае Поле лясны масіў.