Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
Гэтак праходзілі дні безнадзейнай выправы. На чацьверты дзень ад Скрыжаваньня й шосты ад Мінас Тырыту сягнулі нарэшце канца жывой зямлі й крочылі ў запустэчу перад брамаю перавалу Кірыт Гаргар. Ужо бачылі багны й пустэчы, што цягнуліся на поўнач і на захад да Эмін Мюйлу. Так мёртва было там, так вусьцішна й маркотна, што некалькі ваяроў зусім палі духам і не маглі ані ісьці далей, ані ехаць.
Арагорн зірнуў на іх бяз гневу, але з спачуваньнем. Маладзёны з Рохану, з далёкай Заходняй Украйны, ці пастухі з Ласарнаху – для іх Мордар з маленства быў сымбалем ліха, несапраўдным вусьцішным паданьнем, якое існавала па-за іхнім простым жыцьцём. А цяпер яны крочылі ў ажылыя зморы і не разумелі, чаму патрэба гэтай вайны ды лёс прывялі іх да гэткага неверагоднага жаху.
– Ідзіце! – прамовіў ім Арагорн. – Але ж захавайце гонар, не бяжыце! Ёсьць справа на вашыя сілы, каб палегчыць ганьбу. Рушце на паўднёвы захад, да Кайр Андрасу, калі там яшчэ трымаюцца ворагі, адбіце яго, калі здолееце, і трымайце да апошняга ў імя Гондару й Рохану!
Некаторыя ад такой літасьці засаромеліся, пераадолелі страх ды пайшлі далей, а астатнія натхніліся новай надзеяй, пачуўшы пра мужную справу, на якую ставала сілаў, і выправіліся выконваць яе. I вось так, улічваючы колькасьць пакінутых ахоўваць Скрыжаваньне, меней за шэсьць тысячаў ваяроў прывялі правадыры Захаду, каб выклікаць на бітву ля Чорнай Брамы ўсю моц Мордару.
Цяпер прасоўваліся павольна, чакаючы кожную гадзіну адказу на свой выклік, усіх ваяроў сабралі ў адзіны шыхт, бо зараз высылаць выведнікаў ці малыя разьезды значыла толькі страціць іх. На ўзьвячорку пятага дня паходу ад даліны Моргулу сталі лягерам апошні раз, расклаўшы вогнішчы зь мёртвага дрэва ці верасу, што адшукалі. Ноч правялі бяз сну, адчуваючы шмат напаўбачных істотаў, што бадзяліся й гойсалі паўсюль вакол, чулі ваўчынае выцьцё. Вецер сьцішыўся, і ўсё замёрла. Ня бачылі амаль нічога, бо хоць нябёсы й не захмарыла, і месяц вырас на чатыры дні ад ноўчыку, зь зямлі падымаліся пара й дымы, і белы маладзік засмужылі брудныя подыхі Мордару.
Схаладнела. З раніцаю вецер заварушыўся зноўку, але цяпер задзьмуў з поўначы, а неўзабаве пасьвяжэў ды ўзмацніўся. Усё маўчала, насьцярожана назіраючы. На поўначы сярод агідных ямінаў рысаваліся першыя вялізныя кучы шляку, крышанага каменю й апаленай зямлі – ваніты сьлімачнага мордарскага народцу. А на поўдні, зусім блізка, луналі дужыя муры Кірыт Гаргару й Чорная Брама сярод іх, і дзьве вежы-іклы высіліся чорна й пагрозьліва пааберуч. На апошні пераход правадыры сышлі з старога шляху там, дзе ён паварочваў на ўсход, каб не набліжацца да злавесных схілаў, і таму падбіраліся да Маранану з паўночнага захаду, як і Фрода калісьці.
Дзьве вялізманыя жалезныя палавіны Чорнай Брамы пад цяжкаю выгбаю былі шчыльна зачыненыя. Анічога не праглядвалася на бастыёнах. Усё чакала маўкліва й насьцярожана. Ваяры Захаду сягнулі самай мяжы дзёрзкасьці, па-за ўсялякім цьвярозым разуменьнем, і стаялі цяпер, замярзаючы, бязмэтава й бессэнсоўна, перад мурамі й вежамі, на якія, спадзеючыся на перамогу, ня здолелі б напасьці, нават калі б прывезьлі абложную зброю вялікай моцы, а Вораг меў сілаў толькі на абарону Брамы й сьцяны. А ведалі ж: усе пагоркі й схілы за Марананам паўнюткія затоеным варожым войскам, змрочны дол за імі ўскапаны й збуроўлены незьлічонымі выседкамі ліхіх пачвараў. Усе назгулы сабраліся разам, кружляючы над вежамі Іклаў, што сьцярвятнікі, і, вядома, пільна назіралі за імі. I ўсё ж Вораг аніяк не выдаваў сваіх намераў.
Выбару не заставалася, як толькі згуляць ролю да канца. Таму Арагорн пашыхтаваў войска як найлепш, дый паставіў на два вялікія пагоркі апаленага каменю й зямлі, нагрувашчаныя оркамі за гады працы. Паміж імі й Мордарам ляжала нібыта прорынь – вялізная балоціна смуроднага глею й ванітоўных лужынаў. Калі шыхт уладкавалі, правадыры выехалі да Чорнай Брамы з моцнаю аховаю вершнікаў, сьцягам, герольдамі й трубачамі. Сярод вестуноў Захаду галоўным рушыў Гэндальф, за ім Арагорн з сынамі Эльранда, Эямэр Роханскі й Імрахіль.
Запрасілі таксама Ляголаса з Гімлі й Перыгрына, каб усе ворагі Мордару засьведчылі падзеі.
Наблізіліся на адлегласьць погуку ад Маранану й затрубілі ў трубы, разгарнуўшы сьцяг, а герольды крочылі наперад і закрычалі, каб іхнія галасы разьнесьліся па-над бастыёнамі Мордару:
– Выходзьце! Выходзьце сюды! Няхай выйдзе да нас гаспадар Чорнай зямлі! Бо суд мусіць адбыцца над ім! Няправедна пашкодзіў ён вайною Гондару ды адабраў ягоныя землі. Таму кароль Гондару патрабуе, каб ён адплаціў за ліха й сышоў прэч назаўжды. Хай выйдзе сюды!