Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
1 ... 78 79 80 81 82 83 84 85 86 ... 150
Перейти на страницу:

Думкі ягоныя зьвярнуліся да пярсьцёнка, але ж не прынесьлі суцяшэньня, толькі непакой ды страх. Бо як толькі ўбачыў гару Выраку, адразу ж адчуў зьмену ў цяжары. Наблізіўшыся да неабсяжных падземных плавільняў, дзе ў глыбінях часоў быў выраблены й скаваны, пярсьцёнак вырас у моцы, палюцеў, так што ўтаймаваць яго магла толькі насамрэч магутная воля. Хоць ён ня быў насунуты, а вісеў на шыі на ланцугу, усё ж Сэм адчуваў ягонае ліха: сабе хобіт падаваўся вялізманым, быццам апранутым у скажоны цень самога сябе – магутнай злавеснай пагрозаю, што прыпынілася на мордарскай мяжы. Відавочна, толькі два шляхі заставаліся яму: альбо забыцца на пярсьцёнак, хоць бы ён і працягваў катаваць, альбо завалодаць ім ды кінуць выклік той моцы й уладзе, што сядзіць у чорным замку за далінаю ценяў. Ужо пярсьцёнак спакушаў яго, падточваў ягоную волю й рацыю. Дзікія фантазіі паўставалі ў сьвядомасьці, і хобіт бачыў сябе Сэмвайзам Моцным, героем эпохі, што крочыць з палымяным мечам праз змрочную зямлю, і войскі зьбіраюцца на ягоны заклік, калі ён рушыць абвергнуць Барад-дур. А калі ўсе хмары сплынеюць прэч, на ягоны загад даліна Гаргарату перакінецца ў сад кветак, дрэваў ды шыкоўных пладоў зямлі. Дзеля таго трэба насунуць пярсьцёнак – і толькі.

У часіну гэткага выпрабаваньня болей за ўсё дапамагла яму вытрымаць любоў да гаспадара, а таксама звычайная хобіцкая рацыя, што заўжды жыла глыбока ў ягоным сэрцы, не пакорная аніякай спакусе. Бо ж насамрэч не сумняваўся: ён надта малы, каб несьці гэткі цяжар, нават калі падобнае мроіва ня цалкам хлусьня й здрадная мана. Усяго ж і патрэбна яму насамрэч: маленькі садок, апрацаваны ўласнымі рукамі, а зусім ня сад памерам у каралеўства, дзе трэба загадваць, каму куды рукі прыкладаць.

"Дый увогуле, мана гэна ўсё й хітрыкі, – казаў сабе. – Ён жа мяне адразу заўважыць і расьцісьне, я й гукнуць не пасьпею. Прыкмеціць, як толькі я пярсьцёнак насуну тут, у Мордары. Ну, так скажу: усё больш роспачна, чымся сад пасьля вясновага замаразку. Якраз калі нябачнасьць насамрэч прыдалася б, ёю нельга карыстацца! А калі давядзецца куды далей прайсьці, дык толькі й будзе долу цягнуць ды шыю церці кожны крок. Што ж тут рабіцьму, га?"

Насамрэч сумневаў асаблівых не было. Ведаў: мусіць рушыць да брамы дый не марнаваць тут болей часу. Перасмыкнуў плячыма, нібы скідваючы зь сябе які цень ды пакідаючы за сьпінаю мроі, пачаў паволі спускацца. I з кожным крокам нібы памяншаўся й памяншаўся. Не нашмат аддаліўся, калі вярнуўся да сябе, зрабіўшыся зноўку надта маленькім ды перапалоханым хобітам. Рушыў пад самымі мурамі крэпасьці, і ўжо звычайным сваім слыхам добра чуў гоман бойкі й енкі. Падавалася, яны даляталі з унутранага двара.

Сэм ужо напалову спусьціўся да брамы, калі з-пад цёмнага праёму яе аркі выскачылі два оркі й пабеглі прэч. Не да яго – да галоўнага шляху, але ж спатыкнуліся, упалі на зямлю й засталіся ляжаць. Сэм стрэлаў ня бачыў і падумаў: напэўна, іншыя ўлучылі іх зь муроў ці зь якой схованкі ў цені ля брамы. Рушыў далей, прыціснуўшыся да сьцяны леваруч. Адзіны позірк угору паказаў: надзеі ўскараскацца – аніякай. Кладка падымалася на трыццаць ступнёў бяз шчылінкі альбо прыступачкі, дый яшчэ навісала перакуленай лесьвіцай. Брама заставалася адзіным праходам.

Папоўз далей, цікавячыся, колькі оркаў жыве ў крэпасьці з Шагратам, колькі Гарбаг з сабою прывёў і за што яны пасварыліся, калі насамрэч адбылася свара. У Шагратавай камандзе оркаў з сорак, а Гарбагавых удвая, але ж, вядома, Шаграт ня ўсё войска з крэпасьці вывеў. Напэўна ж, пасварыліся праз Фрода ды праз тое, што зь яго зьнялі. На момант Сэм прыпыніўся, бо зьнянацку ўсё стала ясна, нібы пабачыў на свае вочы: міфрыльная бронька! Бо Фрода ж меў яе на сабе, а яны знайшлі. А з таго, што Сэм чуў, Гарбаг абавязкова захацеў бы накласьці на яе лапы. Загады зь Цёмнай вежы былі адзінай Фродавай абаронай, і калі тым загадам не падпарадкуюцца, дык забіць яго могуць у любы момант.

"Ну, сьлімак няшчасны, варушыся! – гукнуў Сэм сабе самому. – Пайшоў!"

Выхапіў Джала й кінуўся да брамы. Але ж, забегшы пад яе, нібы ўтыкнуўся ў нейкае павуціньне, падобнае да Шэлабінага, толькі нябачнае. Аніякай перашкоды ня бачыў, але ж нешта, чаго сваёй воляй пераадолець ня мог, зачыняла шлях. Зірнуў угору, і тады ў цені брамы пабачыў двох Назіральнікаў.

Выглядалі яны вялізарнымі пачварамі на стальцах. Кожны меў тры злучаныя целы, і тры твары пазіралі вонкі, на двор і браму. Твары тыя былі што ў сьцярвятніка, на волатавых каленях ляжалі рукі, болей падобныя да кіпцюрыстых лапаў. Падавалася, іх вычасалі з суцэльных валуноў, непад'ёмных і нерухомых, і ўсё-ткі нейкі розум жыў у іх, адчуваючы навакольле, нейкі жудасны дух ліхога нядрэмнага назіраньня. Тыя духі ведалі ворагаў. Бачны ці не, аніякі не мінуў бы іх. Яны не дазволяць увайсьці – ці ўцячы.

1 ... 78 79 80 81 82 83 84 85 86 ... 150
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)