Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
Усе прысады, абгароджаныя слупамі й ланцугамі, вялі ў сярэдзіну долу. Там стаяла вежа цудоўнага аблічча. Збудавалі яе ў даўніну тыя самыя рукі, якія вычасалі агароджу Ізенградку. Аднак яна падавалася не стварэньнем чалавечых рук, а нечым вычвараным з самых горных костак старажытным вывяржэньнем, даўняй пакутай гор. Падавалася яна скалою, голым каменем, чорным, бліскучым і цьвёрдым: чатыры магутныя шматгранныя слупы, скаваныя ў адзін. Ля вяршыні яны разыходзіліся зноў, нібы магутныя рогі з канчарамі вострымі, як дзіды, з краямі, вастрэйшымі ад нажоў. Між імі заставалася пляцоўка, і на ёй, на сьлігтаванай падлозе, сьпярэшчанай дзівоснымі знакамі, можна было стаяць – паўтысячы ступнёў над роўнядзьдзю. Такім быў Ортанк, цытадэль Сарумана. Назва яго – ці выпадкова, ці адмыслова – мела два значэньні: на мове эльфаў – Ікол-гара, а на старажытнай мове Ўкрайны – Умысны Розум.
Моцным й цудоўным быў калісьці Ізенградак. Доўга ў ягоным харастве жылі вялікія ўладары, вартавыя гондарскага захаду, і мудрацы, што назіралі за зорамі. А Саруман павольна перарабіў яго дзеля сваіх пераменлівых мэтаў. Яму падавалася – палепшыў. Але ж усе прыдумкі, хітрыкі й прылады, за якія ён аддаў ранейшую мудрасьць, былі ўсяго выразным падманам – тым, што прыйшло з Мордару й завалодала ягоным розумам да такой ступені, што ён прызнаў прышлае сваім і з ахвотаю ўжыцьцяўляў. Не яму належала пабудаванае ім. Было яно толькі зьменшанай копіяй, дзіцячай цацкай ці рабскай лісьлівай падробкай вялізных умацаваньняў, збраярняў, вязьніцаў ды печаў вялікай моцы Барад-дуру, Цёмнай вежы, чый гаспадар, не выносячы аніякага суперніцтва, сьмяяўся зь лісьлівасьці, чакаючы свайго часу, споўнены пыхі й упэўнены ва ўласнай неабсяжнай моцы.
Так чуткі апісвалі крэпасьць Сарумана, бо аніхто з жывых тады роханцаў не заходзіў за яе браму, за выключэньнем, магчыма, падобных да Зьмеяротага. А тыя зьяўляліся таемна й пра ўбачанае не распавядалі анікому.
Гэндальф пад'ехаў да слупа з выявай рукі й мінуў яго. I пасьля таго вершнікі раптам заўважылі ў зьдзіве, што рука болей не падаецца белай. Яе нібы запляміла засохлая кроў. Глянулі бліжэй: яе пазногці чырвоныя. А Гэндальф спакойна ехаў далей, у туман, і астатнія неахвотна рушылі за ім. Паўсюль навокал, быццам пасьля раптоўнага патопу, стаялі вялізныя лужыны. Вада заліла кожную лагчавінку па бакох дарогі. Струменьчыкі цьвірчэлі сярод камянёў.
Нарэшце Гэндальф спыніўся й паклікаў астатніх. Далей туман радзеў, а празь яго слаба зьзяла сонца. Мінуў поўдзень. Брама Ізенградку ўжо была побач.
Але ж палавінкі брамы ляжалі пакамечаныя й перакручаныя на зямлі. I паўсюль навокал валяліся разламаныя, разьбітыя рэчы й часткі збудаваньняў, безьліч вострых, крывых, няроўных каменных аскепкаў, раскіданых далёка ці згрувашчаных у кучы. Вялікая брамавая арка яшчэ стаяла, але тунэлю за ёй не было. Зь яго зьнесьла дах, і з абодвух бакоў у скалах зеўралі вялізныя дзіркі й праломы. Прыбрамныя вежы былі паваленыя й раструшчаныя ў пыл. Нават калі б само Вялікае мора ўзьнялося ў шаленстве й абрынулася бураю на горы, усё адно такога не нарабіла б.
А кола роўнядзі ўнутры сьценаў было паўнюткае вадою, якая парыла, нібы кіпень, – рыхтык буркатлівы рондаль, у якім плавала й круцілася безьліч сьмецьця: аскепкі й цэлыя бэлькі, бярвеньне й плахі, скрыні, кошыкі й кавалкі ўсялякіх прыладаў. Пахіленыя й скручаныя слупы яшчэ тырчэлі расколатымі канцамі над вадою, але ўсе прысады былі затопленыя. Далёка наперадзе працінала воблака скалістая выспа. Там, па-ранейшаму змрочная й высокая, стаяла вежа Ортанку. Нячыстая вада плёскалася аб яе ўзножжа.
Кароль з харугвай сядзелі на конях моўчкі, дзівячыся, бачачы, што моц Сарумана зьняслаўленая, але ж якім чынам, уявіць не маглі. Тады агледзелі арку й зруйнаваную браму. I зьвярнулі ўвагу на вялізны груд каменнага ламачча побач зь ёю. А там – зірні-тка! – прывольна разьлегліся дзьве невялічкія асобы, апранутыя ў шэрае й амаль непрыкметныя сярод камянёў. Бутэлькі, талеркі й місы ляжалі побач зь імі, нібы яны толькі-толькі добра падсілкаваліся й зараз адпачываюць ад цяжкой працы. Адзін зь незнаёмцаў, падавалася, спаў. Другі ж, паклаўшы нагу за нагу й рукі за патыліцу, прыхіліўся да вышчарбленага каменя й выдзьмуваў з роту доўгія завіткі й маленькія кольцы рэдкага блакітнага дыму.
Пэўны час Тэядэн і харугва пазіралі на іх у немым подзіве. Пасярод ізенградзкіх развалінаў гэтыя бесклапотныя малыя падаваліся найдзівосьнейшаю зьяваю. Але не пасьпеў кароль вымавіць слова, як адзін ускочыў. Выглядаў ён чалавечым юнаком, ці надта падобным да юнака, хоць быў ня болей за паўчалавека ростам. На галаве, апрача рудых кучаравых валасоў, не насіў нічога, а апрануты быў у заплямлены плашч такога самага адценьня й фасону, як у Гэндальфа й прыбылых зь ім да