Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
«Туды ніколі не позна... Таму не спяшайся, дзед Нікадым, – мы вельмі не хочам гэтага. Ніхто з нас не хоча.»
«От свавольнікі, от жабы малыя, тут-ка тваю, вам бы толькі паздзекавацца з мяне, пасмяцца, – і ахвота вам гэтым займацца, га, Маўчун, ну, скажы?..»
Вуж болей старому нічога не гаварыў – не хацеў трывожыць яго сэрца. Ён прымружыў вочы і з асалодай радаваўся таму, што Нікадым вярнуўся да жыцця, што цяпер ужо можна будзе з ім пляткарыць доўгімі вечарамі, расказваць пра свае вужыныя гісторыі, распытваць у дзеда пра яго доўгае, поўнае дзівосаў, жыццё...
Маўчун быў ледзьве жывы. Увесь боль, які спальваў сэрца чараўніка, ён узяў на сябе. Цяпер ужо дзед Нікадым будзе дзяліцца сваёй сілай са сваім лекарам... Стары ляжаў на спіне, слухаючы, як калючымі іголачкамі пульсавала кроў, саграваючы ўсё цела, – удзячны ўсё ж быў вужыку за яго клопаты, і таму не хацеў праганяць яго са сваіх грудзей...
А Міхаська недзе прападаў у лесе, бегаючы па сваіх і звярыных сцежках, і не ведаў, нават не здагадваўся, мусіць, што мог застацца сіратою, без дзеда, – меў свае клопаты, свае гульні і захапленні, што прыносіла яму радасці і хваляванні, асалоду і яшчэ большую прагу яднання з прыродаю... Дзед адчуў лёгкасць ва ўсём целе, і яго ахапіў дрымотны сон. Маўчун, адчуваючы, што бяда мінула, наважыўся якую хвіліну адпачыць на дзедавай хударлявай грудзіне...
Набіраў сілу ранні вечар.У Нікадымавых грудзях набірала сілу жыццёвая раніца. Лес, супакоены добраю навінаю, не шумеў трывожна і неспакойна голлем дрэў, – суцішыўся, рыхтаваўся да сну...
2.
На прыпынак, што знаходзіўся непадалёк ад вёскі Завышша, аўтобус прыехаў пад вечар, – калі ўжо насоўваўся шэры прыцемак, калі цьмянае прасцірадла смугі пачало ўкутваць і ахутваць вёску і лес, што падступаўся амаль да вясковых агародаў. Аўтобус быў не санаторны, рэйсавы, які штодня праязджаў непадалёк ад санаторыя «Высокія сосны». І добра, што рэгістратарка Зіна Паўлюкова здагадалася пазваніць на аўтастанцыю і папярэдзіць дыспетчара, каб аб’явіў тым, хто едзе ў «Сосны», не чакалі іх аўтобуса, а сядалі на рэйсавы і ехалі да павароткі на Завышша... Разоў з дзесяць дыспетчарка аўтобуснай станцыі перадавала тую аб’яўку, пераклаўшы на свой лад: «У сувязі з тым, што санаторны аўтобус па тэхнічных прычынах не можа прыехаць і забраць адпачываючых, таму просьба санаторнікаў сесці на рэйсавы...»
Людачка Хвойная, альбо як яе называлі дзеці ў школе-інтэрнаце, Людміла Дамінікаўна, нават і задрамала за тыя сорак хвілінаў, калі каціўся па гравейцы «Ікарус». Бо дабіралася поездам, – а які сон у вагоне, адна назва толькі. У дрымотным сне паспела прысніць свайго чарговага палюбоўніка. Выглядаў ён, канечне ж, маладжава, быў высокі і стройны, у светлым касцюме. Усміхаўся ветла, нават паспеў спытаць яе:
– І чаго ж ты так доўга не прыязджала? Я чакаў цябе. Можна запрасіць цябе на танец?
Адказаць не паспела – нехта ўмяшаўся ў іх размову, зычным голасам, што і мёртвага, мусіць, разбудзіў бы, абвясціў:
– Шаноўныя! Каму да санаторыя, то трэба выходзіць тут. Вунь справа, над соснамі, гарыць чырвоны агеньчык на трубе, – вось туды і кіруйцеся.
Кіроўца пакінуў нават сядзенне, прайшоў між крэслаў, пакуль не пераканаўся, што не было спячых і яго аб’яву чулі ўсе, – вярнуўся на месца, газануў, абдаўшы санаторнікаў кіслым дымком.
З аўтобуса выйшла чалавек з дзесяць. Найбольш жанчыны. Было некалькі мужчынаў, але яны былі не з тых, каго магла ўпадабаць Людка, – непрыглядныя нейкія, нехлямяжыя, шэрыя, «абы-якія», як вызначыла яна...
«Ну, нічога, – не адчайвалася Людміла Дамінікаўна, – мне маё будзе. Яшчэ ніводнага разу не згарэла ў мяне пуцёўка, яшчэ ні разу не спала я ў ложку адна... То ж не пра мяне адпачываючы паэт аднойчы прысвяціў жанчыне, якая вельмі назаляла яму, такія радкі:
Людка пільным і спрактыкаваным вокам рабіла агледзіны адпачываючых. Ні на адным не спынілася яе вока.
«Не, я сваё вазьму... Я ж не замухрышка якая, як вось гэтае дзяўчо, што йдзе наперадзе ў просьценькім спартовым трыко... На яе наўрад ці кінецца які мужчына – скура ды косці, ды яшчэ і нос гарбылём... На першым жа вечары танцаў я не ўпушчу свайго...»
Валізкі былі і не дужа цяжкія, але і лёгкімі не назавеш, – з такім багажом Людка заўсёды выбіралася ў санаторый. А выбіралася яна кожным годам, калі яшчэ быў жывы муж – лётчык грамадзянскай авіяцыі, і пасля, калі не стала яго. Старалася адсанаторыцца ў жніўні, перад заняткамі, а калі не выпадала, то і ў любы час, нават і зімой... Для яе няважна якая была пара года, галоўнае, каб быў побач з ёю супрацьлеглы пол...