Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
Далёка за брамаю чуваць быў слабы оркаў гоман, але неўзабаве оркі змоўклі ці надта аддаліліся, і ўсё замёрла зноў. Галава Сэмава балела, і перад вачыма скакалі ў цемры прывідныя агні, але ён намагаўся супакоіцца й падумаць. Ясна: праз гэтую браму ў орцкую крэпасьць не патрапіць. Днямі можна чакаць, пакуль яна адчыніцца, а чакаць Сэм ня мог, кожная хвіліна каштавала задорага. Болей не сумняваўся наконт свайго абавязку: мусіць вызваліць гаспадара альбо загінуць.
"Загінуць – гэта болей верагодна дый нашмат лягчэй", – сказаў сам сабе пахмура, засунуўшы Джала ў похвы й адварочваючыся ад меднай брамы.
Павольна папоўз вобмацкам назад скрозь цемру па тунэлі, не адважваючыся запаліць эльфава сьвятло. Рухаючыся, складаў у галаве ў адзінае цэлае ўсё, што адбылося ад Скрыжаваньня. Цікава, колькі часу? Напэўна, дзесьці паміж днём і ноччу, але ж нават у ліку дзён Сэм цалкам заблытаўся. Бо патрапіў у месца цемры, дзе, здавалася, забыліся дні сьвету сьвятла й сьвет той забыўся на ўсіх, хто трапіў сюды.
"Цікава, ці згадваюць нас хоць калі, – разважаў ён, – і што там зь імі ўсімі адбываецца".
Махнуў рукою кудысьці наперад, але ж паказаў насамрэч на поўдзень, не на захад, бо вярнуўся ўжо да тунэлю Шэлаб. А на захадзе, у тым сьвеце надыходзіў полудзень чатырнаццатага сакавіка паводле шырскага адліку, Арагорн вёў чорны флёт ад Пеларгіру, Мэры скакаў з рахірымамі па Даліне Каменных Вазоў, а ў Мінас Тырыце ўздымалася полымя й Піпін назіраў, як расьце вар'яцтва ў Дэнэтаравых вачох. Але ж пасярод клопатаў і небясьпекі думкі сяброў увесь час вярталіся да Фрода з Сэмам.
На іх не забыліся. Але ж недасягальна далёка былі яны для любой дапамогі, і аніякія думкі пра іх не дапамаглі б зараз Сэмвайзу, сыну Хэмфаста. Ён застаўся на самоце.
Прыйшоў нарэшце назад, да каменных дзьвярэй орцкага тунэлю, так і ня здолеў адшукаць засаўку ці замок, што зачыняў іх, таму ўскараскаўся, як і раней, і асьцярожна саскочыў з другога боку. Тады пракраўся да выхаду з Шэлабінага тунэлю, дзе яшчэ матляліся на халодным ветры абрыўкі яе гіганцкага павуціньня. Вецер падаўся Сэму лядзяным толькі з-за душнай цемры скляпеньняў, ягоны подых аднавіў сілы. Асьцярожна хобіт выпаўз вонкі.
Вакол панавала пагрозьлівая ціша. Сьвятла было не болей, чым позьнім сутоньнем напрыканцы змрочнага дня. Дыміскі, што падняліся з Мордару й плынелі на захад, віселі нізка над галавою набухлым чэравам хмараў і смугі, падсьветленыя зьнізу злавеснаю барваю.
Сэм зірнуў на орцкую вежу, і зьнянацку зь яе вузкіх акенцаў палыхнулі агні, што маленечкія чырвоныя вочкі. Падзівіўся: мо тое які сыгнал? Страх перад оркамі, забыты праз гнеў і адчай, вярнуўся. Наколькі мог бачыць, у яго заставаўся адзіны магчымы шлях дзеяньня: адшукаць галоўны ўваход у жудасную вежу. Але ж калені ягоныя падгіналіся самі сабою, і ён уцяміў зьнянацку, што ўвесь дрыжыць. Адарваўшы вочы ад вежы й рагоў перавалу, Сэм прымусіў неслухмяныя ногі падпарадкавацца і павольна, прыслухоўваючыся што моцы, пайшоў назад па сваіх сьлядох міма месца, дзе паў Фрода й дзе яшчэ вісеў Шэлабін смурод, далей угору, пакуль не паўстаў зноў сярод цясьніны, дзе надоечы насунуў пярсьцёнак і ўбачыў, як прабегла міма Шагратава каманда.
Тады прыпыніўся й прысеў. На які час ня стала сілаў прымушаць сябе. Адчуваў, што калі крочыць за перавал хоць на адзін крок у Мордар, тое станецца незваротным. Назад ён ня вернецца. Без аніякай яснай мэты выцягнуў ён пярсьцёнак ды насунуў зноўку. Адразу ж адчуў ягоны вялізазны цяжар дый успрыняў нанова, нашмат мацней і патрабавальней, чым раней, ліха мордарскага Вока, якое намагалася працяць хмары: створаныя дзеля абароны, зараз яны заміналі, выклікаючы сумнеў і непакой.
Як і раней, Сэм адчуў, што слых ягоны абвастрыўся, але ж зроку рэчы гэтага сусьвету падаліся прывіднымі, няяснымі. Скальныя сьцены перавалу рысаваліся нібы скрозь туман, але здалёк чулася булькатаньне няшчаснай параненай Шэлаб і адметна й рэзка, зусім побач, – бразгат мэталу й дзікія выгукі. Тады ўскочыў і прыціснуўся да скалы. Узрадаваўся, што насунуў пярсьцёнак, бо ж няйначай яшчэ адна орцкая каманда рушыць па перавальнай сьцязе. Але так падумалася толькі напачатку. Тады раптоўна зразумеў: не, слых падмануў яго, оркавы выклікі даносяцца зь вежы, чый рог узвышаецца папросту над ім, леваруч ад перавальнай расколіны.
Сэм уздрыгнуў і паспрабаваў прымусіць сябе да руху. Відавочна, адбываецца нейкае ліха. Магчыма, орцкае пачварства збаёдала ўсе загады, і ворагі катуюць Фрода ці нават сякуць на кавалкі. Сэм прыслухаўся, і надзея бліснула перад ім. Сумневаў не было: у вежы біліся. Напэўна, оркі пасварылі паміж сабою, Шаграт з Гарбагам схапіліся за шаблі. Хоць слабую надзею прынесла тая здагадка, усё ж падняла Сэма на ногі. Можа, гэта адзіны шанец. Любоў да Фрода паўстала над усімі іншымі думкамі й пачуцьцямі, і, забыўшы на небясьпеку, Сэм выгукнуў уголас: