Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
— Але ты можаш стаміцца. У мусульман заўсёды шмат тлуму, — паспрабаваў ён усё ж адгаварыць жонку. Ды тая настояла на сваім.
Салім і ягоная сям'я пастараліся: дамок, дзе яны ўсе жылі, быў абвіты пляцёнкамі кветак, падлога памытая з пахкасцямі, а ў пярэднім пакоі гралі, надзімаючы шчокі, запрошаныя музыкі. У парадным пакоі, дзе ў пярэстым, пушыстым дыване як патаналі нізкія візантыйскія столікі, у самым куце, пад вялікаю іконай Маці Божай (прынесенай сюды дзеля гаспадароў), узвышаліся два разьбяныя крэслы, таксама абвітыя кветкамі. На сталах у каляровай шкляной вазе грудзіліся мігдалевыя зярняткі, салодкія кубічкі кунжуту, прадаўгаватыя арэхі, незнаёмыя Жывене і Галдану Цэрэнхану, якіх віталі не так гучна, як гаспадароў, але затое, мабыць, больш сардэчна.
Камітэса ледзь ускараскалася на крэсла. Яна была ў ліловай шаўковай сукенцы з залатымі кругамі па плячах, у шапачцы з касцянымі падвескамі. Нарумянены твар яе выглядаў амаль здаровым, але ссохлыя ў нітку вусны былі сцятыя, і яна, нават спрабуючы ўсміхнуцца, не магла расшчапіць сутаргава сціснутых тонкіх рук з бліскучымі залатымі пярсцёнкамі.
Муж час ад часу заспакаяльна схіляўся да яе, але ягоны твар быў трывожным. Ён любіў жыццё, любіў бляск двара і іпадром, дзе ягоныя коні, бывала, выйгравалі ў славутых скакуноў самога імператара. Любіў, калі на апошніх оргіях*, ужо на самым фінішы, дзе ў пыле не бачна было, чый конь наперадзе, у нецярпенні як кіпела ягоная кроў. А колькі асалоды бывала, калі на прыдворных пагулянках дзіэтарый** ківаў слузе, і той урачыста падносіў коміту віно ў залатым кубку. Шмат што шанаваў у гэтым жыцці знатны візантыец, не хацеў развітвацца з усім гэтым, стрыгчыся ў манахі. А такая пагроза была — імператар Балдуін час ад часу прыкідваўся, што надта шануе старадаўнія грэчаскія звычаі, асабліва калі гэта было яму зручна… Таму трывога, што не сціхаючы тачыла яго, клалася цёмнымі ценямі на твар, які цяпер выглядаў амаль такім жа бледным, як і ў ягонай жонкі.
* Грэчаская мера даўжыні ў 1,774 метра.
** Камергер, палацавы чыноўнік.
— Час блізіцца. Нарэшце я сыду адсюль, — задуменна сказаў лекар.
Жывена ўстрапянулася.
— Гэта значыць, што яна… што яна…
— Так, памрэ.
— О Настаўнік, але ж я… Я тут рабыня, і мяне могуць прадаць яшчэ далей, у далёкі Эгіпет, або разлучыць з сынам!
— Не думаю, — гэтак жа спакойна прамовіў лекар. — Здаецца мне, твой шлях будзе далей не рабскім.
— Чаму ты так думаеш? Ты гадаў? Я спрабавала пытацца ў Ашвінаў, але не магу зразумець іх мову. Мабыць, яны забыліся на мяне. А табе… Табе, мабыць, падуладныя многія духі.
— Не кажы мне пра духаў. Ты памыляешся.
Іх ціхую размову перапыніў Салім, які пстрыкнуў пальцамі і загадаў жанчынам уносіць стравы. Стоячы ля гаспадароў, ён гучна абвяшчаў назву кожнай:
— Гэта джаузаб, зроблены з самаркандскага рысу. Доўга шукаў я яго на тутэйшым базары! А вось сікбадж — мяса маладога барана, адваранае ў воцаце з шаўкавіцы. Фалузадж — салодкая страва, яна з мукі і мёду. А вось луб'я — гэтую фасолю добра гатуюць толькі мае жанчыны!
Тым часам музыка сцішылася, наперад выйшаў флейтыст у жоўтай кашулі, падпяразанай чырвоным поясам. Пад працяжную, са стогнам, мелодыю з-за заслоны выплыла танцоўшчыца.
Хударлявая, гнуткая, як змяя, яна, віхляючы сцёгнамі, наблізілася да гасцей, рытмічна пстрыкаючы пальцамі. Бліскучы ліф з абаяра — персідскага шоўку — ледзь закрываў вялікія грудзі, шальвары з той жа тканіны пачыналіся ніжэй пупка. Моцна насурмлены твар з нізкім ілбом быў як выразаны з дрэва, чорныя валасы матляліся па аголенай спіне. Босыя ногі блішчэлі нафарбаванымі пазногцямі, далоні былі карычневыя ад хны.
Страсна ўсхліпваючы, флейта зніжала тон, а музыка паступова як бы ператваралася ў вуркатанне галубкі, што кліча па вясне сабе некага да пары. Танцоўшчыца то згіналася, то хісталася, паскараючы тэмп, жывот яе дробна дрыжаў, дрыжыкі разыходзіліся па целе, якое ўсё пералівалася вабнай, бессаромнай сілай. Ціха, але выразна вёў спакуслівы, бясконцы рытм барабан.
Мужчыны вакол прагна сачылі за танцоўшчыцай, твары іх заільсніліся, пачырванелі, некаторыя, самі таго не заўважаючы, прыстуквалі пальцамі ў такт музыцы.
Першы раз бачыла Жывена такую страсную пажадлівасць амаль аголенага жаночага цела, адчувала яго ўладную моц. Гэтае ўлонне нібы рыхтавалася засмактаць у сябе ўсё, што магло даць спатолю яго звярынай празе… Яна заплюшчыла вочы, спалоханая. Дык вось што прымушала дрыжаць галасы мужчын, якія абмацвалі вачыма яе цела. Вось чаму несліся за дзяўчатамі ў купальскую ноч хлопцы, ломячыся праз сучча, як маладыя ласі, б'ючыся за абранніцу ажно да смерці. І ў позірку Відэвута была яна, тая прага, схаваная за ласкавасцю — гэтак агонь бушуе пад тарфянікам, але часам выбіваецца са страшнай глыбіні на паверхню танюткай стужкай сіняватага дыму!