Ноч Цмока
- Автор: Гапеев Валерий Николаевич
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Детективная фантастика
Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
У мяне засталося некалькі пытанняў, і адказ на іх я хачу пачуць ад вас. Як я зразумеў, вы тут галоўны, «Капітан», значыць, вы прыдумалі гэтую казку з Яшчурам, абрадам, нараджэннем Цмока. Я хачу ведаць, з якой мэтай вы ўгаварылі няшчасную дзяўчыну ці купілі яе згоду вынасіць дзіця. У вас, вучоных, я ведаю, хай дзіўныя, але вельмі канкрэтныя мэты. Тое немаўля, труп якога вёз на могілкі паэт, не Насця нарадзіла. Жанчына з першай групай крыві не можа мець дзіця з чацвёртай. Паколькі за ўсім стаіце вы, то дзіця Насці павінна быць у вас. Чыё дзіця вёз Дылько?
Я замаўчаў, даючы зразумець Федаруку, што чакаю ад яго адказу. Ён памарудзіў з хвіліну, некалькі разоў змочваў вусны кавай з кубка.
— Не казка гэта, шаноўны Васіль, — нарэшце выдыхнуў ён, адставіў кубак. — Вось вы вельмі правільна паклалі частку міфа на рэальную глебу. Вы ўжо прабачце мне. Давайце разам паспрабуем гэтак жа разабрацца з астатнім у міфе. Вам жа расказвалі: Цмок — істота загадкавая. Як яго прыручыць, дык будзе ахоўваць, прыносіць скарбы, бараніць ад ворагаў. Давайце глянем з практычнага боку, уявім, Цмок — не нейкая міфічная істота, а рэальная. Хто ёй можа быць? Хто бароніць, ахоўвае чалавека і прыносіць яму дабрабыт? Пры гэтым улічым вось які факт. Вам як чалавеку адукаванаму, вядомыя ж ліштвы на вокнах вяскоўцаў у мінулым. Ды і сёння дзе-нідзе засталіся яшчэ старыя разьбяныя. Вось той выкручасты ўзор наверсе на многіх ліштвах — гэта, шаноўны Васіль, выявы Цмокаў. Так-так, дзе надта моцна стылізаваныя, а дзе без праблем пазнаюцца крылатыя змеі — Цмокі.
Я вам крышку патлумачу яшчэ. Акно для нашых прашчураў — асаблівая рэч, выйсце ў іншасвет. З чыста практычнага боку — самае небяспечнае месца, бо праз яго ворагу так лёгка патрапіць у дом. Міф кажа нам, што выява Цмока над вокнамі — шанаванне магутнай сілы і адначасова разлік на яе спагаду. А з практычнага боку? Калі і ты, і я, і ён маем адзін знак, значыць, мы належым да нейкай супольнасці, так? Значыць, мы разлічваем на адну нейкую істоту. Атрымліваецца, той самы Цмок — наша агульная абарона і надзея на шчасце. А сёння на каго мы разлічваем, з кім звязваем спадзяванні? Ёсць у нас нешта, што было б знакам нашай супольнасці, што можна павесіць, напрыклад, у хаце?
— Абразы, — паціснуў я плячыма. — Разлічваем на Бога.
— Так, канешне, але ж рэлігія тут не трэба. Мы цвяроза думаем, мы стаім на рэальнай глебе.
— Тады дзяржаўны сцяг, — усміхнуўся я.
— Менавіта! — нечакана радасна ўсклікнуў Федарук. — Менавіта так і ёсць — і Цмок над вокнамі быў тым самым сцягам, агульным знакам!
— Дык Цмок — кіраўнік дзяржавы? — з сарказмам запытаўся я. — От вы далі.
— Тады не было дзяржавы ў нашым разуменні, — мякка запярэчыў Федарук. — Не кіраўнік, але галоўны. На каго разлічвалі, хто карыстаўся агульным аўтарытэтам. Быў самым моцным, але не проста фізічна моцным, а духам, розумам.
— Лідар?
— Так, лідар. Бачыце, вы самі дайшлі да разумнага тлумачэння Цмока. За сотні гадоў вынішчэння паганства той самы лідар, на якога спадзяваліся, які сапраўды даваў людзям лепшае за ранейшае жыццё, ператварыўся ў чароўную істоту, дабрабыт звёўся да скарбаў, воля — да абароны.
Я асэнсоўваў пачутае і не верыў: няўжо ён кажа сур’ёзна? Няўжо навуковец, інтэлігент, разумны і адэкватны чалавек насамрэч вырашыў.
— Вы вырашылі з дапамогай Насці нарадзіць нашай краіне лідара? Будучага прэзідэнта?
Я быў настолькі ашаломлены агучанай высновай, што нават не ўсміхнуўся.
— Але ж Шліман паверыў у Трою, — без усмешкі адказаў Федарук. — Але ж чорны певень змог знесці яйка.
— Чакайце, чакайце. Вы сур’ёзна кажаце? Вы — навуковец.
— Менавіта таму, што я навуковец, я ўсё кажу і раблю сур’ёзна.
— Добра, няхай так. Значыць, план ваш цяпер ясны і зразумелы: Насця нарадзіла Цмока. Хто яе забіў?
Федарук уздрыгнуў ад майго жорсткага пытання.
— Не ведаю. Кажу праўду: мы самі вельмі. напужаныя. Мы не разумеем, хто і чаму яе забіў.
— Ну як жа? Забі маці Цмока — хто яго будзе гадаваць? Развальваецца ваш. эксперымент па гадаванні прэзідэнтаў.