Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
— Чым я магу вам служыць?
— Я… таго… прыйшоў, — заікаўся дырэктар, — спытацца, шаноўны пан застанецца ў сваім нумары?..
Друцкі выпрастаўся і паглядзеў прама яму ў вочы:
— Застануся.
— А, ну так… А то я думаў…
— Можа, гэта вас не задавальняе? — спытаўся Друцкі з пагрозай у голасе.
— Мяне? — стукнуў сябе ў грудзі дырэктар. — Чаму гэта?
— Ну і добра. Калі ж каму-небудзь гэта не падабаецца, прышліце яго да мяне. Будзьце ўпэўнены, я яму… дагаджу.
— Хе… хе… — смяяўся дырэктар, — вы сапраўдны амерыканец. І насамрэч вы мяне дрэнна зразумелі. Раз думаеце і далей аказваць гонар нашаму атэлю…
— Думаю аказваць гонар далей, — перарваў яго Друцкі, — а цяпер я з вамі развітваюся.
— Маё шанаванне.
Дырэктар, які, відавочна, прыйшоў з намерам адмовіць Друцкаму ў даху над галавой, выйшаў ні з чым.
На вуліцы толькі змяркалася, калі Друцкі з’явіўся ў гаражы.
Тут наадварот рады былі яго бачыць, а старшы шафёр гаража адвёў яго ў бок:
— Слухайце, тут быў адзін такі агент са Следчага Камітэта, ён загадаў мне тэлефанаваць яму, як толькі вы захочаце падрыхтаваць машыну ў далёкую дарогу. Шпіёны хрэнавы, ліха на іх! — скончыў ён абурана, але не без захаплення.
— Дзякуй вам, — патрос яго руку Друцкі, — ні ў якую далёкую дарогу я не выбіраюся. А зараз дайце мне машыну. Я трохі праветруся пасля гэтага арышту.
— Вы малайчына, — засмяяўся шафёр, — мы тут паміж сабой гутарылі і зрабілі выснову, што вам і ўсе д’яблы не далі б рады.
Калі аўтамабіль схаваўся за варотамі, шафёр звярнуўся да памочніка і, паказваючы галавой у кірунку ад’ехаўшай машыны, сказаў:
— Залаты госць! Колькі я ўжо іх бачыў, дык разбіраюся ў людзях, а гэты і свой хлопец, можна сказаць, і, што ні гавары, пан з паноў стапрацэнтны. Ну, што стаіш як укапаны? Зачыняй!
Раздзел 12
Пра тое, што шэфа адпусцілі, у «Аргенціне» не ведалі. Таму яго з’яўленне выклікала сенсацыю сярод персаналу.
Усе работнікі сабраліся ў холе. Друцкі з усмешкай паціскаў ім далоні. Потым ён закрыўся ў кабінеце з касірам і з Грабоўскім. Выслухаў іх справаздачы, прагледзеў кнігі.
Выручка, сапраўды, значна знізілася, але Друцкага больш непакоіла тое, што знізіўся ўзровень публікі. Здараліся грубыя скандалы, а раз нават вымушаны былі выклікаць паліцэйскага.
— З гэтым мы павінны тут жа скончыць. Пан Грабоўскі, паклічце сюды парцье і Вжосэка.
Старшы афіцыянт Вжосэк і Грабоўскі атрымалі строгае распараджэнне не дапускаць непажаданых гасцей.
— А пра скандалы паведамляць мне.
Парцье ж з гэтага часу не павінен быў пускаць абы-каго, што яму, зрэшты, спадабалася:
— Можаце быць спакойныя, пан дырэктар, — сказаў ён, — я ўжо дзесяць гадоў парцье па найважнейшых справах і ўсіх прыстойных гасцей ведаю, а галадранца пазнаю за мілю.
Наступнай справай Друцкага быў дэталёвы агляд памяшкання. Ён знайшоў шмат хібаў і недаглядаў. Вінаватыя атрымалі па адным кароткім позірку. Гэтага ім было дастаткова.
Калі ён вярнуўся ў кабінет, там ужо была Тэця. Яшчэ перад прыходам у «Аргенціну» яна, відаць, даведалася пра тое, што Друцкага адпусцілі, таму што на сваім стале ён убачыў букет кветак.
Ад хвалявання ў сакратаркі дрыжалі вусны, а вочы іскрыліся радасцю.
— Нарэшце, нарэшце… Божа мілы, — шаптала яна, сутаргава сціскаючы яго далоні, — а ўсё гэта з-за мяне, з-за маёй недалёкасці. Ты да смерці мне гэтага не даруеш…
— Чаго, дурненькая, чаго? — смяяўся ён, прытуляючы яе да грудзей.
— Ну, таго, што я паклала гэты пачак у стол, але я сапраўды не думала…
— Супакойся, дурнічка, я ніколькі на цябе не крыўджуся. Ты так вінаватая, як і я. Але не смуткуй, бо ўсё ўжо скончылася. Ну, носік угору і дай мордачку… Толькі навошта ты трацішся на кветкі? — пагразіў ён ёй пальцам.
— На кветкі? — здзівілася яна.
Рухам галавы ён указаў на стол.
— Гэта не я, — патрэсла яна галавой.
— Не ты?
Яна пабляднела і сказала:
— Гэта Казя.
— Э-э-э!.. З якой ласкі?
— Абсалютна дакладна. Калі я ўваходзіла, то на ўласныя вочы бачыла, як яна клала сюды гэтыя свае кветкі.
Друцкі раптам ссунуў бровы. У яго прамільгнула думка: «А можа, і морфій?»
Так, яна магла таксама ўвайсці і пакласці. Толькі навошта? Ён забываўся пра яе апошнім часам, але ён быў з ёй ласкавы, ёй не было за што так подла помсціць.
— Не, нонсенс, — сказаў ён уголас.
— Але ж гэта яна, я сама бачыла, — запэўніла Тэця, лічачы, што Друцкі думае пра кветкі.
— Як гэта? — сарваўся ён з месца. — Ты бачыла?