Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
* Джалаладдзін Румі (пачэснае імя Маўлеві, 1207–1273 гг.), — персідскамоўны паэт, чые газелі і оды з'яўляюцца вяршыняй суфійскай містычнай паэзіі.
Чытальнік замоўк, і ў пакоі запанавала цішыня. Усе глядзелі на Еўдакію. У яе дрыжалі вусны і вочы былі поўныя слёз. Яна абняла маладога чалавека.
— О пані! Гэта занадта вялікая ўзнагарода за мой сціплы дар, — засаромеўся той.
— Калі б я магла, я ўзнагародзіла б і таго, чые радкі, нават у перакладзе, прымусілі мяне плакаць, — адказала Еўдакія. — Дзе ён, гэты… гэты…
— Джалаладдзін Румі, - падказаў Салім. — Нядаўна нам стала вядома, што Рум, родны горад паэта, ушчэнт спалілі стэпавыя качэўнікі. Манголы пагналі ў палон многіх румійцаў. Можа, Румі недзе сядзіць над сухім кавалкам хлеба, а можа, не мае і яго, хаця радкі з яго паэмы спяваюць у караван-сараях і ля стэпавых калодзежаў, а цяпер слухалі і мы, недастойныя сыны Алаха…
Калі скончылася свята і гаспадары шчодра адарылі маленькага сына Саліма і парадзіху, Галдан Цэрэнхан надзеў на шыю немаўляці зашмальцаваны скураны мяшэчак з маленькай драўлянай багіняй. На момант вынятая з мяшэчка, яна загадкава бліснула на прысутных вачыма, зробленымі з празрыстых дыямантаў.
— У час сваіх медытацый я дзень за днём наслойваў на гэты талісман свае пажаданні, - сказаў ён. — Думаю, што яны хаця трохі аберагуць твайго сына ад чорных сілаў Цемры.
— Ты ўжо разам з золатавалосай славянкай выратаваў мне сына, — схіліўся перад ім Салім. — Я на ўсё жыццё твой і яе даўжнік!
— Мы ўсе даўжнікі адзін перад адным, — азваўся лекар. — І ты рабі добрае, не чакаючы аддзякі, каб не перарываўся ланцужок добрых спраў.
* * *
Калі яны выходзілі з доміка Саліма, было позна. Надвор'е перамянілася: дзьмуў апаркцій, халодны паўночны вецер, і нізка гнуліся да зямлі алівы, мігдалавыя дрэвы і магноліі. Рэзка перамяняліся цені-аблокі на поўні, нібыта ганчакі кідаліся на звера і адскоквалі назад, ад чаго мошчаная каменем дарожка то цьмянела, то бліскала жоўтым прывідным святлом.
— Пастарайся быць асабліва клапатлівай з гаспадыняй, — сказаў тыбецкі лекар. — Трэба, каб адышла яна са спакойнай, светлай душой.
— Ты ўвесь час гаворыш, што ў тваіх незвычайных ведах няма нічога ад чарадзейства, — хутка загаварыла Жывена. — Але ж і ў нашым храме, дзе сабрана шмат ад даўняй мудрасці, не ведаюць і нават не чулі нічога падобнага — за некалькі месяцаў вызначыць час смерці! Мабыць, ты нешта хаваеш ад мяне. Які дух табе служыць?
- І ўсё ж я паўтару табе яшчэ раз: толькі мудрасць змагла так глыбока авалодаць таямніцамі жыцця і смерці, і ў гэтым няма нічога ад цёмнага і злога. Нашы лекары першы раз узыходзяць на прыступкі ведаў з шасці гадоў, навука цягнецца гадоў трыццаць. І толькі праз гэты час навучаюцца тыбецкія мудрацы адрозніваць пульс жыцця і пульс смерці. Хочаш, я прачытаю табе Дадатковую Тантру з нашай Кнігі Кніг — «Чжуд Шы»? Яе стварылі старажытныя мудрацы, перад якімі я — пясчынка.
І ён, не чакаючы адказу, стаў павольна чытаць:
Калі пульс душы знаходзіцца на месцы -
значыць, на месцы душа,
Іначай жыццё становіцца ненадзейным.
Калі пульс душы знік, душа пайшла наверх — гэта смерць,
Хаця яшчэ можна вярнуць яе абрадам ашукання смерці.
Калі ў мужчыны пульс душы на правай руцэ скруціцца
І спыніцца — памрэ бацька альбо брат.
На абедзвюх руках — памрэ сам ад мяча.
Калі спыненне разавае — будуць згубы і плёткі.
Калі ў жанчыны скруціцца і спыніцца пульс душы
На правай руцэ — памрэ нехта з родзічаў мужа.
Спыніцца на левай — памрэ муж альбо сын.
Калі пульс душы мяняе месца — гэта з-за дэманаў.
Калі пульс душы на працягу ста ўдараў быў роўным -
Чалавек дажыве да ста гадоў.
Калі на працягу пяцідзесяці — дажыве да пяцідзесяці.
Кожны ўдар тут роўны году жыцця.
Лекар, які ведае пульсы, усё роўна як размаўляе з імі,
Ён даведаецца аб усім, нічога не пераблытае…
Жывена ў захапленні слухала.
— Як шкада мне, што ты сыходзіш, падражніўшы мудрасцю, якой мне ніколі не авалодаць! — прашаптала яна.
— У цябе іншая мудрасць, свая, — адказаў ён. — Кожны народ вучыцца ў прыроды, якая яго акружае. Можа, мы, тыбетцы, ведаем болей за іншых таму, што на сваіх высачэзных гарах знаходзімся бліжэй да Неба?
Яны не паспелі яшчэ разысціся па сваіх пакоях, як да іх падбег папія — распарадчык комітавага двара.
— Пан кліча вас. Абаіх! І хутка!
— Я забягу да сына, — памкнулася да дзвярэй Жывена.