Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Я заплакала, я ўжо не належала зале, я ўжо не належала нікому, бо сусед дакрануўся да маёй рукі і, пільна гледзячы на мяне, устрывожана спытаў:
– Што з вамі? Вам кепска?
– Не, – адказала. – Мне вельмі добра. Незвычайна добра...
– Тады чаму ж вы плачаце?
– А хіба нельга плакаць ад шчасця?
Ты-ён ужо не выпускаў маёй рукі са сваёй. І тады мы ўжо разам слухалі незямны, Боскі голас Валерыя Абадзінскага, няшчаснага ў жыцці, але такога дзівоснага і адоранага талентам чалавека...
Ты трымаў маю руку ў сваёй, сціскаў мае пальцы, а ў мяне ў душы нараджалася асалода і шчасце, шал і супраціўленне, – і я ўжо адчувала сябе побач з табою ў шлюбным ложку… І ўзлятала зноў у паднябессе, і падала зноў у лугі асалоды… Ці адчуваў ты тое ж самае, мой каханы, ці толькі прывіднае шчасце і смага наталення каханым авалодалі мною? Не адказвай, маўчы, бо разбурыш усё, разаб‘еш… Не трэба. Нельга тое рабіць.
На працягу дзвюх гадзінаў я не сядзела ў зале, я лётала недзе ў нябёсах…
Ён (ці ты?) нахіліўся да мяне, спытаў ціха:
– Даруйце, якое ў вас імя?
– Ева. А вашае?
– Я – Адам.
Калі ты сказаў гэта, мяне пранізаў неймаверны боль, – боль душы і пачуццяў, боль смагі і граху, боль пакут і падзення…
І паверыла я, што гэты быў ты, ну, не ты, дык двайнік твой, дух твой, твая душа хінулася да мяне, і праведвала мяне… Значыць, і ты не забываўся пра мяне, мой каханы, так, – не забываў?
Гэта ўжо не смешна. Гэты ўжо страшна. Гэта наканаванасць, рок, лёс, помста ці падзяка, плата за грэх, ці вяртанне цнатлівасці…
«Божа, што Ты са мной робіш, – малілася я тады, – якія новыя выпрабаванні і спакушэнні кладзеш на маю душу?..»
Я ведала, што жыла ў прывідзе. Што скончыцца песня спевака, мы ўстанем, пакінем залу і знікнем у Сусвеце… І ты знікнеш, вернешся ў Гомель да сваіх пракурорскіх абавязкаў і клопатаў. І мая радасць на гэтым скончыцца, як і ўсё добрае хутка заканчваецца…
Але…
Мы знайшлі адно аднаго. Ты знайшоў мяне, а я цябе. І я не шкадавала, што такой доўгай была разлука.Я жыла табой, марыла пра цябе, і жадала, каб дзеці нашы былі падобны на цябе.Я баялася толькі аднаго, каб ён, твой двайнік, не аказаўся тваім родным братам ці родзічам. Супакойвала хіба адно – яго прозвішча і блізка не было падобна да твайго. Яго прозвішча – Кароль. Я – Прынцэса, а ён – Кароль… Дзіўнае супадзенне, ці не так?
Ён вярнуў мяне да жыцця. Ты, ці твой Пасланец, вярнуў мне ўсё, што я згубіла. Я была на сёмым небе ад шчасця.
А калі праз год я нарадзіла першынца, то і назвала яго Адамам. І другога сына нарадзіла ў наступным годзе. Яго ж назвала ў гонар твайго бацькі, які нарадзіў цябе… Так што ты багаты чалавек – у цябе двое сыноў.
Так што мы з табой – шчаслівыя людзі. Да гэтай пары…
Ды потым здарылася неверагоднае…
……………………………………………………………
Мой партыйны сакратар ездзіў штогод на курорты.
Савецка-бальшавіцкая сістэма пасылала туды свае кадры па адным – альбо мужа, альбо жонку. Як на выпрабаванне бляцтвам пасылала партыя. Але якое то выпрабаванне – то была, як я зразумела, суцэльная радасць. Савецкі лад жыцця меў кірунак не на ўмацаванне сям‘і, а на яе разбурэнне. І колькі сем‘яў рушылася тады! Ды што табе расказваць, ты сам ездзіў, і сам маеш на сабе грэх (ну, прызнайся…), бо не пускалі з жонкай, не пускалі…
І прывёз ён мне з таго санаторыя падаруначак. Не дарагі такі, нябачны, але такі грувасткі, цяжкі, што і не падняць. Ён прывёз мне сіфіліс… Як узнагароду за маё каханне і маё адраджэнне, і за маю веру ў маё новае нараджэнне…
Каб яго не паклікалі медыкі да сябе, – паскардзіліся, прызналіся жанчыны ў тым, што ён іх узнагародзіў каханнем Венеры, – дык я і не ведала б, да пары, да часу, – і не здагадвалася б нават, і ў сне цяжка-пачварным прысніцца не магло…
Я ўжо, дарагі мой пракурор, не помсціла. Калі была першая прапанова на сустрэчу, я не адмовіла такому ж, як і ён, сакратару парткома завода…
А потым я вярнулася ў Гомель.
А потым папала ў рэанімацыю да Зінаіды Сіліч, адкуль і ўцякла…
Вось тады і прывялі мяне міліцыянты да цябе…
Але ты не задаў мне ніводнага пытання, нават і не пацікавіўся, як я ўсе гэтыя гады пражыла. Ты, мусіць, думаў, што я кожны дзень і кожнаму, першаму-стрэчнаму, аддавалася пад ракітавым кустом? Правільна, а што ты яшчэ мог падумаць пра мяне, мой мілы пракурор?
Ну і заляпіў мне аплявуху…
Ну і малайчына, так ёй, паскудзе, і трэба!
Ды не, не падумай, што я крыўдую на цябе. Я сапраўды табе ўдзячна, што ты праявіў настойлівасць і жорсткасць, інакш бы я… ды ладна, не буду паўтарацца.