Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Алексіевіч: Я не магу, на жаль, падзяліць рамантызм Андрэя. Я днямі зайшла ў краму ў сваім раёне. Гэта цэнтар гораду, даволі заможны раён. І ўбачыла жанчыну (яна настаўніца, мы некалі зь ёй размаўлялі), якая купляе паўдзясятка яек і грамаў 200 самай таннай кілбасы. І я адчуваю, што мне сорамна побач зь ёй купляць нешта лепшае...
Я абсалютна савецкі чалавек, з савецкімі комплексамі, і я ганаруся гэтымі комплексамі. І не зьбіраюся таньчыць перад лібэральнымі каштоўнасьцямі, дзе маленькі чалавек ня ставіцца ні ў што. Хоць я — зацятая лібэралка. Але мне не падабаецца, што маленькі чалавек выкінуты з гэтага вазка, які скача невядома куды. Арыенціру няма.
Арыенцір ёсьць у інтэлігенцыі, у маладога пакаленьня, як Андрэй кажа. Але мы, на жаль — гарадзкія вар’яты ва ўласным грамадзтве, мы маргіналы, ізгоі. У мяне ёсьць дом у вёсцы. Дык вось, усё, пра што мы гаворым, абсалютна незразумела і непатрэбна майму суседу Пятру Селіверставічу, які жыве там побач са мной.
На чым трымаецца Лукашэнка, на чым трымаецца савецкасьць? Ня ён яе дэкляруе, ён проста зразумеў, што гэта ягоны адзіны шанец утрымацца.
Я памятаю, як у першыя месяцы свайго кіраваньня ён хацеў запрасіць Яўлінскага. Гэта быў іншы Лукашэнка. Але як сапраўдная «палітычная жывёла» ён унюхаў, што народ жа іншы. Тут пра дэмакратыю ведае толькі пара інтэлігентаў, дый тое ім толькі здаецца, што яны гэта ведаюць.
А што тычыцца заўтрашняга дня, то відавочна, што грамадзтва будзе расслойвацца, будзе ўсё прадавацца, пойдзем шляхам Расеі, будуць бедныя і багатыя. І вось цяперашнія калгасы — гэта мільёны бедных людзей, яны будуць трымацца за савецкае. Стратныя заводы, мільёны людзей, выкінутых з працы — яны таксама будуць трымацца за савецкае.
У нашых рамантычных мроях нам здаецца, што гэта Лукашэнка нясе за ўсё гэта адказнасьць. А вы думаеце, што імпэрыя, якая мела такую магутную філязофію, якая праліла столькі крыві, так проста сыдзе?
Дракахруст: Аляксандар Фядута, а чый рамантызм Вам бліжэйшы — Андрэя ці Сьвятланы?
Фядута: Ну, я наагул пэсыміст, Вы ведаеце. Таму мне бліжэй пэсымістычны рамантызм спадарыні Алексіевіч. І каб пацьвердзіць тое, што яна казала, я прыгадаю расповед былога кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Леаніда Сініцына пра тое, як Лукашэнка абіраў эканамічную мадэль краіны. Ён тады спытаў віцэ-прэм’ера Лінга, ці ведае той, што такое рынак. «Не», — адказаў Лінг. Ён спытаў амаль палову ўраду, а ўрад ужо меў нейкі рынкавы досьвед. Але пасьля таго, як нават прэм’ер Чыгір сказаў, што, па шчырасьці, ня ведае, што такое рынак, Лукашэнка сказаў Сініцыну: «Вось так. Будзем будаваць тое, што ведаем. Ведаем сацыялізм».
І тое, што гэтая абраная мадэль аказалася больш прыстасаванай да жыцьця, чым усе мы думалі і чакалі, насамрэч пацьвярджае слушнасьць таго, пра што кажа спадарыня Алексіевіч.
Справа сапраўды не ў Лукашэнку, справа ў тым, што ў кожным беларусе жыве Лукашэнка. У ім ёсьць і савецкае, і беларускае. І гэтая выбуховая сумесь і ёсьць пэўнай падставай для таго, каб меркаваць, што Лукашэнка ня сыдзе як постаць ідэалягічная. Ён сыдзе толькі як кіраўнік дзяржавы. Але ён застанецца ў сэрцах людзей. Сёньня старэйшае пакаленьне адчувае настальгію па Сталіне, а тыя, хто стане старэйшым пакаленьнем заўтра, будуць настальгаваць па Лукашэнку.
Дынько: У словах Сьвятланы Алексіевіч мяне больш за ўсё зачапіла яе непахісная вера ў тое, што нічога на гэтым сьвеце не зьмяняецца. Такая эклезіястычная вера. Я зыходжу зь іншага, з таго, што ўсё мяняецца, нічога не стаіць на месцы. Казаць, што беларусы заўсёды застануцца савецкімі, таму што яны савецкімі былі і ёсьць, гэта значыць адмаўляць людзям ва ўсялякім уплыве на грамадзкія працэсы. Беларусы не застануцца савецкімі, таму што я гэтага не хачу, таму што я дзейнічаю супраць гэтага. І такіх, як я — тысячы. І дзейнасьць гэтых тысяч людзей дасьць свой плён.
Сьвятлана кажа, што маленькі чалавек ні ў што ня ставіцца ў лібэральным сьвеце, называе нас, беларускіх інтэлектуалаў, «гарадзкімі вар’ятамі». Мы — не вар’яты, мы дактары. Роля інтэлектуалаў у такой сытуацыі, як сёньня, якраз у тым, каб быць дактарамі.
Што ж тычыцца маленькага чалавека, то ён якраз у лібэральным сьвеце, у лібэральных дэмакратыях абаронены. Чаму людзі пачуваюцца шчасьлівымі ў Даніі, у Нямеччыне, але пачуваюцца няшчаснымі ў Беларусі (пра што сьведчаць сацыялягічныя дасьледаваньні)? Не ў апошнюю чаргу — праз пачуцьцё неабароненасьці, якое пануе ў нас, праз адсутнасьць бясьпекі маленькага чалавека, як называе яго Сьвятлана, ці простага чалавека, як называюць яго лукашэнкаўцы.