Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
Раптоўна нешта нібы штурхнула яе. Толькі на імгненне сустрэліся вочы дзяўчыны з вачыма Нікіфара, але нібы палыхнуў на яе той жа нястоены агонь пажадлівасці… Жывена імгненна наструнілася, як пры небяспецы. А ён адразу ж нахіліўся над жонкай, нешта зашаптаў, ды моцныя яго пальцы так сціснулі керамічны сподак, што ён глуха хрумснуў і ўпаў на падлогу. Ніхто не заўважыў здарэння, бо якраз у гэтую хвіліну з аглушальным стогнам абарвалася музыка, танцоўшчыца застыла, перарывіста дыхаючы. На жываце ў яе ільсніліся кропелькі поту, але насурмлены, з шырокімі чорнымі брывамі твар заставаўся спакойна-замкнёным, нібы душою жанчына была далёка ад навакольнага. Пасля яна слізганула за заслону, і тады мужчыны ў пакоі заварушыліся, загаманілі, а Еўдакія ўпершыню ўсміхнулася, на шчоках з'явіўся жывы румянак, вочы ж павільгатнелі.
«Ці былі ў яе ночы, накшталт нашай купальскай, калі ўсе сілы зямлі і прыроды нібы аб'ядноўваюцца, каб прымусіць чалавека страціць розум? Так, багі адбіраюць у людзей розум дзеля таго, каб тыя выканалі законы жыцця, і ўсе падуладныя тым законам. А яна? Ці трапятала ў абдымках? Ці так жа спакойна, як робіць усё, пабралася з комітам? — думала Жывена, назіраючы за сваёй гаспадыняй. — І чаму менавіта ад яе залежыць маё жыццё, мая свабода? Што звязвае нас?»
Яна баялася дадумваць да канца, успамінаючы вочы Нікіфара і той адзіны пагляд, над якім ён, мабыць, быў не ўладны, але які пратнуў яе шалёным мужчынскім жаданнем.
— Ведаеш, што я ўспамінаю? — загаварыў да яе Галдан Цэрэнхан.
— Што, Настаўнік?
— Старажытныя мудрацы казалі: «Дух адчувае пакуты жыцця і смерці датуль, пакуль не адмовіцца ад сувязі з прыродай. Падобна да таго, як танцоўшчыца, што паказала сябе сабранаму натоўпу гледачоў, заканчвае танец і сыходзіць, так і прырода, што творыць, адыходзіць пасля таго, як паказала сябе Духу ва ўсім бляску. Танцоўшчыца адыходзіць, таму што яе бачылі, а гледачы — таму, што яны нагледзеліся. Так разрываецца сувязь духу і прыроды, таму што яны валодаюць пэўнымі ведамі, і няма болей прычыны для іх сувязі і для тварэння, што ўзнікае ад гэтай сувязі».
Жывена доўга маўчала, раздумваючы над ягонымі словамі.
— Але скажы мне, Настаўнік, сам Дух адмаўляецца ад гэтай сувязі ці нешта прымушае яго рабіць гэта?
Галдан Цэрэнхан злавіў яе позірк, міжволі кінуты на Еўдакію.
— Якое ж ты дзіця яшчэ! — сказаў не то з дакорам, не то з сумам. — Я шмат казаў табе — усё, што павінна быць, збудзецца так ці іначай. А табе карціць дадому, табе хочацца свабоды, і ты міжволі чакаеш смерці гаспадыні.
— Я ведаю, — Жывена пакорліва схіліла галаву, — ты ўвесь час кажаш: «Назірай за сваім жыццём з мудрасцю і цікавасцю і вер, што ўсё будзе так, як будзе». Але, баюся, мне не стаць мудрай, бо для гэтага трэба ўзвысіцца над сваім жыццём. Яно б'е мяне!
Тым часам Салім схіліўся ў нізкім паклоне перад гаспадарамі.
— Я папрасіў маладога паэта Фоку, які служыць у залаташвейнай эргастырыі*, перакласці паэму аб каханні, якую толькі што напісаў славуты ў Румскім султанаце Сельджукаў Джалаладдзін Румі. Прысвечаная яна Мяджнуну, які напоўніў усю пустыню песнямі аб каханай, з якой быў разлучаны. Уладар той зямлі ў рэшце рэшт загадаў прывесці Ляйлу да яго і быў здзіўлены, сказаўшы: «Ды любая нявольніца ў маім гарэме прыгажэйшая за цябе».
* Рамесныя майтэрні, яны ж і крамы.
Вёрткі малады хлопец, якога Салім вывеў за руку, схіліўся перад комітам і яго жонкай і пачаў павольна чытаць на грэчаскай мове:
Спытаўся хан: «Дык ты і ёсць Ляйла,
Што хлопца да вар'яцтва давяла?
Але красы ў табе не бачу я:
Любая лепш нявольніца мая!»
Тады адказвала яму дзяўчына:
«Убач мяне ягонымі вачыма!
Як ён, п'яней ад дотыку рукі!
І летуценняў разгарні шаўкі,
Мо той, хто ад кахання звар'яцеў,
Спасцігнуў тое, што мудрэц хацеў
Пачуць ад свету, пыл абтросшы з кніг…
Душу кахання мой Мяджнун спасціг!
Ты паглядзі палёт арла удзень:
Высока ён, бяжыць унізе цень.
За ценем ты з пажадлівасцю скачаш,
Не сам прадмет — адлюстраванне бачыш.
І ў гэты цень пускаеш ты стралу.
Ды толькі што твой гнеў і злосць арлу?
І ў рэшце рэшт і сам спасцігнеш ты:
Жыццё прайшло, і твой калчан пусты…»*
(Тут і далей пераклад на беларускую мову мой. — В.І.)