Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
1 ... 77 78 79 80 81 82 83 84 85 ... 150
Перейти на страницу:

– Я іду, спадару Фрода!

Пабег угару па стромай сьцежцы на перавал. Мінуў яго. Тут дарога збочвала налева й крута зводзіла долу. Сэм патрапіў у Мордар.

Зьняў пярсьцёнак, рухомы нейкім глыбінным прадчуваньнем пагрозы, хоць сабе патлумачыў, што хоча бачыць ясьней.

"Лепей глядзець на найгоршае сваімі вачыма, – прамармытаў пад нос. – А то што за лухта – бадзяцца ў смузе".

Жорсткая, бясплодная й бязьлітасная зямля адкрылася ягоным вачам. Пад нагамі найвышэйшы хрыбет Эфэл Дуату строма, прыступкамі вялізных скалаў, сыходзіў у глыбокую цясьніну, за якой паўставаў другі хрыбет, нашмат ніжэйшы, зь верхам вызубраным ды ўсаджаным скаламі-ікламі, што падаваліся чорнымі ў барвяным сьвятле за імі. Гэта быў суворы хрыбет Маргаі, унутранае кольца агароджы вусьцішнай краіны. Далёка за ім, але амаль проста наперадзе, за шырокім возерам цемры з россыпам маленечкіх агеньчыкаў, зьзяла нібы вялікае полымя, зь якога падымаліся гіганцкімі калёнамі віхраслупы дымоў, пыльна-чырвоныя ля каранёў і чорныя наверсе, і зьліваліся ўгары ў покрыва хмараў і дыму, што закрывала ўсю клятую краіну.

Так Сэм убачыў Арадруйн, Вогненную гару. Раз-пораз ад плавільняў глыбока ў яе нутрыне попельны купал распаляўся ды, уздрыгваючы ад моцных выбухаў-выплескаў, выліваў з расколінаў у баках рэкі плаўленага каменю. Некаторыя зь іх плынелі да Барад-дуру па вялізных каналах, іншыя віліся па камяністай роўнядзі, пакуль не застывалі й не заміралі ў падабенстве скажоных цмокаў, выванітаваных змучанай зямлёй. У час такой ліхой працы й пабачыў Сэм гару Выраку. Сьвятло яе, закрытае высокай загароджаю Эфэл Дуату ад тых, хто прыходзіў з захаду, зараз лілося на скальныя адхоны, і яны падаваліся акрываўленымі.

У тым вусьцішным сьвятле Сэм здранцьвеў, бо леваруч убачыў нарэшце крэпасьць Кірыт Унгал ва ўсёй яе моцы. Рог, заўважны зь іншага боку, быў усяго яе найвышэйшай вежаю. А на ўсход крэпасьць спускалася трыма вялізнымі ярусамі да паліцы ў горным схіле далёка ўнізе, прыляпіўшыся да магутнай скалы, ад якой вытыркалася вастраверхімі бастыёнамі. Яны зьмяншаліся, падымаючыся адзін над другім, паглядаючы на паўднёвы й паўночны ўсход стромымі сьценамі майстэрскай кладкі. На ніжнім ярусе, сотні зь дзьве ступнёў адтуль, дзе стаяў Сэм, крапасная сьцяна абкружала вузкі двор. Зь яго паўднёва-ўсходняга боку брама выводзіла на шырокі шлях, зьнешні край якога, абгароджаны парапетам, межаваў з прорваю, а за ёю збочваў на поўдзень ды віўся долу, у цемру, каб зьліцца з дарогаю, што ішла ад Моргульскага перавалу. Тады ён выводзіў праз вызубраную расколіну Маргаяў у даліну Гаргарат і далей да Барад-дуру. Вузкі верхні шлях, на якім стаяў Сэм, хутка спускаўся проста пад злавеснымі мурамі па лесьвіцах і стромых сьцежках да большага шляху й злучаўся зь ім паблізу брамы.

Углядаючыся, Сэм раптам уразіўся, скеміўшы, што крэпасьць гэтая пабудаваная не для таго, каб абараняць Мордар, а каб абараняцца ад Мордару, каб не выпускаць адтуль. Насамрэч, доўгі час таму гондарцы ўзьвялі яе як фарпост усходніх рубяжоў абароны Ітыльёну, калі пасьля Апошняга Зьвязу эльфаў і людзей народ Захаду вартаваў ліхую Саўронаву краіну, дзе яшчэ бадзяліся злосныя ягоныя пачвары. Але ж, як і ў Нархасьце і Кархасьце, вежах Іклаў, што закрывалі Маранан, варта згубіла пільнасьць, і здрада адчыніла браму для ачольцы назгулаў, і ўжо доўгія гады крэпасьць была гняздоўем ліха. Пасьля вяртаньня ў Мордар Саўрон палічыў яе карыснай, бо сапраўдных хаўрусьнікаў і слуг меў няшмат, а большасьць ягоных падначаленых былі рабамі страху перад ім. Таму крэпасьць выконвала старую ролю, не дапускаючы ўцёкаў з Мордару. Хоць, калі знайшоўся б неразумны вораг, які паспрабаваў бы таемна пралезьці на Чорную зямлю, мінуўшы няспынную варту Моргулу й Шэлаб, яго й тут сустрэў бы апошні бяссонны вартавы.

З жорсткай яснасьцю пабачыў зараз Сэм, як безнадзейна красьціся пад мурамі, зь якіх пазірае мноства ўважлівых вачэй, паўз браму, якая таксама пад наглядам. А калі й удасца, наўрад ці хобіт пройдзе далёка па шляху, таксама пільнаваным. Нават глыбокія цені, што ляжаць там, куды не сягае барвянае сьвятло, не схаваюць ад вострага начнога зроку оркаў. I хоць рушыць па такім шляху – адчайная небясьпека, горшае чакае наперадзе: не мінуць браму, уцёкшы ад яе, а крочыць празь яе ўсярэдзіну, без усялякай дапамогі, самотным.

1 ... 77 78 79 80 81 82 83 84 85 ... 150
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)