Рандэву на манеўрах
- Автор: Орлов Владимир Алексеевич
- Год: 1992
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00984-X
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Рандэву на манеўрах». Краткое содержание книги:
У той дзень мы з жонкаю купілі каляровы тэлевізар, увечары з такой нагоды крыху выпілі і вырашылі збіраць грошы на машыну. Даглядзеўшы каляровую перадачу — тады былі яшчэ і чорнабелыя — я выйшаў на галубец падыміць. Дома спалі, а я курыў і думаў, якая цудоўная рэч — каляровы тэлевізар. Яшчэ думаў, што, калі ўсё пойдзе ладам, праз тры ці, найболей, праз чатыры гады буду ездзіць на сваёй машыне.
Далейшыя падзеі захаваліся ў памяці надзвычай выяўна. На парэнчы галубца апусціўся грак. Спачатку я здзівіўся, бо не чакаў, што гэтая птушка можа быць настолькі смелаю, але адразу ж даўмеўся, што смеласць тут ні пры чым. Грак увесь дрыжаў і ўвогуле меў такі выгляд, быццам бясконца доўга ляцеў адкульсьці здалёк і так знямогся, што, каб не сеў на мой галубец, мог бы проста ў палёце каменем сарвацца долу. 3 хвіліну мы моўчкі глядзелі адзін на аднаго, потым ён з натугаю падняўся і знік у цемры. У мяне засталося ўражанне, што ён не толькі ўкрай стамлёны, але і вельмі стары, што лётаць яму засталося зусім мала — магчыма ўжо сёння яго сустрэне ў начным небе нябыт, і раніцою людзі ўбачаць на асфальце ці на газоне мёртвую чорную птушку, якую мне выпад кова давялося праводзіць у апошні палёт.
I вось тут нібыта не з глыбіні свядомасці, а аднекуль з бяздоннае прасторы неба, адтуль, зза ракі, дзе яно было густа высыпана зоркамі, да мяне прыйшла недарэчная думка: а што, калі б я ператварыўся ў грака і замяніў нечаканага знябытага госця? Я паспрабаваў уявіць на парэнчах, там, дзе толькі што сядзеў грак, такую ж, але, вядома, маладую і дужую птушку і... Дзьмухнула цёплым ветрам, і, не паспеўшы ацаніць свае пачуцці і нават спалохацца, я зразумеў, што вар'яцкая думка зрабілася яваю: на бетоннай падлозе галубца чырванела жарынка цыгарэты, а на адагнутым краі жалезнае ліштэўкі сядзеў надзелены маёй свядомасцю грак.
Свет застаўся тым самым і ўадначас павярнуўся да мяне іншым бокам, нязвыкла ўзбуйніўшы навакольныя рэчы і надзяліўшы іх невядомымі мне дагэтуль якасцямі: напрыклад, нацягнутая цераз галубец жылка пад бялізну найперш цікавіла мяне тым, ці здолею я ўтрымаць на ёй раўнавагу, калі захачу туды пераляцець. Дзіўна, але пераўвасабленне ўразіла мяне значна менш, чым можна было чакаць. Памятаю, мой страх хутка растаў, і я так асмялеў, што замест таго, каб выпрабаваць крылы над галубцом, зняўся з парэнчаў і рынуўся з дзевятага паверха проста ў цёмны калодзезь двара. 3 гэтага я выснаваў, што магчымасць палётаў была ўжо закладзена ўва мне, так бы мовіць, запраграмавана, і нейкая частка маёй істоты была да іх гатовая загадзя.
Упершыню я паляцеў дзесяць гадоў таму. За гэты час у маім жыцці адбыліся сякіятакія змены. Машыны мы не купілі ні праз тры, ні праз пяць гадоў, бо неўзабаве я неспадзявана для сябе пачаў пісаць апавяданні, і жыццё пакацілася іначай.
Калісьці я безліч разоў спрабаваў адказаць на два пытанні: як гэта адбываецца і чаму адбылося менавіта са мною? Развагі над першым пытаннем закончыліся высно ваю, што сам факт пераўвасаблення значна важнейшы за прызнанне яго верагоднасці. У другім я супакоіўся на тым, што гэты выпадак не паддаецца тлумачэнню, таксама як нельга, скажам, вытлумачыць, чаму ў звычайных бацькоў нараджаецца вундэркінд. Хоць тут, бясспрэчна, застаецца вялікая прастора розным гіпотэзам і здагадкам: на прыклад, ці выпадкова заявіўся да мяне стары знясілены грак або ці выпадкова ён прыляцеў акурат у той дзень, калі мы купілі каляровы тэлевізар?
Трэба, пэўна ж, сказаць і пра тое, куды я лётаю.
Найчасцей — за раку, дзе пачынаюцца палі. Раней там сеялі лён, і ад таго часу ў мяне застаўся вясёлы ўспамін. Знаёмай мастачцы, якая жыве ў мясцінах, дзе лён не расце, заманулася напісаць некалькі акварэляў з ільном. Як і было між намі дамоўлена, калі зарэчнае поле з пяшчотна зялёнага зрабілася зялёнаблакітным, а з высачыні — зусім блакітным, быццам чыстае ранішняе неба, я пайшоў на пошту, каб адбіць знаёмай просценькую тэлеграму: «Прыязджай лён зацвіў». Дзяўчынатэлеграфістка разам з шараватым бланкам некуды надоўга знікла, а вярнуўшы ся, паведаміла, што такі тэкст яна прыняць не можа, бо гэта — шыфроўка.
Назаўтра мною зацікавіліся. Пад час той размовы ў маёй вальеры з самае першае хвіліны я змагаўся са спакусаю выйсці на галубец пакурыць і ўявіць на парэнчах грака... У галаве круцілася вядомая сцэна з «Майстра і Маргары ты» — калі людзі ў цывільным наведваюцца ў кватэру да нябожчыка М. Берліёза і сустракаюць там ката, які насуплена абвяшчае ім: «Нікога не чапаю, рамантую прымус». Цяжка ўявіць, што пачалося б, каб там даведаліся, што я не толькі пасылаю шыфраваныя тэлеграмы, але і ператвараюся ў грака.