Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
1 ... 74 75 76 77 78 79 80 81 82 ... 150
Перейти на страницу:

Аніхто не адказаў яму але ён убачыў, што твары перамоўнікаў пашарэлі ад жаху, кашталян заўважыў страх у вачох і зарагатаў, бо яму падалося, што ягоная забава добра ідзе.

– Файна, файна! – падсумаваў ён. – Даражэнькі быў вам шпег, бачу я. Ці мусіў ён сягнуць чагось надзвычай істотнага для вас? Напэўна ж. А цяпер перад ім доўгае, на гады й гады, катаваньне, такое доўгае й павольнае, на якое толькі здольныя нашыя майстры ў Цёмнай вежы. I ня будзе яму вызваленьня, хіба ён цалкам пераменіцца, зламаны ў духу й сэрцы, каб вярнуцца да цябе й каб ты пабачыў, што празь цябе здарылася зь ім. Тое непазьбежна, калі вы не пагодзіцеся на ўмовы майго Гаспадара.

– Назаві ўмовы, – рашуча запатрабаваў Гэндальф, але ж тыя, хто стаяў побач, убачылі адчай на ягоным твары, чараўнік падаўся старым, зморшчаным небаракам, які страціў усё, пацярпеў цяжкую паразу. Не сумняваліся: ён прыме ўмовы.

– Вось яны, – пасьміхнуўся вястун Мордару, абводзячы позіркам аднаго за адным. – Гондарская набрыдзь ды ейныя падманутыя хаўрусьнікі зараз жа адступаюць за Андуйн, пакляўшыся спачатку аніколі не падымаць зброю супраць Саўрона Вялікага адкрыта ці таемна. Усе землі на ўсход ад Андуйну пераходзяць назаўсёды да Саўрона, і толькі да яго. Землі на захад ад Андуйну да Туманных гор і Брамы Рохану робяцца даньнікамі Мордару. Жыхары там пазбаўляюцца права насіць зброю, але ім будзе дазволена самім кіраваць сваімі справамі. Аднак яны дапамогуць адбудаваць Ізенградак, які ў сваёй пысе марна разбурылі, і належацьме ён Саўрону, ягоны гетман заўладарыць там – не Саруман, а болей варты даверу.

У кашталянавых вачох лёгка чыталіся ягоныя думкі: ён стане тым гетманам, каб сабраць пад сваю руку, што засталося ад Захаду. Ён стане тыранам, а ўсе вакол – ягонымі рабамі.

– Ці не зашмат за аднога служку? – засумняваўся Гэндальф. – Твой гаспадар хоча так вытаргаваць тое, за што яму давялося б весьці не адну вайну. А мо адно гондарскае поле гэтак парушыла ягоную надзею на перамогу, што ён цяпер спадзяецца адно на гандлярскае майстэрства? А калі б насамрэч гэткі каштоўны нам быў той віж, з чаго нам верыць, што Саўрон, найпадступнейшы з усіх майстроў здрады, выканае абяцанкі? I дзе ж сам вязень? Спачатку выведзі яго да нас ды перадай нам, а тады ўжо мы падумаем над умовамі.

I тады Гэндальфу, які замёр, уважліва назіраючы, бы ў паядынку зь сьмяротным ворагам, падалося, што на час адзінага ўздыху мордарскі вястун разгубіўся, але адразу зарагатаў зноўку.

– Не гуляй у марнай пысе з голасам Саўрона! – выгукнуў кашталян. – Вядома ж, табе хочацца! Саўрон за так не дае анічога! Калі ўжо хочаш шчодрасьці ад яго, дык выконвай ягоныя загады. Вось умовы. Бяры й ідзі зь імі – ці бязь іх!

– Вось што мы возьмем! – абвесьціў нечакана Гэндальф і адкінуў плашч.

Белае сьвятло ўскінулася, нібы палымяны меч сярод цемры. Перад узьнятай Гэндальфавай рукой мордарскі мярзотнік адсунуўся, а Гэндальф, наблізіўшыся, адабраў у яго эльфскі плашч з кальчугай ды меч.

– Гэта мы бярэм на памяць пра нашага сябру, – абвесьціў чараўнік. – Што ж тычыцца тваіх умоваў – мы абвяргаем іх цалкам. А зараз прэч, бо скончылася тваё пасланства й сьмерць ужо за крок ад цябе. Мы прыйшлі сюды не марнаваць словы ў перамовах з Саўронам, здрадным і праклятым, і яшчэ меней траціць іх на ягонага раба! Прэч!

Не засьмяяўся вястун Мордару. Твар ягоны перамяніўся ад зьдзіўленьня ды злосьці на пысу пачвары, што, ужо падрыхтаваўшыся хапаць здабычу, атрымала нечакана ў іклы пякучым дубцом. Гнеў апанаваў яго, і бясформавыя гукі шаленства вырваліся, паўздушаныя, з глоткі. Але ў тварах правадыроў Захаду ён прачытаў лютасьць і ў іхніх вачох – сьмерць, і страх перамог злосьць. Чорны ваяр загалёкаў, павярнуўся, ускочыў на каня й з усёю хеўраю паскакаў шалёна назад, да Кірыт Гаргару. I пакуль скакалі, ягоныя хаўрусьнікі задзьмулі ў рогі, падаючы даўно абумоўлены сыгнал, і не сягнулі яшчэ Брамы, як пастка Саўронава пачала зачыняцца.

Забілі барабаны й выбухнулі агні. Вялізныя палавінкі Чорнай Брамы шырока разьвінуліся, і з праходу вонкі хлынула вялікае войска – што ўзьвіраная вада з плаціны, калі ёй адчынілі выток.

Правадыры Захаду паўскоквалі на коней ды паскакалі назад, а войска мордарскае кпліва загукала. У паветры заклубіўся пыл: тое выйшлі шыхты ўсходнікаў, што чакалі сыгналу ў цені Эрэд Літуі за дальняй вежай Іклаў. Ды з гор пааберуч ад Маранану памкнула незьлічонае мноства оркаў. Людзі Захаду патрапілі ў пастку, і неўзабаве ўсё вакол шэрых пагоркаў, дзе стаяла заходняе войска, затапілі ворагі колькасьцю дзесяцькроць, а то й болей. Саўрон ухапіў прынаду, прапанаваную яму, сталёвымі сківіцамі.

1 ... 74 75 76 77 78 79 80 81 82 ... 150
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)