Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Той жа мужчына, якога яна зганьбіла, падхапіў моўчкі яе дарожную чорную сумку, гэтак жа моўчкі і нёс яе, ідучы павольна побач – нават і не стараўся загаварыць з ёю. Яна ўдзячна паглядзела на яго, адзначыўшы пра сябе, што і тут ёй пачало шанцаваць...
Дзяўчына ў спартовым цёмна-зялёным касцюме ішла недзе наперадзе, пра яе Людка і забылася нават, – крочыла апошняй – следам за яе памочнікам, але чамусьці непрыязнь да яго засталася – сама не ведала, чаму...
Усіх аформілі хутка – без затрымкі, аж не верылася. Нават не прыйшлося праходзіць «каранцін». Гэта калі наслойваўся «ад’езд» на «прыезд» і не было вольных пакояў, – тады людзей прыходзілася сяліць то ў бытоўку, то ў спартзалу, а то нават і ў кабінет галоўнага доктара...
І – трэба ж! Людку пасялілі разам са «спартсменкай». Напачатку ў настаўніцы ўзыграла самалюбства, нават абурэнне, і было жаданне вярнуцца ў рэгістратуру да Зінаіды Паўлюковай і папрасіць, каб пасяліла з кім-небудзь іншым... Але тут жа і падумала пра сябе: «А з кім – іншым? Хіба ж ёсць гарантыя, што нехта той іншы, будзе лепшы за дзяўчыну ў спартовым трыко?»
І міжволі змірылася. І аддалася на волю лёсу – а, няхай будзе, што будзе, – не дзяліць жа з ёю заляцаннікаў ці біцца за іх. Ад Людкі яна не адаб’е, тое і даказваць не трэба.
– Цябе зваць хоць як? – пацікавілася Людміла Дамінікаўна, калі пачалі распакоўваць свае валізкі.
– Хоць як – Аксана, – у тон яе патрапіла дзяўчына, і падначкі настаўніца не зразумела – думкі былі заняты іншым.
Каб з кім іншым, то назвалася б Людкай, але суседцы абвясціла афіцыйна, каб ведала розніцу – і ў гадах, і па саслоўнай лесвіцы:
– Ну а мяне заві Людмілай Дамінікаўнай.
– Вы ўсіх на «ты» завеце – і сваіх вучняў, і калегаў-педагогаў? – зірканула на яе Аксана, прымружыўшы вочы, як пасміхалася.
Людка шырака раскрыла блакітныя вочы, спытала, адразу ж прыняўшы да ўвагі папрок-заўвагу Аксаны:
– А адкуль вы ведаеце, кім я працую?
Аксана вымала з сумкі рэчы і складвала ў сваю шафу, не глядзела ўжо ў яе бок, адказала абыякава:
– Ды на твары напісана...
Людка больш ні пра што не пыталася, але супакоіла сябе тым, што дзяўчына магла падгледзець у рэгістратуры яе пуцёўку, дзе і было ўказана яе месца працы і кім працуе. Нічога ў тым дзіўнага не было. Каб яна, Людка, прачытала Аксаніну пуцёўку, то тады дакладна сказала б і пра яе, – можа яна калгасны пачынаючы бухгалтар у глухой Богам забытай вёсачцы, а мо і сельсаветчыца...
Прыехалі ў пятніцу. І ў той жа вечар, як абвяшчала аб’ява перад уваходам у сталоўку, у танцавальнай зале меўся адбыцца вечар знаёмстваў.
Людка чапурылася як ніколі. Надзела свае лепшыя строі – блакітную сукенку, на шыю пачапіла дарагія каралі. На левы бок грудзей, а яны ў яе былі высокія, поўныя, бы схаваныя запазухай качаны капусты,– прыкалола брожку з камянямі – ружу. І пяць, і дзесяць разоў выглядвалася ў люстэрка – і нарэшце засталася задаволенай сваім знешнім выглядам. Цяпер – хоць на прыём да самога караля, на любы высокі і шыкоўны баль, – упэўнена была, што выглядаць яна будзе прыкметна і прыцягальна...
Аксана да вечара не праяўляла ніякай цікавасці – на танцы пайшла ў тым, у чым і прыехала – у спартовым трыко, як быццам выдзеліцца хацела з адваротнага боку. Пайшла без Людкі. Мо каб не замінаць ёй, каб не псаваць настрой сваёй прысутнасцю.
Культмасавік, тонкі і высокі, з прычоскай колеру медзяной чырвані круціў магнітафон з запісамі танцавальных мелодый розных гадоў, але ўсім падабалася, калі ў рукі браў баян чарнявы хлопец, які яшчэ і сам барабаніў сабе: ціснуў нагой на педаль бубна ў патрэбны такт – і тая качалка глуха біла па нацягнутай скураной паверхні, а доўгія драўляныя палачкі, прымацаваныя да другой педалі, білі па медных талерках...
Аж вішчэлі, увайшоўшы ў азарт, маладухі, адчуўшы вольніцу ў сваіх паводзінах, адарваўшыся ад дамашніх вясковых ці гарадскіх клопатаў, ад мужоў сваіх, вецер ганялі спадніцамі, кружачыся ў віхурным танцы. Аксану дык адзін за адным хапалі хлопцы і мужчыны, матлялі па зале, заглядвалі ў вочы, нешта смешнае расказвалі, самі смяяліся...
Людка стаяла воддалеч ад усіх, неяк збоку, і да яе ніводнага разу не падышоў ніводзін мужчына. А іх, як аказалася, было шмат у зале. І аднаго, і другога, і пятага ўпадабала сабе Людка, ды ні адзін з іх не ўпадабаў яе.У яе разрывалася сэрца ад болю і крыўды.Яна нічога не разумела. Такога яшчэ ніводнага разу з ёю не было. А ездзіла ж яна адпачываць мо разоў з дваццаць – штогод. І збілася з ліку, колькі ў яе было за ўсе гады палюбоўнікаў... Тут жа ныла і трымцела сэрца ад зайздрасці: вунь жанчыны – глядзець няма на што, – ні паставы, ні твару, а раз за разам запрашаюць у круг, а на яе, Людку, ніхто і вокам не кінуў...