Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
Кароль і ягоная харугва болей гэтай ноччу ня спалі, але анічога дзівоснага не адбылося. Хіба што рака раптам падала голас, аджыўшы. Вада загула, заклекатала, хлынула па камянёх, а тады сьцішылася, і голас яе стаў звычайным цьвірчэньнем ды пляскам, як і заўжды.
На сьвітанку падрыхтаваліся ехаць далей. Дзень пачынаўся шэры, бляклы, і ўзыходу сонца так і не пабачылі. Паветра абцяжэла ад туманоў, вісеў у ім гідкі смурод. Ехалі павольна, зараз па гасьцінцы. Ён быў шырокі й утрамбаваны, добра дагледжаны. Леваруч праз туман няясна праглядвалі вяршыні горнай грады, бо коньнікі ўжо ўехалі ў Нан Курунір, Чараўнікову даліну, абгароджаную гарамі з усіх бакоў, апрача паўднёвага. Калісьці была яна прыгожая й зялёная. Плынеў празь яе Ізен, яшчэ да роўнядзяў глыбокі й паўнаводны, бо прымаў у сябе мноства крыніцаў і струменяў, што сьцякалі з абмытых дажджамі пагоркаў. Раней тут была прыемная, урадлівая зямля.
Але не цяпер. Пад сьценамі Ізенградку яшчэ заставаліся палі, узараныя Саруманавымі рабамі, але большая частка даліны ператварылася ў пустэчу, зарослую травою й калючкамі. Яны цягнуліся па зямлі, апляталі кусты й узгоркі, і пад іхнім покрывам, нібы ў пячоры з галінаў, хаваліся дробныя пачваркі. Дрэваў тут не засталося, але сярод грубай травы там-сям тырчэлі спаленыя й пасечаныя сякерамі пні – рэшткі старажытнага гаю. Сумная стала гэтая мясьціна, сумная й маўклівая, – толькі плёхкаў хуткі струмень на камянях. Аблокамі віселі дым і пара, слаліся па нізінах. Вершнікі ехалі моўчкі. Многія ў сумневах разважалі: да якога ліха прывядзе гэтая невясёлая вандроўка?
Праз колькі вёрстаў шлях ператварыўся ў шырокую вуліцу, забрукаваную вялікімі пляскатымі камянямі, роўна абчасанымі й па-майстэрску выкладзенымі. Ані травінкі не прабівалася праз стыкі камянёў. Глыбокія канаўкі, паўнюткія імклівай вадою, цягнуліся абапал. Раптам напаткалі высокі чорны каменны слуп. На вяршыні ляжаў вялізны камень, вычасаны й пафарбаваны на падабенства доўгай белай рукі. Яе выцягнуты палец паказваў на поўнач. Брама Ізенградку мусіла быць ужо недалёка, і на сэрцах у падарожнікаў цяжэла. Наперадзе відаць быў толькі туман.
Паміж доўгімі хрыбтамі-агароджамі ў Чараўніковай даліне незьлічоныя гады стаяла старажытная цьвярдыня, якую людзі назвалі Ізенградак. Самі горы зрабілі гэтае месца прыдатным для замку, але ж у даўніну шмат папрацавалі тут людзі Захаду, дый Саруман жыў тут доўга й не марнаваў часу.
Вось такім быў Ізенградак у час велічы Сарумана, калі шмат хто лічыў яго ачольцам чараўнікоў. Вялікі мур, ланцуг вялізных скалаў, адыходзіў ад горнай грады й змыкаўся зь іншай градою на другім баку даліны. Толькі адзін праход упускаў усярэдзіну – вялікая арка, вычасаная ў паўночнай сьцяне. Там быў прабіты праз чорную скалу доўгі тунэль, зачынены з абодвух бакоў тоўстымі жалезнымі брамамі. Гэтак былі яны скаваныя й падвешаныя на гіганцкіх завесах сталёвых бэлек, загнаных глыбока ў скалу, што адчыняліся ад лёгкага штуршка рукою, калі не былі замкнёныя. А той, хто прайшоў праз доўгі тунэль, бачыў перад сабою вялікую круглую роўнядзь, нават выгнутую пасярэдзіне, як неглыбокая міса, – цэлая вярста ад краю да краю. Калісьці было тут зялёна, гаманілі прысады і сады, мноства ручаінаў спляталіся па дарозе з гор да возера. Але за апошні час Саруманавага гаспадараньня анічога жывога й зялёнага не засталося там. Прысады забрукавалі цёмнымі цьвёрдымі камянямі, і па збочынах замест дрэваў цягнуліся доўгія шэрагі калёнаў – мармуровых, медных, жалезных, – скаваных цяжкімі ланцугамі.
Было там мноства памяшканьняў, заляў, пакояў ды калідораў, выбітых у скалах з унутранага боку муру, які паглядаў на роўнядзь безьліччу вокнаў і цёмных дзьвярэй. Тысячы й тысячы маглі разьмесьціцца тут: працаўнікі, паслугачы, рабы й ваяры зь вялікім запасам зброі. Глыбока ў скляпеньнях гадавалі й трымалі ваўкоў. Сама роўнядзь таксама ўся была скапаная й пабураная. Капальні вялі глыбока пад яе паверхню, выхады іхнія прыкрываліся насыпамі й каменнымі купаламі – так што ў месяцовым сьвятле Ізенградак нагадваў неспакойныя могілкі. Сама зямля дрыжэла. Капальні праз мноства калідораў і вітунічных лесьвіцаў выводзілі да глыбокіх пячораў, дзе былі Саруманавы скарбніцы, кладоўкі, збраярні, кавальні й вялікія плавільныя печы. Там бясконца круціліся жалезныя колы й грукаталі молаты. Уночы слупы пары ўзьнімаліся зь сьвідравінаў, асьветленыя зьнізу барвяным, блакітным ці атрутна-зялёным сьвятлом.