Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
* Рубін (старажытнарус.).
** Так называлі храм св. Сафіі.
— Усё, што скажаш, я зраблю, але… — пачаў быў коміт.
— Не суцяшай! — слаба абарвала яго жонка. — Яшчэ адно хачу папрасіць: пасля маёй смерці дай ёй вольную грамату.
Яна паказала на Жывену, якая трымала яе за левую руку.
— Але чаму — ёй? — коміт рэзка павярнуўся, вочы яго ўпіліся ў маладую дзяўчыну, якая ад нечаканасці адпусціла гаспадыню.
— Таму што… — Еўдакія пачала задыхацца, плямы на шчоках выступілі цёмна-чырвонымі ружамі. — Яна, рабыня, заступілася за іншага, хаця за гэта, пад гарачую руку, маглі загадаць асляпіць і яе. Значыць, чужое жыццё ёй… не абыякавае…
Але тут слугі па знаку коміта падхапілі яе, Галдан Цэрэнхан паспешліва дастаў з зялёнага яшмавага футарала доўгія іголкі з туга закручанымі ў спіраль канцамі і маланкава абтыкаў імі хворую. Седзячы на тоўстым усходнім дыване, яна паступова супакоілася, пачаў праступаць румянак на шчоках, дыханне параўнела. Жывена дапамагала ёй: абкладала падушкамі, абвявала веерам з вялікімі пушыстымі пёрамі. Але адначасова ліхаманкавая радасць білася ў ёй, і той прыліў моцы і лёгкасці, які вярнуўся і цяпер п'яніў хмелем надзеі, усё не пакідаў, наадварот, узмацняўся…
Вечарам, калі гаспадары вярнуліся назад, у Цар-горад, і Еўдакія заснула, Жывена, хвалюючыся, папрасіла лекара паслухаць ейны пульс.
— Я баюся, што памру ад радасці, - сказала яна. — Таму прашу цябе, скажы, колькі мне жыць, каб паклапаціцца пра Святазара.
Аднак Галдан Цэрэнхан адмовіўся.
— Чаму ж коміту ты сказаў, калі памрэ ягоная жонка, а мне не хочаш сказаць нічога! — пакрыўдзілася Жывена.
— Бо ў яе лёсе не зменіцца нічога, яе Кола вось-вось спыніцца.
— Спыніцца некалі і маё!
— Але калі — ты не павінна ведаць. Іначай суддзя памерлых Чойг'ел*, убачыўшы ў люстэрку Кармы, як я ўмешваюся ў тваё жыццё, пазбавіць мяне магчымасці хоць калі-небудзь нарадзіцца ў Сукхаваці — шчаслівай краіне, дзе няма ні дэманаў, ні асураў**, толькі багі і людзі.
* Персанаж тыбецкай міфалогіі.
** Адпавядаюць злым духам.
— Дык ты не можаш мне сказаць нічога, ты, які стаў для мяне Настаўнікам?
— Магу сказаць адно: твой лёс напоўнены звонам і страсцю, і ты, адламаная галінка дрэва, павінна браць сілы ў яго. Будзе жыць Дрэва — будзеш жыць і ты.
…І зноў у Жывеніным сне варушыў незлічоным лісцем свяшчэнны Дуб, з дупла выглядала празрыстая-светлая, у вяночку з белых рамонкаў Ляля, а за ёю тоўпіліся русалкі, і тонкія галасы напаўнялі прастору музыкай. Над пяшчотна-сінімі палосамі квітнеючага лёну трапяталі жаўрукі, а вышэй над імі — бяздонна-велічнае неба такой асляпляльнай васільковай гушчыні, якую яна бачыла толькі на радзіме. Душа дзяўчыны кружылся над узгоркамі і далінамі, над чырвонымі мурамі новагародскіх вежаў, і ў сне такое замілаванне ахоплівала яе, што слёзы змочвалі жорсткую падушку, а вобраз радзімы і твары дарагіх яе сэрцу людзей стаялі перад вачыма і ўдзень. Ніколі не думалася, што такой нястрымнай, такою горка-безнадзейнаю мукаю будзе поўніцца сэрца. І аднойчы ў сне загучалі словы дзеда аб Новагародку, якія праходзілі раней паўз яе душу. І адкрылася ёй, што ёсць любоў да Радзімы.
КНІГА ДРУГАЯ
У самы канец месяца верасня, калі на Новагародчыне зацвітаюць ліловыя пругкія верасы і пад дубамі выходзяць на свет аксамітава-карычневыя баравікі, а ў Візантыі над ссохлай у камень зямлёй з дрэваў звісаюць яшчэ зялёныя цытрыны, у Саліма, вольнаадпушчаніка, што працаваў у гаспадарцы коміта Нікіфара, нарадзілася дзіця.
Яго сярэдняя жонка праз тое ледзь не развіталася з жыццём: яна ўжо бачыла Азраіла з мячом, якім той рыхтаваўся перарэзаць тонкую нітку яе жыцця. Але ўмелыя рукі тыбецкага лекара, якому дапамагала і Жывена, вынеслі яе з-пад страшнага крыла гэтага анёла смерці і разам з немаўлём вярнулі Саліму. І той, бязмерна ўдзячны абаім памагатым, наладзіў у іхні гонар свята, куды запрасіў і гаспадароў.
Нікіфар быў абурыўся, што раб хоча весяліцца ў час, калі ягонай гаспадыні робіцца ўсё горш. Але Еўдакія супакоіла яго:
— Чужая радасць можа даць трохі радасці і мне.
Коміт прысеў на ложак да жонкі, прыціснуў яе тонкія, амаль празрыстыя далоні да вачэй, каб схаваць слёзы. Ніколі раней так не казала Еўдакія, наадварот — капрызлівая, зацятая, не любіла яна чужой радасці. Часам і мучыла рабоў.