Ноч Цмока
- Автор: Гапеев Валерий Николаевич
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Детективная фантастика
Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
— Хадзем, — узняўся я.
— Куды? — з жывой цікавасцю зірнуў на мяне знізу Федарук.
— Да вашай жонкі.
— Яе няма. Яна хвілін колькі назад з сынам паехала адпачываць да нашых сяброў. Там лепшыя за нашы ўмовы, вада ў хаце гарачая.
— Як. паехала?
— На аўтамабілі. Сябра прыехаў і забраў, пакуль мы з вамі гаварылі.
Федарук зірнуў мне ў вочы. Не, там не было пераможнай радасці, толькі сум.
Я хутка выйшаў на вуліцу. Віктар паставіў машыну воддаль, у цянёк разлапістай ліпы. Ён драмаў, як звычайна.
— Да дома пад’язджаў аўтамабіль? — нервова спытаў я яго.
— Быў, — спакойна адказаў Віктар. — Сіні «мерс», стары. З дому выйшла жанчына з вялікай кашолкай, села ў яго і паехала. Хвілін пяць таму.
Я вярнуўся да альтанкі. Федарук нікуды не сыходзіў, заставаўся сядзець на месцы. Ссівелы, невялікага росту, самотны ў старым садзе, ён выклікаў у мяне цяпер адначасовае пачуццё жалю і гідлівасці. Інтэлігент, вучоны чалавек, а так сябе паводзіць.
— Вам не сорамна? — спытаў я прама.
— Не, — адказаў ён, узняўшы на мяне позірк. — Я ні ў чым вас не падмануў, быў шчырым.
Я прысеў і закурыў.
— Зрабіць яшчэ кавы? — прапанаваў Федарук.
— Не, дзякуй, — адмовіўся я. — А цяжарнасць вашай жонкі была зусім не выпадковай, так?
— Так.
— Дарослыя людзі. Сур’ёзныя. Навукоўцы. Будзеце хлусіць далей? Хавацца?
— Людзі, якія кахаюць адзін аднаго, зробяць усё, каб другі не лгаў.
Я памаўчаў. Разумеў словы Федарука: каб абараніць мужа, яго жонка можа з’ехаць у такое месца, пра якое ён сам ведаць не будзе. А далей?
Паўтарыў гэтыя думкі ў голас.
— Агульная бяда нашага народа, — са скрухай адгукнуўся Федарук, — не рабіць справу, а вышукваць складанасці, якія будуць потым. Не рабіць крок, а разважаць: ці будзе цвёрда пад нагамі. Ды што ўжо будзе, паважаны Васіль. Галоўнае — ёсць мэта. То і ісці да яе трэба. Кожны дзень, пакрысе. Пераадольваць цяжкасці тут і зараз, а не ламаць галаву над тым, чаго, магчыма, не будзе і праз месяц. У нас кожны — стратэг і тактык, таму не ідзём самі, а нас вядуць.
— Вам давядзецца вярнуць дзіця.
— Каму? — хутка спытаў Федарук.
— Дзяржаве. Там разбяруцца, — няўхільна адказаў я.
— Цмок не належыць дзяржаве. Дзяржава будзе належыць Цмоку, — Федарук прамовіў гэта з такой пранікнёнай пераканаўчасцю, як словы клятвы, і я ў той момант зразумеў: гэта галоўная справа яго жыцця.
— І што мне зараз рабіць з вамі? — з горкай усмешкай спытаў я. — Калі б вы сталі на маё месца?
— Кожны павінен быць на сваім месцы, — ухіліўся ад адказу Федарук.
— Адзінае я вам скажу яшчэ: мы з вамі гаварылі як. мужчыны, амаль па-сяброўску. У афіцыйных абставінах, мушу папярэдзіць, казаць магу іншае. Гледзячы што будзеце пытацца ў сваім кабінеце.
— Зразумела. Вы нікуды не збіраецеся знікаць сёння-заўтра?
— Не, абяцаю.
— Дзякуй. І апошняе тады: вы дакладна нічога не можаце патлумачыць адносна смерці Насці Грыцук?
— На жаль, не, — Федарук узняў на мяне вочы, нібыта для таго, каб я змог пераканацца ў шчырасці яго слоў. — Для мяне яе смерць сталася смерцю амаль дачкі.
— Няўжо для некага яна стала ворагам?
Федарук сеў прама, узняў галаву ўверх і сачыў за лістотай яблынь. Я чакаў. Нарэшце, не апускаючы галавы, ён прагаварыў:
— Пра цяжарнасць Насці ведалі толькі мы. Магчыма, нехта прагаварыўся. І даведаліся тыя, хто не хацеў нараджэння Цмока.
— Хто — тыя? Дык яна ж ужо нарадзіла! Які сэнс?
— Якое дзіця нарадзіла Насця, ведалі толькі чацвёра: яна сама, акушэрка, я і Волечка. Для астатніх яно памерла. Магчыма, Насцю, забілі, каб не паўтарылася спроба. Тыя забілі, хто, як і мы, ведаюць, што ў аснове міфа пра Цмока ляжыць ісціна.
16.
Жанчынам марна нешта даводзіць, нават калі ты следчы.
Тамара не стала слухаць мой аповед пра сустрэчу ў Ляўдку з Федаруком, не дала і слова сказаць:
— Потым. Падлужнага прывёз? Давай да мяне з ім.
Міхась Падлужны пачуваў сябе ў кабінеце пракурора вельмі няўтульна.
Зрэшты, гэта можна было патлумачыць. Вясковец, які прызвычаіўся да прасторы і сваіх простых і надзейных рэчаў, раптам апынуўся ў месцы, дзе адусюль дыхала строгай канцылярыяй: герб і сцяг, партрэт прэзідэнта, чорнае крэсла пракурора і сама Тамара Сяргееўна ў ім у сіняй форме — фрэнчы з пагонамі, безліч папер на стале, асобным стосікам — кодэксы. Яму, вялікаму і грузнаму, было цесна на стуле, ён не ведаў, куды падзець свае рукі, трымаў адна ў другой далоні і моцна паціраў. Мне падалося: яшчэ хвіліна — і мы пачуем рып скуры.