Гары Потэр і патаемная зала
- Автор: Роулинг Джоан Кэтлинг
- Серия: Гары Потэр (be) #2
- Год: 2013
- Язык: белорусский
- Переводчик: Дзяніс Мускі
- Жанр: Детское фэнтези
Электронная книга - «Гары Потэр і патаемная зала». Краткое содержание книги:
— Бацька кажа, каб я не вязаўся на вочы, што спадкаемца сам ўсё зробіць. Ён сцвярджае, што школу трэба ачысціць ад глеекроўскага бруду, але просіць не мяшацца ў гэтую справу. Тым больш, што ў яго зараз у самога кепскія справы. Вы ж ведаеце, што на мінулым тыдні міністэрства абшукала наш маёнтак?
Гары паспрабаваў нацягнуць на дурны гойлаў твар, выраз заклапочанасці.
— Так... — працягваў Малфой. — на шчасце шмат яны не знайшлі. А ў бацькі ёсць колькі ВЕЛЬМІ каштоўных цёмных артэфактаў. Аднак , добра, што ў нас пад падлогаю ў гасцёўне таксама маецца свая ўласная патаемная залка...
— Гы!— пасміхнуўся Рон.
Малфой азірнуўся на яго. Тое ж сама зрабіў і Гары. Рон пачырванеў. Нават яго валасы зрабіліся рудымі, а нос пачаў даўжэць... іх гадзіна скончылася. Рон зноўку пераварочваўся на сябе самога, а па жахлівым выразе на яго твары, Гары зразумеў, што нешта падобнае тварыцца і з ім самім.
Яны абодва ўскочылі на ногі.
— Мы пабеглі лекаваць жываты, — гыркнуў Рон і разам з Гары яны кінуліся да дзвярэй ў каменнай сцяне, а адтуль у калідор, спадзяючыся, што Малфой ані нічога не заўважыў. Гары адчуваў, што яго ногі боўтаюцца ў вялізных гойлавых чаравіках, а крысы мантыі прыходзіцца прыпадымаць, бо яго рост зноўку паменьшыўся. Яны пабеглі ўверх па лесвіцы ў цёмны вестыбюль, дзе з каморы да мёцел ужо чуўся прыглушаны грукат сядзелых там Крэйба і Гойла. Пакінуўшы чаравікі ля каморы, Рон і Гары ў адных шкарпэтках паспяшаліся да прыбіральні Мармытухі Міртлы.
— Ну, у любым выпадку, гэта не было дарэмным марнаваннем часу, — цяжка дыхаючы, заявіў Рон, зачыняючы за сабой дзверы прыбіральні. — Мы канечне не высветлілі, хто ажыцяўляе напады, але я заўтра ж напішу тату, каб ён праверыў падлогу ў малфоеўскай гасцёўне.
Гары паглядзеў на сваё адлюстраванне ў трэснутым люстэрку. Ён зноўку зрабіўся нармальным. Хлопчык начапіў на нос акуляры, а Рон тым часам пастукаў у дзверы герміёнінай кабінцы.
— Герміёна, выходзь, мы шмат чаго маем табе распавесці...
— Сыходзце!— піскнула ў адказ дзяўчынка.
Гары і Рон вытарапіліся адно на аднаго.
— Што здарылася?— спытаўся Рон. — Ты ўжо павінна зноўку перавараціцца на саму сябе, як і мы...
Тут скрозь дзверы кабінкі нечакана праслізнула Міртла і Гары ніколі раней не бачыў, каб яна выглядала настолькі шчаслівай.
— Вууууух, што вы зараз убачыце, — заявіла яна. — Гэта сапраўдны ЖАХ!
Хлопцы пачулі, як пстрыкнуў замок, з кабінкі, рыдаючы і закрываючы мантыяй галаву выйшла Герміёна.
— Што там у цябе?— нясмела спытаўся Рон. — У цябе што застаўся мілісэнцін нос ці яшчэ што?
Дзяўчынка адняла мантыю ад твара. Ад здзіўлення Рон, падаўшыся назад, сеў у ракавіну.
Герміёнін тварык пакрывала густая чорная поўсць, вочы зрабіліся жоўтымі, а з пад валасоў на патыліцы тырчэлі завостранныя вушы.
— Гэта б-быў каціны волас!— ўзенчыла яна. — Напэўна ў М-Мілісэнты ёсць к-котка! А з-зелле нельга выкарыстоўваць дзеля пераварочвання на жывёлаў!
— Аёй, — толькі і мог прамовіць Рон.
— Цяпер, цябе дадуць, якую-небудзь ЖУДАСНУЮ мянушку, — у захапленні прамовіла Міртла.
— Усё будзе добра, Герміёна. — хутка заявіў Гары. — Мы адвядзем цябе ў шпітальнае крыло. Мадам Помфры аніколі не задае шмат пытанняў...
Хлопцам спатрэбілася шмат часу, каб пераканаць Герміёну выйсці з прыбіральні. А вокол з шчаслівым рогатам гойсала Мармытуха Міртла.
— Вось, чакай, чакай, хутка ўсе будуць ведаць, што ты і ХВОСТ маеш!
РАЗДЗЕЛ ХІІІ
Звышсакрэтны дзённік
Герміёна заставалася ў шпітальным крыле колькі тыдняў. Вярнуўшыеся з калядных вакацыяў вучні, імгненна разнеслі па школе безліч плётак аб прычынах яе знікнення, бо вырашылі, што на яе таксама быў ажыцяўлён напад. Таму шмат хто з навучэнцаў, прамінаючы шпітальнае крыло ўвесь час імкнуўся зазірнуць у палату і паглядзець на тое, што здарылася з дзяўчынкай. Аднак, мадам Помфры, што раз закрывала яе ложак завесаю, каб аніхто раптам не заўважыў яе пакрыты поўсцю твар і такім чынам пазбавіць Герміёну ад немінучай ганьбы.
Штовечар, дзяўчынку наведвалі Гары і Рон. Распачаўся новы сэместр, таму хлопцы прыносілі ёй заданні на хатнюю работу.
— Калі б у мяне вусы выраслі, — аднаго вечара, перакульваючы на герміёніну тумбачку стос кніжак, заявіў Рон, — я б адпачыў ад заняткаў.
— Не шый з сябе дурня, Рон, мне нельга адставаць ад праграмы, — імгненна прамовіла Герміёна. Апошнім часам яна значна акрыяла, бо поўсць з яе твара ўжо сыйшла, хаця вочы па ранейшаму не спяшаліся зноўку рабіцца карымі. Яна паднялася на ложку і ціхінька, каб не пачула мадам Помфры дадала. — І закладаюся ў вас не з’явілася новых версіяў, наконт спадкаемцы.