Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
О, я помню, мой каханы, твае здзіўленыя вочы, калі ты ледзьве пазнаў мяне. Так, сапраўды, я не была падобна на чалавека, і пад маімі нагамі хісталася і гарэла зямля ад душэўнага сораму, – і я маліла Бога, каб у тваёй душы не прачнулася і макавінка шкадавання да мяне...
І Гасподзь пачуў маю малітву, бо ты з нейкі злом, і нават помстай, прыклеіў тую чорную пячатку на паперу...
Тады я і ўздыхнула з палёгкаю, прамовіла шчырае “дзякуй”, – але ты не зразумеў, за што я падзякавала табе... І добра, што не зразумеў, – я і жадала таго...
Але перад гэтым...
Божачка мілы, што было перад гэтым!.
……………………………………………………………
Я з‘ехала з нашай вобласці. Я ж мела дыплом медсястры.
І мне паверылі людзі. Мо памагла мне святая Еўфрасіння Полацкая, у якой я прасіла заступніцтва і дапамогі. Бо я малілася ў яе храме. У ім і ты быў некалі – толькі не як вернік, а як экскурсант. Якой гордай і незалежнай я хадзіла па Полацку! Я зноў адчувала на сабе позіркі людзей процілеглага полу, глядзела на іх, – і ні адна жылка не ўздрыгнула ў мяне ў душы... Бо я ўжо стала мудрай, я мела ўжо вопыт, я ўжо была адноўленая, і імкнулася толькі да светлага і незямнога...
І тады я загадала сабе: я пакахаю толькі таго, хто будзе падобны на майго ляснічага, на майго адзінага і любага чалавека, – а інакш застануся на ўсё жыццё адна, і не буду шкадаваць пра тое...
Я пакутавала, я перажывала, але ніхто мне не сустрэўся, падобны на цябе.
Я працавала ў шпіталі, у кардыялогіі, і так палюбіла сваю працу, што іншай не ўяўляла. Колькі маладых лейтэнантаў прызнаваліся мне ў каханні! Клікалі замуж, абяцалі незямное шчасце! Мо яно так бы і адбылося, але яны не мелі падабенства з табой. На вялікі жаль... А я жадала толькі цябе. Толькі з табой прадоўжыць нашае каханне. Толькі табой наталіць смагу сваёй душы...
……………………………………………………………
Распаўсюджвалі білеты на працы. У доме афіцэраў Полацка меўся выступаць невядомы спявак Валеры Абадзінскі. Мне не хацелася ісці, бо я не хінуся да расейскага, мне даспадобы больш нашыя, фальклорныя, – “Лявоны”, якія перад гэтым прыязджалі ў Полацак, “Прымакі”...
Сяброўкі ўсырычылі мне білецік...
Не, такога не можа быць! Бо такое не існуе ў прыродзе!
У прасторнай зале – у файе – я ўбачыла... я ўбачыла цябе! Так, так, цябе! І нешта адразу ж абарвалася ўсярэдзіне, закружылася галава, усё паплыло перад вачыма. Так і хацелася падысці да цябе і спытаць: “Адам! Ты прыехаў да нас, у Полацак, у камандзіроўку?”
Мой збянтэжаны і здзіўлены позірк перахапіў “ты”. Стаяў на адлегласці за некалькі крокаў, і не рашаўся падысці. Мы так і стаялі адно супраць другога, і не маглі зблізіцца... Бо паміж намі хадзілі людзі, а мы ўяўлялі, што то цякла рака – ці то Дзвіна, ці то Сож, а мо і Прыпяць... І ніхто з нас не праклаў кладку праз бурную плынь…
Празвінеў апошні званок, і ўсе няспешна пайшлі ў канцэртную залу, – і ты згубіўся ў людскім патоку... І я палічыла, што згубіла цябе назаўсёды – у другі раз...Я зірнула на свой квіток, каб сесці на прызначанае месца. Во ўсунулі, во ўдружылі мае сябровачкі квіток! Трынаццаты рад, ды яшчэ і трынаццатае месца! Як ведалі, што я па жыцці нешчаслівая, і месца маё – мая доля...
Рад аказаўся доўгі, і маё месца знаходзілася недзе пасярэдзіне. Я чаплялася нагамі за чужыя калені, прасіла даравання, паволі сунулася далей... Але наступныя, апошнія ўжо каленкі, я абысці не магла – яны ўпіраліся ў спінку пярэдняга крэсла... І ён, глядач, каб прапусціць мяне, устаў. Мы сталі твар у твар, і нашыя вочы на імгненне сутыкнуліся, і між намі зіхатнула маланка. Мы не прамовілі ні слова, але за тое імгненне сказалі адзін аднаму самыя важныя і патаемныя ў жыцці словы...
Вочы ў вочы... Нашыя вочы насупраць адно аднаго... І мы ўтапіліся ў азёрах нашых вачэй, і ніхто нам не кінуў круг ратавання... Ніхто. Нават– ты.
Нашыя месцы аказаліся побач. Я сядзела злева ад цябе.Я апусціла вочы, баючыся зірнуць на цябе, хаця мне ў гэты момант хацелася найбольш зрабіць гэта.Я глядзела не на сцэну, не на цябе, і не на спевака, я глядзела на свае калені, якія дакраналіся да тваіх, – дзівілася – чаму іх апякае невядомы агонь, такі агонь, які не апякаў мяне ніколі...
Калі ж паліўся незямны голас спевака, то ён адразу пранізаў маё сэрца. Тады ж і адчула нябеснае прыцягненне, уявілала, што знаходжуся ў храме Еўфрасінні Полацкай і што Боскае бласлаўленне сыходзіла на мяне, ахутвала ўсю маю істоту...А потым... А потым...
А потым я, здаецца, не памятала, дзе знаходзілася, і што са мною адбывалася...
Эти глаза напротив,
и больше нет разлук…