Ноч Цмока
- Автор: Гапеев Валерий Николаевич
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Детективная фантастика
Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
— Вы ж помніце міф, паважаны Васіль, яйка, якое знёс чорны певень, трэба тры гады насіць мужчыну пад пахай. Тады вылупіцца Цмок.
— І гэта значыць нешта? Мне расхацелася разгадваць загадкі.
— Выбачайце, калі ласка, я вас перамучыў. Гэта значыць: дзіця да трох гадоў павінна расці пад наглядам мужчыны, сям’і. І ніхто з чужых не павінен ведаць і бачыць дзіця. Ніхто. Міф не кажа непасрэдна пра неабходнасць выхавання яго маці.
— Чаму да трох? — толькі і знайшоў што спытаць я.
— Бо да такога ўзросту фарміруецца асоба чалавека. Нашы продкі тое ведалі і нам пераказалі. Вучы дзіця, пакуль папярок лавы ляжыць. Тады былі шырокія лавы.
Я памаўчаў, запытальным рухам дастаў пачак цыгарэт, пабачыў згодлівы ківок Федарука і закурыў.
— А вас. не задавальняе сённяшні кіраўнік краіны?
— Не, — проста адказаў Федарук. — Каб вы не пыталіся чаму, патлумачу адразу. Я, як і большасць тых, хто разумее сутнасць з’яў апошніх дзесяцігоддзяў у нашай дзяржаве, бачу працэс знішчэння беларусаў як нацыі. Не буду вам нічога тлумачыць больш, і спрачацца не будзем, гэта маё не меркаванне, а перакананне. Цяпер над краінай ноч. Сапраўдная ноч.
— Вам дрэнна жывецца? — спытаў я і сам адчуў літаральна пошласць свайго пытання.
Федарук не стаў стрымлівацца — ён паморшчыўся, як ад кіслага:
— Паважаны Васіль, вы зараз спыталіся з узроўню бамжа ці зацюканай бабулькі. Не рабіце больш так. Калі людзі кажуць, што іх хвалюе страта нацыянальнага складніка грамадствам, недаравальна разумнаму чалавеку пытацца пра іх матэрыяльнае становішча ці іншыя выгоды.
Я пачаў злавацца, каб прыглушыць сваю прыкрасць.
— Я быў па-за палітыкай і па-за ёй буду заставацца. Ведаю дакладна адно: ніякае дасягненне шчасця для ўсяго чалавецтва не можа быць апраўдана, калі яно будзе прычынай хаця б адной слязы дзіцяці. Бо калі дазволім адну слязу сёння, заўтра дазволім слёзы тысяч дзяцей. А тут — забойства!
— Прабачце, Васіль, нават я са сваёй навуковай дзейнасцю, якая тычыцца мінулага, не магу быць па-за палітыкай. А вы — вы маеце самую непасрэдную справу з яе вынікамі. Бо палітыка — штодзённае наша жыццё, а не толькі маніфестацыі і плошчы. Я не паверу, быццам вы не бачыце, з якой хуткасцю дэградуе грамадства па ўсіх кірунках, не заўважаеце росту бесчалавечных, невытлумачальных з’яў, якія сустракаюцца непасрэдна ў вашай прафесійнай дзейнасці. Вас не бянтэжаць дзікунства ўчынкаў, паўсюдная бездухоўнасць? Ці вы думаеце, што вас тое не тычыцца? Сёння — так, пакуль вы і ваша жыццё належаць толькі вам аднаму. А прыйдзе ж час — у вас будзе сям’я, дзеці. Так, тады вы паглядзіце на прычыны і наступствы інакш. Прабачце за чытанне вам маралі. Не будзем больш пра гэта, бо я дакладна зразумеў: нельга нікога давесці да асэнсавання рэчаіснасці словамі. Толькі сам чалавек даходзіць, праз свой вопыт.
Мне трэба было пытацца далей пра тое дзіця-гідрацэфала. А я не мог прагнаць ад сябе крыўднае пачуццё сваёй непаўнавартаснасці — менавіта яго я адчуў пасля слоў Федарука пра палітыку. Ён меў рацыю, як бы я ні пераконваў сябе ў іншым: я як следчы пракуратуры, меў самае непасрэднае дачыненне да палітыкі, бо менавіта яна давала мне работу. Мімаволі ўсплылі ў памяці «недакуркі» і сярод іх бамжыха, якая згарэла ў закінутай хаціне, тая жанчына, якая зарэзала свайго былога мужа пасля гвалту з сябе, старшакласнік, які здзейсніў суіцыд, бо не мог больш трываць п’яныя скандалы дома. І падобнага не становіцца меней. Кожны студэнт юрфака ведае: у Ісландыі ў асобныя гады няма ніводнага злачынцы ў адзінай на краіну турме — няма работы следчым! А мяне наша палітыка корміць, поіць і апранае. Я здолеў праглынуць прыкрасць — няхай сабе думае як хоча, у мяне свая праўда. Ды ўсё ж перайсці непасрэдна да справы, не задаўшы пытання, якое вярэдзіла душу, не змог.
— Паслухайце. Не будзем, сапраўды, абмяркоўваць стан рэчаў. Пра іншае хачу спытаць. Як вы, разумныя людзі, паверылі ў такі вось казачны спосаб нараджэння і выхавання нацыянальнага лідара? Гэта ж. далібог, для дзяцей!
Федарук моўчкі глядзеў на мяне, быццам вывучаў асаблівасці твару, потым пацягнуў да сябе ноўтбук і, пстрыкаючы мышкай, загаварыў:
— Паважаны Васіль, вось вы — следчы пракуратуры. Вы за сваё жыццё адказвалі за дзясяткі лёсаў людзей. Каб стаць следчым, вы вучыліся, атрымалі адпаведнае выхаванне. Але не кожны можа стаць следчым, нават калі і вучыцца надта добра, праўда? А вось прэзідэнт краіны. Ён у адказе за лёс нацыі, народа. Амаль дзясятак мільёнаў жыццяў. Адчуваеце розніцу, так? А цяпер скажыце: добра было б, калі б на пасаду следчага выбіралі галасаваннем?