Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
— Ну зразумела, вываляць такому махляру тысячу злотых, а ці дастаткова гэтага, невядома. Пан дырэктар паняцця не мае, што за тып гэты Цяржаўскі.
— Ведаю я яго. Што далей?
— Ён і палітыкай займаецца, кажа, што ў яго ёсць сувязі і што ніхто яму нічога не зробіць. Але пабачым! Дык вось, некаторыя госці былі так задаволены, што яшчэ то той, то іншы ўсоўваў мне ў сумачку паперку-другую. Я не магла паскардзіцца. Найбольш давалі пастаянныя пакупнікі. Але калі я ўбачыла, што гэтая святошка вас зусім ачмурыла, то ў мяне ўсяліўся нейкі д’ябал. Я падумала, ну што мне гэтыя грошы, затое яе я так запакую, што вы яе доўга не ўбачыце… А вось, аднак…
Казя адвярнулася ад Друцкага і заплакала.
— Далей! — груба крыкнуў ён.
— Ну, — працягвала Казя, усхліпваючы, — д’ябал мяне спакусіў. Я папрасіла аднаго, каб мне напісаў данос пракурору… І паслала. А вечарам, калі гэтая Тэця выйшла па патрэбе, я ўбегла сюды і ўсунула пачак за яе сумку.
— Ну ты і дурніца! — паціснуў плячыма Друцкі.
— Калі б я ведала, што гэта халера знойдзе пачак і ўсуне вам у стол!.. Але я думала, што паліцыя з’явіцца хутчэй, і, каб яны паспяшаліся, то гэтая святошка не паспела б. Якраз яе і забралі б…
— Як ты магла?! Як ты магла?!
— Потым я білася аб сцяну сваёй дурной галавой. Але што я павінна была рабіць? Яшчэ сама сабе думала, што вас выпусцяць, а яе затрымаюць… Але так усё раптоўна навалілася, і гэты с… Цяржаўскі яшчэ да мяне чапляецца, што такое багацце — кажа — змарнавала, дзесяць тысяч злотых, а я яму дулю пад нос, бо, кажу, праверка прыйшла і што, я павінна была сама ім здацца?
— Ну, і што цяпер будзе? — панура спытаў Друцкі.
Казя выняла з сумачкі тоўсты канверт і паказала Друцкаму. Не надта ўмелай рукой на ім быў напісаны адрас: «У Вяльможны Акруговы Суд у Варшаве».
— Што гэта?
— Ну, я апісала тут усю праўду, што і як. Усё па парадку. Што ніхто не вінаваты, толькі я і Цяржаўскі. Усё апісала.
Друцкі кінуў ліст на стол і стаў хадзіць па пакоі, засунуўшы рукі ў кішэні.
— А ў вас прашу прабачэння, перад Богам прашу, даруйце! Я злая і няшчасная. Прадала душу д’яблу, але ўласны гонар маю. Гэты ліст я вышлю ўжо сёння.
Друцкі кашлянуў і затрымаўся перад ёй:
— І што ж, уцякаеш?
Казя слаба ўсміхнулася.
— А пашпарт у цябе ёсць?
— Ёсць. У мяне добры пашпарт, — прыціснула яна сумачку да грудзей.
— Бо калі цябе зловяць, — засцерагаў ён, — то два, а то нават і тры гады турмы ўлепяць. А можа, і больш.
— О, не, з гэтым пашпартам я схаваюся так, што мяне ніхто не знойдзе.
— За мяжу едзеш, канечне ж?
— Так, — кіўнула галавой Казя і праз хвіліну маўчання дадала: — Нічога мяне тут ужо не трымае, зусім нічога.
— Ну, ты маладая, прыгожая, зробіш яшчэ за мяжой кар’еру, — сказаў Друцкі, гледзячы ў акно.
— Ануча, — ціха сказала Казя.
Здзіўлены Друцкі павярнуўся:
— Якая ануча?
— Я ануча, брудная… О, ведаеце, за гэты тыдзень я больш паразумнела, чым за ўсё жыццё… Я пайду, — Казя ўзяла ліст са стала, — вы са мной не развітаецеся?..
Яе голас дрыжаў.
— Я не вартая гэтага, але вы так, з літасці…
Друцкі падышоў да яе і пагладзіў па валасах, па шчочцы.
Яна схапіла яго руку і прыпала да яе вуснамі.
— Едзь. А пісьмо лепей укінь, калі будзеш за мяжой. Ты праз Гданьск ці як? Віза ёсць?.. Ану, пакажы пашпарт.
Казя адскочыла як апараная.
— Не, не, у мяне ўсё ў парадку: і візы, і паперы.
Друцкі ўважліва прыгледзеўся да яе, і ў яго з’явілася падазрэнне.
— Дай пашпарт, — загадаў ён.
— Да пабачэння! — кінула Казя і накіравалася да дзвярэй.
Адзін скачок — і Друцкі быў ля яе, адным рыўком ён завалодаў яе сумачкай. Павярнуў ключ у замку, выняў і схаваў яго ў кішэнь.
— Аддай, аддайце, — маліла Казя.
— Ціха! — гаркнуў ён на яе.
Дырэктар адкрыў сумачку: пісьмо, хустачка, пудраніца, губная памада і — маленькі чорны рэвальвер.
Друцкі выняў зброю, падкінуў яе, злавіў у паветры за ствол і схаваў у кішэнь.