Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:

Раман пачынаецца як класічны дэтэктыў: загадкавая смерць маладой жанчыны, сведкаў няма, слядоў таксама, сродак забойства нявызначаны. Далей высвятляецца, што забітая — лесбіянка, дачка мясцовага ведзьмака, сектантка, што нарадзіла за колькі дзён да смерці. Са звыклых дэтэктыўных рэек дзеянне збочвае ў гушчар містыкі.
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
1 ... 72 73 74 75 76 77 78 79 80 ... 90
Перейти на страницу:

— І рызыка, — лёгка, са скрухай згадзіўся Алесь Федарук, памаўчаў колькі, паціраючы сваю бараду, прадоўжыў: — Вось у вас, Васіль, ёсць такое разумение: няведанне законаў не вызваляе ад адказнасці, так?

— Так, канешне, гэта — адно з асноваў усіх заканадаўстваў свету.

 — І лухта ўсіх заканадаўстваў, бо такая норма супярэчыць агульначалавечаму! — выгукнуў пераканаўча Федарук. — Яшчэ дзве тысячы гадоў таму Хрыстос данёс галоўныя для ўсіх законнікаў словы: «Прабачце ім, бо яны не ведаюць, што робяць». Разумееце, Васіль? Адказнасць ляжыць не на тым, хто робіць, але не разумее, што робіць, але на тым, хто разумее, ведае, усведамляе, але не робіць! Вось галоўны стрыжань жыцця чалавека, які думае. Ты больш ведаеш і глыбей разумеет — на табе большая адказнасць. Звярніце ўвагу: Хрыстос не казаў пра магчымасці, але толькі пра веданне. Значыць, няма апраўданняў таму, хто сваё бяздзеянне хавае за сцяной штучных межаў для дзеяння. — Федарук нечакана панурыўся, абхапіў рукамі галаву. — Нам Васіль, не вам, а нам — інтэлігенцыі, творчай найперш, за ўсё і адказваць. Прыйдзе час. Ці можа на тым нейкім свеце, няважна, як яно там выглядаць будзе, можа, Пятро спытае, можа — на чашу паставяць, на патэльню, у бочку апусцяць, але ж… Не спытаюць рабочага ад станка і селяніна з касой: чаму яны між «Пагоняй» і больш-менш стабільным жабрацкім існаваннем выбралі апошняе. З нас спытаюць — з тых, хто ведаў, да чаго вядзе такі выбар. І з мяне самы галоўны суддзя спытае — мой нашчадак: чаму я, такі разумны, які ведаў усю значнасць нацыянальнага, не патлумачыў, не давёў тым рабочым і сялянам, што выбіраць трэба найперш сваё існае, а каўбаса танная — тое другаснае. Вось чаму, Васіль.

— Зразумела, — з сухой жорсткасцю выціснуў я, даючы Алесю Федаруку зразумець: наша інтэлігентная размова на тэму лідараў і лёсаў нацый завершана. Неспадзявана мяне кранулі яго словы. Я ўрэшце дакладна пабачыў тую прорву, якая ляжала між мной і Алесем Федаруком. Не спадчынная інтэлігентнасць, не веды і адукацыя, не шляхецтва ў паводзінах, а менавіта здольнасць адчуваць у сабе адказнасць за іншых, за краіну. Гэта было незвычайна, але ў нейкі момант і мне захацелася прычыніцца да такой звышзадачы: лёс нацыі. І тут хавалася ўся дылема: адказнасць адначасова і ўзвышала ў асабістых вачах, але ж і абавязвала, рабіла залежным ад нечага, цалкам пакуль незразумелага. Я пачуваў сябе вельмі некамфортна, таму зазалаваў. — Я выслухаў вас. Вы сказалі ўсё?

— Так, здаецца, так. Калі ў вас няма пытанняў.

— У мяне ёсць пытанні, але, баюся, яны куды больш дробныя, чым ваша жаданне выратаваць нацыю, — я не стаў хаваць свайго скепсісу да ўсяго пачутага. — Вы вырашайце свае задачы, а я буду свае. І калі вы — у межах закону, дык вам няма чаго баяцца адказваць шчыра.

— Я насамрэч зрабіў усё, што мог, — са скрухай адказаў Федарук. — Мне вельмі шкада. Хоць я і прадбачыў такі вынік нашай размовы. Я гатовы адказваць шчыра.

— Добра. Вы для ажыццяўлення сваёй ідэі нараджэння будучага нацыянальнага лідара ўгаварылі Насцю Грыцук зацяжарыць і нарадзіць дзіця?

— Так. Насця згадзілася.

— Вы абяцалі ёй грошы?

— Не, яна, у адрозненне ад вас, паверыла ў сваю місію.

— Бацькам дзіцяці быў Андрэй Дылько?

— Так.

— Дзе дзіця Насці Грыцук?

— Вам тлумачыла акушэрка: яно памерла.

Я ўспыхнуў:

— Мы ж дамаўляліся! Вы ведаеце, па крыві памерлае немаўля не магло быць народжана Насцяй Грыцук! Зноў гульня?

— Не гульня, — ціха, але ўпарта прагаварыў Федарук. — Па дакументах, якія былі складзены акушэркай Антанінай Русецкай, дзіця нарадзілася. нежыццяздольным.

— Вось як? Баюся, вам давядзецца адказваць за ілжывасць сваіх слоў, калі будзеце ўпарціцца, — прыгразіў я. — У вас у хаце дзіця? Чыё яно?

— Наша. Маё і Волечкіна.

— Ваша? — я гатовы быў закрычаць на яго. — Вы… Вы нарадзілі дзіця ў такім узросце?

— Так, — без эмоцый, гледзячы за маю спіну, адказаў Федарук. — Волечка зацяжарыла. І нарадзіла вось тут, але афіцыйна была на ўліку, вы можаце праверыць.

 — І не зрабіла аборт? Вы ж ведаеце, што нараджаць у такім узросце смяротна небяспечна для жанчыны, дый зношанасць арганізмаў мужа і жонкі, дзейнасць шкодных звычак за столькі гадоў жыцця, паломка генаў. Верагоднасць нараджэння здаровага дзіцяці менш за дзесяць працэнтаў, — заспяшаўся я, выказваючы сваё шчырае здзіўленне, і раптам змоўк — усё стала на месца. — Гэта ваша жонка нарадзіла гідрацэфала. А вы забралі сабе дзіця Насці.

Федарук маўчаў.

1 ... 72 73 74 75 76 77 78 79 80 ... 90
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)