Ноч Цмока
- Автор: Гапеев Валерий Николаевич
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Детективная фантастика
Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
— Падлужны Міхась Сямёнавіч, вы дапытваецеся ў сувязі са смерцю Грыцук Настассі Дзмітрыеўны, — Тамара сама вяла допыт, яна пачала суха, без усякіх эмоцый і адценняў у голасе.
— А я што? Я не вінаваты ні ў чым.
— Якія ў вас былі адносіны з забітай?
— Ніякіх, хто яна мне? Жылі побач, ды ўсё.
— Нам вядома, што вы неаднаразова выказвалі пагрозы на адрас Насці Грыцук. Патлумачце, што было прычынай пагроз.
— Дык ці мала чаго скажаш? Так, са злосці…
— І што вы казалі? Казалі, што заколеце? За што?
— А што ж. — Падлужны нечакана замаўчаў, апусціў галаву долу і выдыхнуў шумна: — Ы-ых! А каб некаму іншаму яна тое зрабіла? Ён бы не пагражаў?
— Што зрабіла? Расказвайце! — Тамара загадала нечакана мякка, і я паморшчыўся. Чаму яна яго шкадуе?
— Кароў мне псавала.
— Якім чынам?
— Дык ведзьма ж! Ведзьма! — адчай і палёгка зліліся ў адным крыку. Падлужны насцярожана паглядзеў на Тамару: як яна зрэагуе на гэты вокліч?
— Добра, няхай яна была ведзьмай і псавала вам кароў. З якой прычыны яна магла шкодзіць вам?
Падлужны маўчаў больш за хвіліну, глядзеў сабе пад ногі, пасля павярнуў галаву да вакна.
— Я не вінаваты, от. Гэта і скажу. Больш. Больш нічога. Не вінаваты. А раней было — тое сплыло.
Пад правым вокам у яго пачала трапятаць скура, ён зараз сядзеў увесь чырвоны і напружаны, сціснуты, быццам спружына, хоць ногі торгаліся, а рукі ён цяпер не проста цёр — моцна сціскаў пальцы па чарзе.
— Падлужны, калі вы не вінаваты ні ў чым, чаму ж так нервуецеся? — насмешліва спытаў я. — Калі вы не помніце, што за нагода была ў ведзьмы псаваць вашых кароў, ці не хочаце казаць, дык мы вам можам дапамагчы. Нагадаць вам пра далёкія гады, пра дзяўчыну Ганначку, якая прыязджала да вашай сястры і лячылася ў Зміцера. Помніце?
Нечакана для мяне Падлужны супакоіўся, унурыўся і замёр, быццам яго выключылі, з цела выйшла ўся сіла. Зірнуў мне ў вочы. Дзіўны быў у яго позірк, я не паспеў разгледзець, што было ў ім: нянавісць да мяне ці адчай, як ён зноў утаропіўся ў падлогу.
Тамара маўчала, і я зразумеў, што магу працягваць: эфект жа ад маіх слоў быў відавочным.
— Тады пачнём з Ганначкі, з тых часоў, — жорстка прадоўжыў я. — Жанчына сімпатызавала вам, але вы тады яе ігнаравалі. І ад безвыходнасці, ад адзіноты — яна ж была сіратой, у яе з блізкай радні нікога не засталося ў краіне — дзяўчына згадзілася выйсці замуж за чалавека, удвая за яе старэйшага, але спагадлівага — за свайго лекара, вясковага ведзьмака Зміцера. Прайшло колькі гадоў, яна нарадзіла, стала прывабнай жанчынай. І вы раптам вырашылі, што яна вам падабаецца. Вы пачалі яе пераследаваць, шукаць з ёй сустрэч сам-насам, прапаноўвалі кінуць старога Зміцера і выйсці за вас. У вас было што-небудзь з Ганначкай, Міхась Сямёнавіч?
Фермер маўчаў.
— Падлужны, гэта не гульня ва ўспаміны! — прыгразіў я, зірнуў на Тамару і на нейкі момант разгубіўся: яна безуважна глядзела за вакно, на лісце старой таполі, што трымцела ля шкла. — Падлужны, чуеце? — мусіў працягнуць я. Ну, не спыняцца ж мне з-за незразумелых капрызаў Тамары!
— Не было, — скрозь зубы літаральна працадзіў Падлужны.
— Не было нічога, акрамя таго выпадку ля рэчкі?
Падлужны не выпростваўся — ён неяк незвычайна быццам вырастаў са стула, раздаваўся ў плячах, выцягваў шыю. Нават праз адзенне адчувалася, як напяліся ўсе ягоныя мышцы. Кроў адхлынула ад яго твару.
— Хто?! Адкуль? — ён крыкнуў, як звер, які трапіў у пастку, але мяне ў гэты момант здзівіла незвычайная рэакцыя Тамары: яна рэзка адкінулася на спінку крэсла, паморшчылася, як прафесійны тэатральны глядач ад самадзейнай гульні на вялікай сцэне.
— Цішэй, цішэй, Падлужны. Бач, пачуцці ў яго загаварылі! — Тамара ўзвысіла голас. — А дзе раней яны былі? Шаленства розум засціла? Жанчыну на той свет адправіў!
— Я? — Падлужны вылупіў вочы.
— Ты! — грэбліва адказала Тамара, вытрасла цыгарэту з пачка, прыпаліла, зацягваючы паўзу. — Ты адправіў. Нам вядома. Яна вешацца стала, яе Зміцер з пятлі выхапіў, ды ўпала так, што. Вось так было.
— То ж Зміцер! Зміцер, усе казалі, пабіў быў. Вядзьмак ён. І я спужаўся тады.
Падлужны апаў, бы спушчаны шар. Ён выклікаў гідлівасць. Здаравенны мужык мармытаў апраўданні, да ўсяго — гучна зашморгаў носам.
— Сволачы вы, а не мужыкі! — вынесла прысуд Тамара. — Ты маці на вачах дачкі, лічы, згвалтаваў.
— Няпраўда! — закрычаў Падлужны роспачна і бездапаможна. — Няпраўда, — ціха паўтарыў. — У нас… яна… Ганулька не вырывалася. Так, я настойваў, схапіў. Не сілай. Не змог бы.