Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
А калі падлічылі ўсё войска й абмеркавалі, якімі дарогамі ісьці й куды, Імрахіль зьнянацку засьмяяўся ўголас.
– Ну ці не найвялікшы жарт ва ўсёй гісторыі Гондару, – вымавіў з рогатам, – усяго зь сямю тысячамі, меней за разьдзел гондарскага войска ў часы велічы, мы нападзем на горы й непрыступную Браму Чорнай зямлі? Гэтак дзёрзкі малы пагражае закаванаму ў латы рыцару лукам зь зялёнай галінкі й ніткі-струны! Калі Чорны Ўладар ведае столькі, колькі ведае паводле Гэндальфавага меркаваньня, дык ці не пасьміхнецца ён папросту замест таго, каб напалохацца, ды ці не адным пальцам раструшчыць нас, як муху, што намагаецца ўджаліць?
– Не, ён паспрабуе заманіць тую муху ў пастку й вырваць джала, – адказаў Гэндальф. – А сярод нас ёсьць тыя, чыё імя вартае болей за тысячу рыцараў у латах. Не, ён не ўсьміхнецца.
– Нам таксама наўрад ці варта сьмяяцца, – дадаў Арагорн. – Калі тое жарт, дык надта сумны. Бо гэта апошні ход у вялікай і надта небясьпечнай гульні, і аднаму з гульцоў ён прынясе згубу.
Тады выцягнуў Андарыль ды ўзьняў яго, бліскучы на сонцы.
– Не схаваю цябе ў похвы, пакуль ня скончыцца апошняя бітва, – паабяцаў Арагорн.
10. Чорная Брама расчыняецца
Праз два дні войска Захаду сабралася на Пеленары. Оркі й усходнікі, што заставаліся ў Анарыёне, рушылі назад, да ракі, але нападу рахірымаў ня вытрымалі й амаль бяз бойкі разьбегліся, уцякаючы да Кайр Андрасу. Без пагрозы з Анарыёну ды з падмацаваньнямі з поўдня горад застаўся абароненым найлепшым чынам. Выведнікі даносілі, што ворагаў на шляхах няма ажно да перакрыжаваньня шляхоў ля Абрынутага караля, дзе ітыльёнская дарога перасякае гасьцінец на Азгіліят. Усё было падрыхтавана для апошняга кідку.
Ляголас з Гімлі зноў ехалі побач з Арагорнам і Гэндальфам, у перадавым разьдзеле разам з дунаданамі й сынамі Эльранда. Але хобіту Мэры, на ягонае расчараваньне й сорам, удзельнічаць у выправе не дазволілі.
– Ты яшчэ не акрыяў дастаткова для такой вандроўкі, – сказаў яму Арагорн. – Аднак не саромейся з таго. Нават калі ты й ня зьдзейсьніш анічога болей у гэтай вайне, вялікая твая пашана. За народ Шыру пойдзе Перыгрын, і не зайздросьць гэтаму шанцу патрапіць у небясьпеку, бо хоць з гонарам выйшаў ён з усіх выпрабаваньняў, пасланых лёсам, з тваім подзьвігам ягоныя дзеі пакуль не зраўнаюцца. I хоць мы абралі сабе долю, магчыма, загінуць перад Брамаю Мордару – у тым выпадку й табе давядзецца паўстаць на апошнюю бітву, ці тут, ці ў якім іншым месцы, дзе чорная навала спасьцігне цябе. Бывай!
Таму ў тузе й маркоце стаяў зараз Мэры й назіраў за вайсковым зборам. Бэргіль побач таксама тужыў і смуткаваў, бо бацька ягоны ў паход вёў харугву людзей з гораду – далучыцца зноў да цытадэльнай Варты Бэрэганд ня мог, пакуль па справе ягонай ня вынесены прысуд. У той харугве рушыў і Піпін – як гондарскі ваяр. Мэры бачыў яго непадалёк – маленькую, але прыкметную постаць сярод высокіх людзей Мінас Тырыту.
Нарэшце загулі трубы, і войска рушыла. Полк за палком, разьдзел за разьдзелам разварочваліся яны, скіроўваючыся на ўсход. Мэры пазіраў ім увасьлед, на Вялікі гасьцінец, доўга пасьля таго, як яны зьніклі з погляду. Вось згас апошні пробліск ранішняга сонца на дзідах і шаломах, а Мэры ўсё стаяў, пахілены, з каменем на сэрцы, адчуваючы сабе самотным чужынцам. Усе, дарагія яму, сышлі ў смугу пад далёкія нябёсы на ўсходзе, і невялікая надзея заставалася хоць каго зь іх пабачыць ізноў.
Нібы выкліканы адчаем, вярнуўся боль у руцэ, і Мэры пачуўся слабым і старым, і сонечнае сьвятло падалося няпэўным, станчэлым. Ачомаўся ён ад дотыку Бэргілевай рукі.
– Спадару пэрыяне! – паклікаў той. – Бачу, вашці нездаровіцца. Я дапамагу дабрацца да лекараў. Але ж ня бойся! Яны вернуцца. Людзей Мінас Тырыту аніколі не перамагчы. А цяпер зь імі гаспадар Эльфаў Камень, і Бэрэганд з цытадэльнай Варты таксама.
Шчэ да полудня войска дабралася да Азгіліяту. Там майстры й працоўны люд узмацнялі пераправы й масты з чоўнаў, зладжаныя ворагамі ды часткова пабураныя імі пры ўцёках за раку. Таксама зьбіралі прыпасы й трафэі, а на ўсходнім беразе пасьпешліва ладзілі ўмацаваньні для абароны.
Перадавы разьдзел мінуў руіны Старога Гондару, прайшоў праз шырокую раку й крочыў на доўгі просты гасьцінец, у дні сілы пракладзены ад сьветлай вежы Сонца да высокай вежы Месяцу, якая цяпер стала Мінас Моргулам з праклятай даліны. За пяць вёрстаў ад Азгіліяту спыніліся, скончыўшы на тым пераход першага дня.