Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
А мы мусім зайсьці ў тую пастку з расплюшчанымі вачыма, з мужнасьцю, хоць і зь невялікаю надзеяй для нас саміх. Бо, шаноўнае спадарства, можа здарыцца й так, што ўсе мы цалкам загінем у чорнай бітве далёка ад жывой зямлі, і нават калі Барад-дур будзе зрынуты, да новай эпохі мы не дажывем. Але ж, мяркую, наш абавязак у гэтым. Лепей загінуць так, чымся гібець у марноце, анічога ня робячы й ведаючы, што з нашай сьмерцю ня ўзыдзе анічога новага.
Пэўны час усе маўчалі. Тады Арагорн вымавіў:
– Як пачаў я, так і пайду далей. На самым краі стаім мы, дзе надзея й адчай зьліваюцца ў адзінае. Ваганьне цяпер – гібель. Хай ніхто сёньня не адкіне парадаў Гэндальфа, чыёй доўгай барацьбе супраць Саўрона надышоў нарэшце час апошняга выпрабаваньня. Калі б ня Гэндальф, ужо даўно мы страцілі б усё. Нягледзячы на тое, я пакуль не бяру на сябе права анікому загадваць. Хай кожны абярэ, што захоча.
– Дзеля таго й зьявіліся мы з далёкай Поўначы, – абвесьціў Эльрохір, – і ад бацькі нашага Эльранда прынесьлі гэткую самую параду. Мы не павернем назад.
– Што да мяне, дык я няшмат разумею ў гэтых мудрагелістых прамовах, дый мне й ня трэба, – прызнаўся Эямэр. – Ведаю я, і таго мне досыць, што сябра мой Арагорн дапамог мне й майму народу, і таму я прыйду на дапамогу яму, калі ён пакліча. Я пайду зь ім.
– Што тычыцца мяне, – паведаміў князь Імрахіль, – я лічу сябе падданым ягамосьці пана Арагорна, абьвесьціў ён сваё права ці не. Ягоная воля для мяне – загад. Я таксама пайду. Аджа пакуль я займаю месца намесьніка Гондару, мой абавязак думаць перш за ўсё пра ягоны народ. Бо й звычайнай рацыі мушу аддаць увагу, і падрыхтавацца на любы выпадак, добры й благі. Мажліва, мы ўсё-ткі пераможам, і калі ёсьць такая вераемнасьць – Гондар трэба абараняць. Я не хачу вярнуцца зь перамогаю ў зруйнаванае места ды запустэчаную зямлю. А ад рахірымаў мы ведаем, што на поўнач ад нас яшчэ некранутае войска.
– Тое слушна, – пагадзіўся Гэндальф. – I я ня раю вам пакідаць горад зусім безабаронным. Сапраўды, войска, якое павядзем на ўсход, наўрад ці варта зьбіраць у разьліку на сапраўдны напад – хай будзе вялікім настолькі, каб Вораг прыняў заклік да бітвы. I рушыць тое войска мусіць у хуткім часе. Таму я пытаюся ў правадыроў: колькі ваяроў мы сабярэм за два дні й не даўжэй за тое? I ваяроў сталых, якія пойдуць з уласнай волі, ведаючы, што чакае іх.
– Усе мае воі натаміліся, надта шмат параненых – і лёгка, і цяжка, – паведаміў Эямэр. – I мноства мы страцілі коней, а тое нялёгка для нас. Калі неўзабаве выходзім, я зьбяру наўрад дзьве тысячы, а астатніх пакіньма для абароны гораду.
– Мы можам разьлічваць ня толькі на тых, хто змагаўся на Пеленарскім полі, – заўважыў Арагорн. – Новыя разьдзелы на шляху з паўднёвых земляў, бо ўзьбярэжжа пазбавілася ад пірацкай пагрозы. Чатыры тысячы я паслаў зь Пеларгіру сюды праз Ласарнах, і вядзе іх Ангбар Бясстрашны. Калі мы выйдзем праз два дні, яны яшчэ засьпеюць нас тут. Шмат каго заклікаў я рушыць за намі па рацэ на любых караблях ды чоўнах, якія знойдуцца. З такім ветрам неўзабаве прыбудуць і яны. Ужо колькі караблёў сягнулі Харлянду. Мяркую, мы выведзем сем тысячаў пешых і конных, і ўсё-ткі пакінем горад лепей абароненым, чымсьці ён быў да пачатку аблогі.
– Брама разбураная, – заўважыў Імрахіль, – і дзе ж цяпер майстэрства адбудаваць яе ды ўсталяваць зноўку?
– Майстэрства такое існуе ў Эрэбары, у каралеўстве Дайна, – адказаў Арагорн. – Калі надзеі нашыя ня згінуць марна, тады ў адпаведны час я папрашу Гімлі, сына Глойна, заклікаць сюды майстроў з Самотнай гары. Але ж людзі мацнейшыя за брамы, і аніякая брама ня вытрымае супраць ворага, калі людзі пакінуць яе.
Скончыліся перамовы правадыроў так: вырашылі на другую раніцу ад гэтага дня выйсьці зь сямю тысячамі войска, калі набяруць столькі, большая частка – пехатою, бо ліхая й неўрадлівая зямля ляжа пад ногі. Арагорн павядзе каля дзьвюх тысячаў сабраных пад ягоную руку на поўдзень ад Гондару, а Імрахіль – тры з паловай тысячы ваяроў гораду, Эямэр жа выведзе пяць сотняў тых, хто страціў у бітве каня, але сам застаўся прыдатным для бою, і пяць сотняў найлепшых вершнікаў. Яшчэ пяць сотняў вершнікаў налічыцца з ваяроў гораду й рыцараў Дол Амрату, а разам зь імі паедуць дунаданы й сыны Эльранда. Усяго – шэсьць тысячаў пяхоты й тысяча вершнікаў. Але ж галоўныя сілы рахірымаў, якія засталіся пры конях і былі здольныя біцца – каля трох тысячаў на чале з Эльфхельмам, – перакрыюць Заходні шлях супраць ворагаў, што засталіся ў Анарыёне. Адразу ж выслалі найхутчэйшых выведнікаў на поўнач, а таксама на ўсход ад Азгіліяту й на шлях да Мінас Моргулу.