Ноч Цмока
- Автор: Гапеев Валерий Николаевич
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Детективная фантастика
Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
— А я і не кажу пра згвалтаванне, — Тамара казала словы, як забівала цвікі. — А лепш было б, каб сапраўды згвалтаваў. Каб жанчына мужу хоць адкрылася, каб дзіця даравала маці, каб з табой па-свойму, па-вядзьмарску Зміцер разлічыўся!
— Са мной разлічыліся. Насця.
— І ты яе забіў?
— Калі б яна была чалавекам, не забіў бы, — стомлена, як з апошніх сіл, ціха прагаварыў Падлужны.
— А кім яна, па-твойму, была? — здзекліва перапытала Тамара. — Ведзьма не чалавек?
— Ласкай.
— Кім? — не вытрымаў, умяшаўся я.
— Ласачкай, — паўтарыў гэтак жа ціха Падлужны, стаў гаварыць, як кажуць пра сваю хваробу хранічна хворыя — без надзеі, але і без шкадавання: — Ласка ў хлеў забяжыць, па карове пачне бегаць. Той козытна, бегае ў агароджы, аж упадзе на ногі. Малако перагарае ўраз, мастыт потым. Уранні зойдзеш — у яе вочы чырвоныя, сама мокрая ажно, ледзь не кідаецца на цябе. Зміцер мог бы вылечыць, але ж не пойдзеш да яго. То адна дарога такой — на мясакамбінат. За апошнія гады чатырнаццаць кароў здаў. Купляў самых малочных у людзей спачатку, у тым годзе пародзістых набыў за валюту.
Начаваў у хляве. Тройчы ўпільноўваў, дык ці ты яе зловіш, ці чым патрапіш? Апошнія месяцы спакойна стала, я і падумаў: усё, перастала Насця мне помсціць. А тут бліжэй да поўначы неяк пайшаў да ветру, чую, як нервуецца карова. Заскочыў у хлеў. А яна так загулялася, што й мяне не пачула. І не збегла ў час. Вілы стаялі, як заўсёды, у куце, схапіў. Яна, ласачка, у той момант на сцяну кінулася, каб пад страху выскачыць, я і шпурнуў. І патрапіў таго разу. наскрозь зуб прайшоў. Спужаўся адразу. Яна. жывая яшчэ была. Панёс да Зміцера. Не хацеў я, каб яна памерла! Са злосці, з гарачкі шпурнуў вілы. Які ж гаспадар не шпурне? Да агарода Сцёпчыхі данёс, варушыцца пачала ў руцэ. Крыві амаль не было. Апусціў на мяжы ў траву, папаўзла. Я і пайшоў. пабег назад. Так было… — выдыхнуў стомлена Падлужны і замоўк.
Тамара таўкла недакуркам у попельніцы, маўчала. З хвіліну ў кабінеце было ціха, быццам тут нікога ўвогуле не было, нават нічыйго дыхання не было чуваць.
— Ідзі пасядзі ў прыёмнай, — загадала Падлужнаму Тамара. — Чакай там, нікуды не сыходзь.
Падлужны моўчкі выйшаў.
— Што ў цябе? — узняла на мяне вочы Тамара.
Я разгубіўся.
— Вы пра Федарука?
— А дзе ты яшчэ быў? — хмыкнула Тамара. — Коратка давай, я пасля паперы гляну.
— Я не апытваў яго. Размова была. Ён даў зразумець, што адмовіцца ад сваіх слоў. Амаль ад усяго.
— І многа ён нагаварыў?
— Калі коратка: група апантаных ідэяй займець для краіны нацыянальнага лідара ўзяла на ўзбраенне нейкі стары міф пра Цмока. Насця Грыцук як лесбіянка павінна была нарадзіць дзіця. Мінулай восенню наладзілі абрад, на якім урачыста ажанілі Яшчура — таго самага Андрэя Дылько — з Насцяй. Яна зацяжарыла. Адначасова зацяжарвае, прычым спецыяльна, як мне прызнаўся Федарук, яго жонка. Яна, як і Насця, нарадзіла там, у Ляўдку, роды прыняла акушэрка, член іхняй групы. Дзіця Федарукоў з’явілася на свет з гідрацэфаліяй і памерла. Вам жа перадаў эксперт паперы: група крыві дзіцяці сведчыць пра тое, што яго не магла нарадзіць Грыцук. Сапраўднае дзіця Насці забралі сабе Федарукі. Яны вырашылі выхоўваць яго ўпотай ад усіх, таму жонка Федарука, пакуль я з разяўленым ротам слухаў яго байкі, уцякла ў невядомым кірунку разам з дзіцем. Вось такія. казачкі.
— Зразумела. Слухай, мне на пенсію дакладна пара, — нечакана ўздыхнула шчыра Тамара і дадала з жалем: — Першы раз за столькі гадоў забыла кашалёк. Выручы па-сяброўску — схадзі купі шакаладку якую прыкусіць, ну, і бутэльку. Без ста грам нам не разабрацца.
Я, збіты з панталыку, выйшаў у прыёмную. Зіначка не глядзела ў мой бок, зацята ціснула на кнопкі клавіятуры. Мне стала сорамна. Падлужны сагнуўся у куце на стуле, безуважны да ўсяго.
— Налівай сам, — загадала-папрасіла Тамара, калі я вярнуўся з бутэлькай, шакаладкай і прычыніў дзверы.
Мы выпілі моўчкі, Тамара не стала браць кавалак шакаладкі, якую я паламаў, адразу закурыла.
— Нарэшце распагодзілася, — гледзячы за вакно, загаварыла яна. — Паеду на дачу сёння. Стамілася. Слухай, час абедзенны, ідзі сабе, адпачні. Я тут падрамлю ў крэсле. Апошнія ночы не сплю амаль.
Я паслухаўся адразу ж, устаў і выйшаў. І праўда, адчуў голад. Пайшоў на кватэру.
Не хацелася разважаць, думаць пра нешта. Я стаў адчуваць, як справа з гэтым дзіўным нараджэннем дзіцяці, смерцю Насці пачынае адыгрываць у маім жыцці нейкую асаблівую ролю. Амаль фізічна яна навісала нада мной незразумелым цяжарам, небяспечным для мяне асабіста. Не ў фізічным сэнсе. То была небяспека для маіх прафесійных правіл, звычак і норм, майго стаўлення да навакольнага свету. Нехта быццам падказваў мне: сёння ці заўтра трывалы падмурак маіх уяўленняў ператворыцца ў тую самую травяную посцілку пад нагамі, гатовую прарвацца ў багністую бездань у любы момант, калі я зраблю крок не туды, куды трэба. Я стаміўся, далібог, фізічна і маральна стаміўся ад гэтай гісторыі. Хацелася хутчэй закончыць усё. Але як? Як можна браць у справу такія вось паказанні Падлужнага? Каб цябе палічылі вар’ятам? Каб зрабіцца пасмешышчам на ўсю краіну, а тваё прозвішча разам са справай стала байкай для будучых студэнтаў юрфака?