Ноч Цмока
- Автор: Гапеев Валерий Николаевич
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Детективная фантастика
Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
— Ну вы параўналі, — хмыкнуў я.
— А вы не спяшайцеся. Зазірніце ў гісторыю ўсіх часоў і народаў: хіба фараон мог нарадзіцца і вырасці ў простай сям’і? А рымскі імператар дзе выхоўваўся і кім нараджаўся? Каралі і цары?
— Выбачайце, шаноўны, але вы, здаецца, не бераце ў разлік звычайнае сённяшняе дэмакратычнае грамадства, — з сарказмам заўважыў я.
— Канешне, не бяру, — згадзіўся Федарук. — Бо ў сапраўды дэмакратычных краін — стогадовая эвалюцыя грамадскай супольнасці, якой наш народ у новым часе не ведаў зусім.
— І вы адзін вырашылі ратаваць нацыю.
— Не адзін, — нечакана горача загаварыў Федарук. — Вы думаеце, ідэя нацыянальнага лідара не жыве ў галовах і сэрцах людзей? Памыляецеся! Зірніце наўкола, на нашы палітычныя кампаніі — менавіта ад асэнсавання немагчымасці выбраць сапраўднага кіраўніка са свайго атачэння ў нас знікла вера ў змены! Мы ведаем, якія мы, — і разумеем: нікому з нас не стаць тым лідарам, які павядзе народ, якому павераць. Бо мы выраслі, скажам так, на аднолькавых дражджах. Мы слабыя, бо мы не верым самім сабе. Мы ніколі не рабілі нечага дзеля аддаленай будучыні, дзеля сваіх нашчадкаў, хіба што грошы адкладвалі на рахункі. У нас ніколі не было вялікай агульнай справы, такой, якая б захапіла хоць частку нацыі, хоць тую праслойку інтэлігенцыі. Справы, дзеля б якой ахвяравалі, у якую верылі так, каб ведаючы, што не пабачаць пладоў сваіх высілкаў, ды высільваліся дарэшты. І таму мы павінны ўспомніць вопыт нашых продкаў. Не смейцеся, калі ласка. Я не магу сёння патлумачыць, чаму менавіта так трэба рабіць, але перакананы: толькі так і трэба. Бо ў міфах — навука і вопыт… Вы пісалі калі-небудзь вершы? — нечакана спытаў ён. — Любіце паэзію?
— Не, не пісаў, — прызнаўся я. — А паэзію люблю. Некалі вельмі ўразіў верш Куляшова… пра каханне. Запомніў.
— Я да чаго. Паэты — амаль усе прарокі. А грамадзянская паэзія — выразнік не сфарміраванага канчаткова, не выказанага яшчэ словамі грамадскага памкнення, канцэнтрацыя думак. Я вам тое з усёй адказнасцю кажу. Дык вось, мне не так даўно трапіўся дзіўны верш. Паслухайце, калі ласка.
Ён нахіліўся блізка да экрана ноўтбука, мабыць, з-за блізарукасці, пачаў чытаць, сцішаным голасам, хоць кожны радок прамаўляў выразна, з прыхаванай экспрэсіяй:
Федарук замаўчаў, павярнуўся да мяне:
— Вы зразумелі?
— Што я павінен зразумець? — здзіўлена запытаў я. Па праўдзе кажучы, мне ўжо пачала надакучваць наша размова.
— Гэты верш. Яго напісала жанчына, маладая. І ў ім — тое падсвядомае імкненне ўсяго грамадства, гэткае калектыўнае падсвядомае: будучага кіраўніка трэба нарадзіць і вырасціць. Нам, мы ў адказе за яго нараджэнне і выхаванне. І жанчына выказала падсвядомае ў канкрэтных словах. Значыць, не толькі мы тут задумаліся над гэтым. Бяда ў тым, што мы баімся рабіць нават такі, не гвалтоўны, не рэвалюцыйны крок.
Я не мог не спытаць і спытаў, хоць пытанне было сугучнае з тым маім ранейшым пра тое, ці дрэнна яму жывецца:
— Прабачце, вы можаце пакрыўдзіцца, але шчыра не разумею, таму пытаюся: чаму вы? Незадаволеных — тысячы і больш. І ўсе чакаюць, спадзяюцца на нешта… ну, на нейкія дэмакратычныя, эвалюцыйныя працэсы. А вам навошта? Тут жа і рызыка пэўная.