Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
1 ... 75 76 77 78 79 80 81 82 83 ... 150
Перейти на страницу:

Мала часу засталося Арагорну, каб упарадкаваць войска перад бітваю. На адным пагорку паўстаў ён з Гэндальфам, і там сьветла й адчайна ўзьвіўся сьцяг з Дрэвам і Зорамі. На другім пагорку рашуча й ганарыста затрапяталі сьцягі Рохану й Дол Амрату, Белы Конь і Срэбная Лебедзь. На кожным пагорку колам паўсталі ваяры, ашчэрыўшыся ва ўсе бакі дзідамі й мечамі. А наперадзе, насупраць Мордару, там, куды абрынецца першы жорсткі напад, пасталі ў Арагорнавым шыхце сыны Эльранда з дунаданамі, а ў другім шэразе – князь Імрахіль зь людзьмі Дол Амрату, высокімі й сьветлымі, ды абраныя ваяры з цытадэльнай аховы.

Задзьмуў вецер, і запелі рогі, і засьвісталі стрэлы, а сонца, што ўжо хілілася да захаду, засмужылася мордарскаю смуроднай параю, і праз злавесную смугу пазірала, далёкае, хваравіта-барвянае, быццам сканчаўся ня толькі дзень, але і ўвесь сьвет сьвятла. I з густога сутоньня вылецелі назгулы, выкрыкваючы словы сьмерці, і тады ўсялякая надзея згасла.

Піпін зусім зьнясілеў, скалануўшыся ад жаху, калі пачуў, як Гэндальф адмаўляецца ад умоваў ды выракае Фрода на катаваньне ў Цёмнай вежы, аднак пасьля авалодаў сабою й стаў побач з Бэрэгандам у першым шэрагу гондарскага войска разам зь Імрахілевымі ваярамі. Яму падавалася найбольш годным памерці хутчэй ды скончыць горкую гісторыю свайго жыцьця, бо ўсё пайшло пурхою.

– Хоць бы Мэры тут быў, – пачуў уласны голас, і хуткая думка сьлізганула ў галаве, пакуль назіраў, як бягуць да яго ворагі ў нападзе: "Ну, зараз я прынамсі больш разумею небараку Дэнэтара. Лепей было б нам з Мэры памерці разам, раз усё адно мусім памерці. Чаму не? Яго тут няма, ну дык спадзяюся, ён знойдзе сабе лягчэйшы кон. А я зраблю, што здолею".

Выцягнуў корд і зірнуў на яго, на перапляценьне залатых й чырвоных рысаў нумэнорскай вязі, што зьзяла, як полымя, зь ляза.

"Менавіта дзеля такой часіны й скавалі яго, – падумаў хобіт. – Каб толькі ўдар ягоны дастаўся таму агіднаму пасланцу, тады я амаль параўнаўся б з Мэры. Ну, усё ж якогась пачварнага вырадка джгну напрыканцы. Каб толькі зноў пабачыць сапраўднае сонечнае сьвятло ды зялёную траву!"

Ледзь дадумаў, як першы напад абрынуўся на іх. Оркі захрасьлі ў балоцінах перад пагоркамі, прыпыніліся, выпусьцілі ў шэрагі абаронцаў хмару стрэлаў. А праз оркаў шыхт прайшла, пачварна равучы, вялізная харугва горных троляў з Гаргарату. Шырэй і вышэй ад людзей былі яны, апранутыя толькі ў цесныя броні з лускі, а мо была тое іхняя жудасная скура. Яны несьлі веліканскія круглыя тарчы й трымалі ў каржакаватых руках цяжкія молаты. Бясстрашна кінуліся яны ў балоціны й перайшлі іх, завываючы. Навальніцаю грымнулі на шыхт людзей Гондару, малоцячы па галовах і шаломах, па руках і тарчах, як кавалі малоцяць, зьмінаючы, распаленае жалеза. Побач зь Піпінам упаў аглушаны, непрытомны Бэрэганд, і велізарны троль-правадыр, які паваліў яго, нахіліўся над ім, выцягнуўшы кіпцюрыстую лапу, бо звычка гэтых пачвараў – выгрызаць глотку пераможаным.

Тады Піпін ударыў зьнізу ўверх, і пісанае заклёнамі нумэнорскае лязо працяла скуру й глыбока ўвайшло ў тролевыя вантробы, і хлынула чорная кроў. Троль паваліўся наперад, грымнуўся, бы нетрывалая скала, пахаваўшы пад сабою тых, хто стаяў перад ім. Чарноцьце, смурод ды зьнішчальны боль авалодалі Піпінам, і сьвядомасьць ягоная сасьлізнула ў вялікую цемру.

"Сканчаецца, як я й думаў" – прамільгнула ў галаве наастачу, і хобіт засьмяяўся, ужо непрытомнеючы, бо нават радасным падавалася пазбавіцца нарэшце ад усіх сумневаў, клопатаў і страхаў. I ўжо на парозе забыцьця даляцелі да яго галасы, што гукалі зь нейкага забытага сусьвету далёка наверсе:

– Арлы лятуць! Арлы!

На момант Піпінава думка прыпынілася, завагалася.

"Більба! – згадаў ён. – Але ж не – тое ягоная прыгода, даўным-даўняя. А гэная – мая, і яна ўжо скончылася. Бывайце!"

I з тым ягоныя думкі адляцелі далёка, а вочы перасталі бачыць.

КНІГА ШОСТАЯ

1. Вежа Кірыт Унгал

Сэм ледзь здолеў падняцца. Падзівіўся момант: дзе ж ён? А тады адчай і пакуты абрынуліся на яго. Ён стаяў у глыбокай цемры за падземнаю брамаю орцкай крэпасьці, перад зачыненымі меднымі дзьвярніцамі. Напэўна, аглушыў сам сябе, кінуўшыся на дзьверы. А колькі праляжаў непрытомны, ня ведаў. Тады ліхаманка шаленства ды адчаю палала ў ім. Зараз жа ён дрыжэў ад холаду. Але ж прыціснуўся да палавінак дзьвярэй, прыклаў да іх вуха, прыслухоўваючыся.

1 ... 75 76 77 78 79 80 81 82 83 ... 150
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)