Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:

Раман пачынаецца як класічны дэтэктыў: загадкавая смерць маладой жанчыны, сведкаў няма, слядоў таксама, сродак забойства нявызначаны. Далей высвятляецца, што забітая — лесбіянка, дачка мясцовага ведзьмака, сектантка, што нарадзіла за колькі дзён да смерці. Са звыклых дэтэктыўных рэек дзеянне збочвае ў гушчар містыкі.
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
1 ... 67 68 69 70 71 72 73 74 75 ... 90
Перейти на страницу:

— Дзякуй, Волечка, мы тут самі далей. Мая жонка, Вольга Рыгораўна, — павярнуўся ён да мяне.

Я не чакаў ад сябе падобнай галантнасці, але раптам прыўзняўся і з лёгкім нахілам галавы прадставіўся жанчыне:

— Васіль Шайбак, следчы пракуратуры.

Вольга Рыгораўна адказала мне ветлай усмешкай куточкамі вуснаў. І хоць позірк яе цёмных вачэй быў хваравітым, там была спагада. Яна пайшла, дробна пераступаючы нагамі з маленькімі ступнямі. І толькі цяпер я звярнуў увагу: на ёй былі не пляжныя шлёпанцы, не стаптаныя пантофлі ці які іншы «дачны» абутак, а туфлікі. Яна толькі прыехала аднекуль?

— Адчувайце сябе смела, калі ласка, — запрасіў Федарук. — Цукар, малако.

 — І што вы хацелі мне паведаміць? — я насамрэч расслабіўся, адчуваючы атмасферу шчырай добразычлівасці ў дадатак да сваёй упэўненасці.

— Патлумачыць усё, што вам неабходна, — цяпер ужо спакойна адказаў Федарук. — Я разумею, многае вам ужо вядома, але ж засталіся пытанні…

— Так, некаторыя пытанні ў мяне засталіся, — згадзіўся я. — І я хацеў бы пачуць на іх адказы. Але з адной умовай.

— З якой? — зацікаўлена глянуў на мяне Федарук.

— Адказвайце без усякай. містыкі.

— Цікава-цікава.

Федарук пабоўтаў лыжачкай у кубку, дастаў яе, паклаў асцярожна на край сподачка. Выпрастаўся, абапёрся на спінку лаўкі, склаў рукі на грудзях і хутка запытаўся:

— А што вы разумееце пад містыкай, малады чалавек?

Я ўсміхнуўся, даруючы яму гэтае імгненнае вяртанне ў свой звычны стан навукоўца. Трэба аддаць яму належнае — ён зразумеў маю ўсмешку, сеў, як і сядзеў, вінавата працягнуў:

— Прашу дараваць мне маю такую рэакцыю. Ведаеце, многа гадоў перад студэнтамі. Прабачце, як мне да вас звяртацца? Таварыш следчы?

Я паціснуў плячыма. Чаму б мне не пабыць велікадушным далей?

— Калі я ў вас частуюся кавай, называйце Васілём. проста Васілём — розніца ў гадах дазваляе.

— Дзякуй, дзякуй. Дык вось, Васіль, вы мне прабачце, але ж я хачу даведацца, каб пасля не звяртацца да містыкі, як вы кажаце. Што для вас містыка?

— Ды рознае вядзьмарства, у якое, бачу, ёсць многа ахвотных верыць, — патлумачыў я.

— Выбачайце, я падумаў, вы адносіцеся да так званага вядзьмарства трошкі з большай павагай. пасля некаторых падзей. Безумоўна, мне трэба прызнаць сваю віну за ўчарашні выпадак. Але пра яго можна пагаварыць пазней, калі пажадаеце, я вам усё патлумачу.

— Кіньце, Алесь Тарасавіч, — сам таго не заўважаючы, звярнуўся я да Федарука паважліва. — Я ачмурэў ад элементарнага наркатычнага настою. А голыя цёткі, плуг, баразна — антураж фокусніка.

Я не маніў сабе ў той момант: вось цяпер, у дзённым святле, мне і сапраўды так падавалася. Ноччу псіхіка не справілася з наркатычнай атрутай. Мне трэба было ўсяго толькі выспацца.

— Не буду, не буду вас пераконваць у іншым. Але скажу: містыка, як вы кажаце, — вакол! І зараз, тут, перад вамі.

— Напрыклад?

— Піце каву, астывае, — Федарук пацягнуўся сам да кубка, зрабіў глыток. — Прыкладаў процьма, паважаны Васіль. Містыка — гэта тыя з’явы ў жывым свеце, якія мы не можам вытлумачыць. Вось і завём іх такім словам. Містыка — катэгорыя пакуль неразгаданых сувязей прычын і наступстваў. Усё!

— Няхай так. Што наконт прыкладу тут і цяпер?

— Ага, прыклад… — Федарук сеў прама, пачаў хутка і дробна круціць галавой вакол. — Вось! Яблыня!

— Містычная? — усміхнуўся я, крыху заінтрыгаваны. Што ж такога містычнага ён мне тут пакажа?

— Яблыня, так, менавіта яблыня, — упарта пачаў Федарук. — Калі мы тры гады таму прыехалі сюды, усе яблыні амаль здзічэлі. Вы ж ведаеце гэты цікавы працэс: як толькі сядзіба пусцее, яблыні хутка дзічэюць. Менш цвітуць, плады робяцца дробнымі, страчваюць свой культурны смак. А вяртаецца чалавек — і праз колькі гадоў яблыня зноў робіцца, скажам так, хатняй. Вам жа тое вядома, так?

— Ну, так, — мусіў згадзіцца я.

— Дык хіба не містыка? Адкуль яблыня ведае пра тое, ці ёсць у яе гаспадар? Ні вачэй, ні вушэй. Расліна ўсяго. А яна вось так чуйна, няхай і марудна, але адгукаецца беспамылкова на прысутнасць гаспадара. Вы можаце патлумачыць?

1 ... 67 68 69 70 71 72 73 74 75 ... 90
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)